Але аднойчы пабачыў Усяслаў, што пісаў вучоны грэк у свой папірус мясцовыя рэцэпты — як здымае ліхаманку квашанае цеста, як лечыць загнаенне мяккі зялёны мох, якога так многа ў тутэйшых лясах. Пабачыў і пашкадаваў — чаму не паслаў у Візантыю, у царгародскую акадэмію, кемлівага хлопца-палачаніна? I, пашкадаваўшы, зрабіў гэта. Але ці хутка вернецца Азарка, ці вернецца ён увогуле? Чуў ад купцоў, якія прыязджалі з Цар-горада, быццам зусім асвойтаўся Азарка з мясцовымі норавамі, марыць папасці ў двор да самога васілеўса і начыста адмаўляе ўсё сваё, роднае...
...Прайшло некалькі тыдняў, і паднялі ноччу князя: абрабавалі нейкія прышлыя людзі купцоў на Гоцкім двары. Моцнай і высокай была агароджа на двары готаў, днём і ноччу каравулілі ўнутры ўзброеныя кнехты, і калі хто з кнехтаў каравуліў дрэнна, то плаціў ён купцам да пятнаццаці куп, апроч таго, бегалі штопоч у двары вялізныя калматыя сабакі — кожны ледзь не з цяля ростам, маглі яны разарваць любога, хто паквапіцца на багацце купцоў. Аднак і сабакі ляжалі атручаныя, і кнехты з баявымі сваімі сякерамі ляжалі парубленыя, а прышлыя людзі, што назваліся сёння па прыездзе купцамі ноўгарадскімі, пагрузілі парабаванае ў лодкі, што былі прывязаны да вымалу [14], і паплылі супраць ночы ў бок, процілеглы таму, якім навінны былі ад'язджаць ноўгарадчане... Рваў на сабе валасы тысяцкі, што не праверыў граматы прыезджых, адклаў на заўтрашні дзень, таму што захварэў яго сын адзіны... Паслаў Усяслаў ладдзі воінскія за разбойнікамі, толькі ці дагоняць іх, невядома, а з казны трэба куны плаціць готам, каб няславу загладзіць.
Толькі пад раніцу вызваліўся ён. Едучы дадому, спыніўся каля Палоты — вымыцца халоднай вадою, каб прагнаць стому. Роснай травой пайшоў напрасткі да ракі, здымаючы каптан і меч, з якім не разлучаўся. А калі падышоў да Палоты, убачыў у скупым перадсвітальным змроку блізка ля сябе жаночую постаць. Ці чараўніца гэта, ці беражніца [15] ці віслена [16], што сп'яну заблудзілася?
— Гэй, хто там? — крыкнуў нягучна.
Грыдні імгненна кінуліся туды, па хаду вымаючы мячы, быццам магла адзінокая жанчына зрабіць што ліхое князю. I тады пачуўся голас, ад якога здрыганулася ў ім сэрца:
— Гэта я, Расанка, гаспадзін! Скажы грыдням, каб не краналі мяне.
— Назад!— крыкнуў ён, і грыдні, як ганчакі, паслухмяна адступілі пазад.
— Што ты тут робіш?— сурова запытаўся ён, калі дзяўчына падышла бліжэй.— Ведаеш сама, што валхваваннем і чараўніцтвам забаронена займацца. I я не выратую, калі ўзбурыцца епіскап, дый не хачу з ім сварыцца — пакуль, хаця і кіеўскі ён прыхвасцень. Ды што табе казаць пра гэта!
— Чаму ж, я разумею,— сказала яна працяжна.— Я разумею, але не валхваваннем займаюся. Траву вось нясу хворым.
Яна паказала вязку жаўтаватых кветак. Моцныя, упартыя іх сцябліны былі звязаны лутохай — ліповай карой.
— Бачыш, якая. А лячыць трэба да ўсходу Ярылы, іначай сілу сваю згубіць.
— Што ж гэта за трава? — Усяслаў нагнуўся, спрабуючы разгледзець яе.
— Кроў спыняе, печань супакойвае і крывавыя паносы сцішае. Многае яна можа,— адказала Расанка. Яна нахілілася, паправіла лычак [17]. - Замерзла. Ногі мокрыя.
— Здалёку ішла?
— Здалёку.
— А адкуль?
Яна змоўчала.
— Баішся, што капішча тваё епіскапу выдам?
— Баюся, княжа,— проста сказала Расанка.
— А хворы хоць хто?
— Сын тысяцкага, Івор.
— Тысяцкі цябе запрашае?! — не паверыў Усяслаў.— Лекару майму не давярае, а да цябе звяртаецца?
— Не сварыся на яго, княжа. Ведаў ён бацьку майго і, хаця хрысціўся ў царкве, Перуну ахвяры прыносіць, як і раней.
— Цяжка тут епіскапу,— чамусьці ўздыхнуў Усяслаў.— I мне цяжка...
— Епіскап тут чужы, а ты свой. Людзі табе давяраюць. Чакаюць ад цябе, што лягчэй жыць ім стане.
— Хіба мала раблю для княства Полацкага?
— Мала, княжа, мала. Палюддзе не зменшыў ты, а павялічыў...
— Калі ў казне грошай не будзе, кожны, хто захоча, княства заваюе. Яраславічы даўно на Полацак глядзяць прагнымі вачыма, наўгародцы таксама толькі і чакаюць, калі за паходы Брачыслававы могуць з намі сквітацца.