Выбрать главу

Але ў самых далёкіх кутках Полаччыны захаваецца і гэтая назва — расанка...

НАБЕГ

Вечарамі, праходзячы ля борцяў, заўважаў Алёшка, што пчолы працуюць не як заўсёды, дружна лятуць да ліпы і назад; над калодаю шмат абібокаў адчайна гудуць, нібы сварацца. Ён усміхнуўся: нагадалі яму растрывожаныя пчолы полацкае веча, калі быў на ім апошні раз. Крычаў пачырванелы ад гневу тысяцкі — не далі столькі, як патрэбна, вояў Кажэвенная і Абутковая вуліцы, а купцы, што з мячамі, стаялі тут жа, гаманілі між сабою, што збіраецца іх да портаў раздзець князь Усяслаў, бо каменная Сафія патрабуе ўсё повыя сарокі [18] сабалёў і вавёрак, новыя обалы жалеза і купы, купы [19]... Дзякуй вялікаму Стрыбогу, усё гэта цяпер далёка — і тысяцкі, і цівуны. Жывецца яму тут ненамнога лягчэй, чым калісьці ў селішчы ля Полацака, ды затое вальготна, свабодна. Ніхто не стаіць над табой з бізуном — няхай так будзе заўсёды!

А пчолы бесталкова таўкліся ля калоды, нібыта залез да іх пчаладзёр — з тых, што абіраюць чужыя борці. Гэта мог быць толькі аблог [20], і таму вечарам, памыўшыся на ноч, Алёшка паказаў сямейным, сыну ды нявестцы, каб заўтра нікуды не ішлі з хаты — ні па ягады, ні на загатоўку борцяў, а нацягалі раненька з крыніцы колькі кадушак вады ды добра вымыліся самі.

Ледзь толькі ўзнялося над лагчынаю чырвонае Ярыла, ля хаты заварушыліся — пабегла за кароваю ў лес малая ўнучка, ляскаючы пугай па зараселых кустах і весела скачучы ля зялёнага, нявыспелага жыта, што, заціснутае лесам, квола, але дружна пачало каласіцца. Як заціснутая магутнымі дубамі і ялінамі, стаяла ў лагчыне і хата, ля якой ціха звінела і булькатала лясная рэчачка, што пачыналася непадалёку адсюль. У ёй шмат вёснаў назад упершыню вымачыў Алёшка зерне і рабіў так тры ранішнія зары — і што ж? На лапіку зямлі, тады зусім малым, толькі што выпаленым, такое вымахала жыта, што і дасюль помніць Алёшка смак першай лусты хлеба. У крыніцы ж мылася Дасада, нявестка. Перад тым як абвёў іх з сынам жрэц вакол свяшчэннага дуба, замову ён сказаў старадаўнюю: «мыю я чырвоную дзеўку з загорнага студзянца ключавою вадою, сціраю я з чырвонай дзеўкі ўсе ўзарокі з прызарокамі» — і колькі жывуць разам — не нагледзішся на маладых. Вось і цяпер — толькі падоена карова, а сын з нявесткаю ўжо ідуць ад крыпіцы, узяліся за рукі,. і валасы ў абодвух не прасохлі яшчэ — у Дасады — цёмна-русыя, у Івашкі — мяккія і светлыя.

— Годзе, годзе мілавацца,— буркатліва загаварыў Алёшка, адной рукой гладзячы белую бараду, другой моцна трымаючы венік.— Ты бяры клякотку [21] Дасадушка, а ты, сыне, ля борцяў бярозкі паўтыкай...

Сам ён падхапіў прынесеную Івашкам кадку з вадою і таропка пайшоў да борцяў, дзе насіліся ў паветры непакорныя пчолы, што хацелі адысціся ад сваёй пчалінай сям'і і цяпер выманьвалі з борці матак.

Першая матка выпаўзла, калі Івашка тыцнуў у зямлю апошнюю бярозку. Алёшка борзда злавіў яе яшчэ на лятку, загнаў у матачнік. Другую матку злавіць ён не паспеў — тая ўжо разам з роем пасела на адно з пастаўленых сынам дрэўцаў. I адразу загуў рой, збіраючыся ў дарогу. Тым часам Дасада з усяе сілы біла ў клякотку, і Алёшка праворна трасянуў на рой мокрым венікам, і той, аглушаны, як перад навальніцай, абкружыў з усіх бакоў матку і клубком павіс на галінцы. Алёшка перадаў сыну драўляную клетку-матачніцу — пчолы трывожна гулі над імі — і, асцярожненька выцягнуўшы дрэўца з мяккай зямлі, панёс рой у раёўню [22]. Ссыпаўшы туды клубок, ён абвязаў раёўню лясёнкай і панёс яе ў хату, каб вечарам адшукаць у ім матку і перанесці ў новую борць. Але паляванне за пчоламі не закончылася: пад трэцяй борцю зноў закружыўся рой, і Дасада зноў закруціла сваю клякотку — шум аглушаў пчол.

Ніхто з іх не пачуў тупату коней, што нечакана паказаліся з лесу. Атрад воінаў з баявымі сякерамі, у наглуха зашпіленых чырвоных ахабенях [23] абкружыў Алёшку і маладых.

— Чые вы?— строга спытаўся галоўны — з усмешлівымі вачамі на загарэлым твары — дружыннік.

«Чые вы? — гэтага пытання баяўся Алёшка ўсе нялёгкія, але вольныя гады, што пражыў ён у адзінокай лясной лагчыне, як зацёртай між балотаў, збегшы аднойчы з селішча, дзе хацеў быў цівун забраць з сабою маладуго жонку Алёшкі. Тут ён зрабіў сабе хату, дзе нарадзіўся Івашка, тут год за годам выпальваў ляда і сеяў жыта, не мерачы нікому долі, тут збіраў мёд і рабіў свечы, што раз у год вазіў на продаж — і таксама не аддаючы нікому свайго, заробленага... і вось не абараніў Стрыбог — дайшлі да яго князевы слугі!

вернуться

18

Сарокі – мера звярыных шкурак.

вернуться

19

Купы – грошы ў старадаўняй Русі.

вернуться

20

Аблог — калі пчолы збіраюцца пакінуць вулей.

вернуться

21

Клякотка – калатушка.

вернуться

22

Раёўня – карушка з бяросты.

вернуться

23

Ахабень — каптан.