Выбрать главу

Мы ішлі з ёй па пустэльнай дарозе, галодныя, спадзеючыся толькі на цуда. Я ведаў ужо, што гэта божы гнеў прайшоў над нашай вёскай Азяродамі, што страшная Мара-чума забрала ўсіх блізкіх — бацьку, сястрычак, дзядзьку... Усе, хто ўцалеў пасля чумы, разбрыліся хто куды, таму што пан, наш гаспадар, нікому не дазволіў ні заставацца ў Азяродах, ні блізка падыходзіць да ягонага двара. Божы гнеў не мінуў і нас з матуляй: яна, страціўшы розум, не ачуняла болей і памерла па дарозе ў Вільню, куды мы накіраваліся. Я не ведаў, куды ісці; і так крочыў і крочыў наперад, пакуль не апынуўся ў горадзе. Пасля прасіў міласціну на віленскіх вуліцах, пакуль і сам не зваліўся без памяці каля сцен касцёла святой Ганны. Помпіцца, што ў той вечар ішоў моцны дождж, вада ручаямі цякла па бруку, падала аднекуль зверху, і мяне абдавала хвалямі то холаду, то нясцерпнай гарачыні. Мроілася мне, што побач матуля, вясёлая, прыгожая, як у Азяродах. Гладзіць мяне шурпатай даланёй на галаве, спявае нейкую песню, і ад таго шурпатая каменная сцяна, за якую я хапаўся, здавалася мне цёплай і ўтульнай сцяной нашай хаты, дзе добра пахла смалой і мохам...

I так паміраў я і пасля ўжо не адчуваў ні гарачыні, ні холаду. Паміраў — але не памёр. Бо міма якраз праходзіў той, хто падабраў мяне, вылечыў сваімі малітвамі, бо наўрад ці памагаў мне застацца на гэтым свеце лекар, які моршчыўся і адварочваў нос ад хама, якім мяне называлі яшчэ доўга. Спачатку гучна, пасля ўпотай, бо мой выратавальнік не толькі загадаў, каб лячыў мяне лекар, але і прывёў пасля да ісціннай веры, перахрысціў і новае імя даў. Стаў я Франэкам — а спачатку быў Лаўрынам. Быў жабраком — а стаў вучнем арганіста пры касцёле святой Ганны, бо так хацелася яго міласці. А хто мог пярэчыць у чым каралеўскаму прапаведніку, рэктару духоўнай акадэміі, славутаму Пятру Скарзе!

Пасля яго міласць накіраваў мяне да вядомага Джэраніма, рэгента хору Вісліцкага касцёла — касцёла самога вялікага караля Сігізмунда, бо адкрыліся ў мяне, божай літасцю, вялікія здольнасці. Там навучыўся я законам складання музыкі, спазнаў, як утаймоўваць гукі, што, здавалася, кіпелі ўва мне!

О, я да скону буду ганарыцца тым, што музыку маю слухаў і сам кароль! Але гэта было пасля; а да таго не раз наведваўся ў касцёл яго міласць, пан рэктар, пытаўся пра мае поспехі і ласкава гаварыў, што адчуваю я бажэсцвенныя сферы музыкі, многае мне падуладна, але прарываецца ў маіх тварэннях нешта халопскае, мірское. Я і сам разумеў, што вінаваты, але ж адчуваў, што яны таксама ўдзень і ўначы гучаць ува мне, плачуць і лашчаць... Яны, песні маёй маці...

А днём сядзеш за арган — скрозь магутныя гукі гімна, харала, фугі нячутна прарастаюць, як першае жыта скрозь цвёрдую скарынку зямлі, падслуханыя ў сне «Ой рана на Йвана», «На лузе каліна чырвононькая...». Сам не разумеў, калі пальцы пачыналі слухацца не нотных значкоў, а гукаў тых далёкіх, і вось ужо несліся яны па ўсяму касцёлу, і быццам душа мая таксама ўзнімалася ўвысь.

Можа, ад таго я і не стаў панам, не паддаўся празе багацця і раскошы, не пераўвасобіўся ў аднаго з тых, хто прыходзіць слухаць маю ігру. Меў бы, калі б хацеў, многа грошай — але навошта мне яны? Не так і многа трэба чалавеку для шчасця, голым прыйшоў ён у гэты свет — такім і вернецца назад, ва ўлонне зямлі.

Ёсць у мяне мая работа, і шмат напісаў за сваё жыццё касцельных гімнаў, харалаў, мес. Іх іграюць у касцёлах, яны, запісаныя на паперу, пералятаюць межы каралеўства.

Але ёсць яшчэ тыя, пра якія не ведае ніхто. Запісаныя яны ў тоненькі сшытак, які хаваю кожны раз, калі выходжу з дому. Іх складаю ўпотай, на старэнькай фісгармоніі, якую паставіў у цесным пакойчыку. А хто прачытае іх, хто прайграе — не ведаю. Няма вакол нікога, каму мог бы даверыць іх, бо харалы гэтыя пра зямлю маю, пра мае Азяроды, пра народ, забіты і забыты богам, народ, які не мае нават свайго імя...

Толькі мой Мацэліус слухае яе.

Саромеюся я гэтай музыкі свае і гапаруся ёю. Хаваю ад усіх — і гатовы аддаць першаму, у кім яна адгукнецца маім болем; удзячны за ўсе яго міласці, майму духоўнаму настаўніку — і ненавіджу яго часам да звону ў скронях.

I так жыву, раздвойваюся на часткі. Іграю тое, за што атрымліваго почасці і славу, а пасля службы спяшаюся хутчэй на ўскраіну Вільні. Спапяляючая, шалёная радасць авалодвае сэрцам, калі саджуся за свой інструмент, калі пакойчык мой напаўняецца гукамі забытых песняў... вечнымі гукамі песняў маёй маці...