...Вечарам, пасля памінак, ён пайшоў да Каці. Злосць і горыч віравалі ў ім, і трэба было за нешта зачапіцца, даць ім выйсце. Якое — не ведаў. Ведаў, што трэба ўбачыць яе,— і пайшоў. Што будзе далей — не думаў.
Нікога не было відно каля яе хаты, але весніцы, калі ён патузаў за клямку, былі зачыненыя. Ён тузануў мацней — прабой выскачыў, са звонам паляцеў на асфальтаваную дарожку. I амаль адразу ж, як бы стоячы за дзвярыма і чакаючы яго, на ганак выскачыла немаладая жанчына ў сіняй жакетцы і квяцістай, крыху зашмальцаванай сукенцы.
— Чаго табе тутака? — загаварыла яна, як здалося яму, спалохана.
— Дзе яна? — цяжка запытаў Васіль. Хмель торгаўся ў ім, хацелася крычаць, упасці на зямлю і забіцца ў роспачным крыку.
— Чаго табе трэба, кажу! — жанчына загаварыла грамчэй і як бы голасам выклікаючы некага — суседзяў ці проста каго з вуліцы. I ад гэтага голасу, ад перасцярогі і страху, які чытаўся ў яе вачах, Васіль як азвярэў:
— Дзе яна, сучка гэтая! Ты думаеш — не дабяруся да яе? Хай адкажа, што яна такое Цімку сказала, чаго ён тапіцца пабег?!
Ён зрабіў крок, павёў рукой,— і жанчына, як пёрка, адляцела прэч.
— А ратуйце, людзі! Людцы мілыя, ратуйце! — загаманіла яна, спрабуючы адцягнуць Васіля ад дзвярэй. Але ён ударыў нагой у дзверы, і яны расчыніліся. Каця, у адной сарочцы, стаяла пасярэдзіне пакоя, аблітая электрычным святлом, якое — Васіль паспеў гэта заўважыць, толькі што загарэлася. Яна жмурыла пачырванелыя вочы, і погляд яе быў суровы і бясстраншы. Ён нават сумеўся ад гэтага погляду, але тут жа адчай і нянавісць зноў падступілі да горла.
— Ну, кажы! — падступіў ён да дзяўчыны, і рукі яго падняліся, як бы хочучы схапіць яе за горла.
Каця стаяла гэтак жа нерухома, толькі вусны яе ўздрыгпулі ў нейкай грымасе, нібыта яна пакрывілася ад плачу. Але тут жа ў пакой уляцела маці.
— Што ты пачуць хочаш? Што ад яе чакаеш? Ці ж яна вінавата ў чым? Ці ж ёй сваіх пакут не хапае?!
— Хай скажа, з-за чаго Цімка...— сутарга перахапіла Васілёва горла.
— А ці ж яна ведае? Ці ёй да Цімкі таго было, хай зямля яму пухам будзе! — перахрысцілася яна ў запале.— У яе сваё гора!
Яна падскочыла да Каці, нялоўка схапіла цёмнай, спрацаванай рукой беласнежную сарочку, абцягнула на дачцэ. Васіль уздрыгнуў: Кацін жывот пуката выдаваўся наперад.
— Жывое ўжо там, а ты кажаш — Цімка!
— Чыё ж гэта? — глуха спытаўся ён, адразу ахаладзеўшы і адчуваючы пустату пад грудзьмі.
— Іванава! — горка скрывіла вусны Каця. Яна забрала ад маці сарочку, акуратна абцягнула яе і пакіравалася да ложка, толькі цяпер як бы засаромеўшыся, таму што схапіла халацік і прыкрылася ім, толькі дробна трымцелі рукі.
— Дык жа... Іван...
— Ды ведаем мы — з Валькай Іванчуковай ходзіць! — жанчына таксама як бы ахаладзела і ўжо гаварыла спакойна, толькі вочы яе ўсё напаўняліся слязьмі, і яна ціха выцірала іх далоняй, як падціраючы над вачамі.— Усё ж было ў іх з Кацяй добра. Ды нешта нагаварылі хлопцу. Як сурочылі. А можа, і праўда хто пазайздросціў, сурочыў... Як адвярнула Івана...
Васіль стаяў пасярэдзіпе хаты. Уласныя словы, сказаныя некалі Івану на танцавальнай пляцоўцы, у лёгкай, радаснай гамане, сярод выфранчаных дзяўчат і хлопцаў, ажывалі ў ім. «Не! Не,— закрычала нешта ў душы,— глупства, ці мала хто і без мяне мог нагаварыць на Кацю!» «А чаму і не? — спытаўся ў ім голас.— Чаму б і не твае словы, ударыўшы па Каці, вярнуліся — праз самае блізкае, Цімку? Жорсткасць Івана выклікала і Каціну жорсткасць, ёй было на кім адыграцца...»
Ён крутануўся і амаль вылецеў з хаты. Жанчыны праводзілі яго позіркамі — адна крыўдліва, з пакутай, другая засяроджана і як бы сурова. Ціха было на ўтульнай вулачцы, пахла і маладой бульбай, і зямлёй — якраз так пахла на могілках. I новы прыступ болю сагнуў яго тут, дзе так ласкава ў вокнах гарэлі агні, а ўверсе далёкія зоркі мігатліва перагаворваліся аб нечым, і нейкая закаханая пара, убачыўшы яго, схавалася за дрэва. Іграла музыка на тапцавальнай пляцоўцы, непадалёку з пласцінкі гарззліва спявала Пугачова:
Гэта зорнае, цёплае лета адпусціла ад сябе Цімку — назаўсёды... Не прынясе яму зайчык нічога — ні цукеркі, ні братавай цеплыні, якая не атуліла ў той момант, не зберагла.