Выбрать главу

Васіль паволі ішоў па мяккай каляіне, што выбілі ў зямлі аўтамабільныя колы. I жорсткая ісціна, што ніхто не ўтрымае ад памылак, за якія плаціць толькі самому, што кожны крок можа адгукнуцца ў нейчым лёсе, нараджалася ў ім. Бачылася яму Верачка — і як быццам адыходзіла ўсё далей і далей. Адыходзілі ганарлівыя, самазадаволеныя хлопцы, чыімі думкамі так даражыў,— што было ўсё гэта перад безданню, якая адкрылася перад ім з Цімкавай смерцю і глядзела цяпер на яго, дыхала нетутэйшым холадам?! Ён ішоў, не ведаючы, як справіцца з тым холадам, з болем, што не адпускаў, з пачуццём вялікай незразумелай віны...

ВЯРТАННЕ

Яшчэ па пачатку лета тут, на вузкай, цяністай вуліцы, дзе прама да школы выходзілі, нібы выбягалі тоўстыя, каржакаватыя сосны, паставілі пад лёгкім драўляным навесам вялікую свежавыструганую бочку з півам.

Ці то, можа, не хапала на піўзаводзе цыстэрнаў, ці адолела каго замілаванне да былых часоў, калі піва нават у гарадскіх ларках прадавалася вось у такіх бочках, ці, урэшце, былі на гэта нейкія невядомыя прычыны, але бочка бурштынава свяцілася драўлянымі бакамі, бачная здалёку. I ў ёй, у адрозненне ад металічных цыстэрнаў, заўсёды было свежае піва, якое напаўпяла бочку як бы само сабой. I прадаўшчыца, якая то стаяла, то сядзела побач,— была нейкаю асабліваю, непадобнай да іншых.

Прыпамсі, так падумаў Пінчук, калі ўпершышо ўбачыў яе — бялявую моцную трыццацігадовую жанчыну, якая хутка, амаль пепрыкметна, мяняла бакалы і шклянкі, ажыўлена перагаворвалася з мужчынамі, пабліскваючы зеленаватымі вачамі і нібы незнарок выстаўляючы круглыя каленкі, шчыльна абцягнутыя капронавымі панчохамі.

Вось гэта дзівацтва — тое, што, нягледзячы на гарачыню, на расшпілены болы халат, ногі яе былі ў капроне і модных скураных, з раменьчыкамі і ліштвамі пантофлях, і зацікавіла перш-наперш Пінчука. У ёй, гэтай жанчыне, адчувалася парода — і ў тым, як ускідвала яна коратка абстрыжаныя, акуратна завітыя валасы, у тым, як гаварыла — весела, але з ледзь улоўнай насмешлівай іроніяй, і нават у тым, што завушніцы ў яе былі не такія — бліскучыя, з вялізнымі каменнямі, як у іншых, а нейкія асаблівыя — біруза, акуратна ўпраўленая ў ажурнае ўлонне.

Пінчуку здавалася, што ён адчувае гэтую «пароду» — таямнічую якасць, аб якой: усе вушы пратрубіла пакойная жонка, пастаянна звяртаючы некалі ягоную ўвагу на складаную, хітрую механіку жаночай прыгажосці.

Жонка была полькай і, відаць, валодала гэтай механікай дасканала, бо ўсё жыццё была нейкім эталонам для акружаючых жанчын, хаця не была ні надта прыгожай, ні надта яркай. Таму Пінчук, непрыкметна і насуперак уласнаму жаданню, стаў звяртаць увагу на тыя дробязі, якія раней былі проста не даступныя і не цікавыя яму, сялянскаму хлопцу, што доўга не хацеў ні ў чым мяняць свае простыя, немудрагелістыя патрабаванні да жыцця.

Затое цяпер, ідучы да школы і вяртаючыся дадому, ён запавольваў крокі, калі бачыў прадаўшчыцу, каля якой заўсёды тоўпіліся мужчыны. Адны таропка апаражнялі бакал за бакалам, другія ляніва смакталі піва, седзячы ў цяньку на бярвеннях.

Пінчук не любіў піва, ніколі не піў яго, але апошнім часам надта заваблівым стала здавацца яму гэтае лянівае мужчынскае безрабоцце. Мабыць, добра было вось так сядзець у цяньку, трымаючы вільготны келіх з цёмна-карычневаю вадкасцю. Няяркае сонца, што прабівалася скрозь сосны, запальвала на граненых баках келіха іскрынкі, прымушала свяціцца само піва. I аднойчы ён рашыўся: падышоў да бочкі, выстаяў невялікую чаргу і, працягнуўшы дробязь, атрымаў свой бакал. Ён глытнуў тут жа, каля бочкі, нібы саромеючыся вакольных, але нехта прымусіў яго пацясніцца: «Месца табе не хапае, ці што?» — і ён таропка папрасіў прабачэння, адышоў да агароджы, дзе ўладкаваліся мужчыны. Ніхто з іх не звяртаў асаблівай увагі на Пінчука — яны гаманілі пра міжнародную палітыку. Пасля размовы пайшлі пра апошні футболыты матч, нечаканы пройгрыш сталічнага «Дынама». Усчалася невялікая спрэчка. Пінчук, прыслухоўваючыся да гамонкі, адзінока стаяў убаку.

Прадаўшчыца, як заўсёды лоўка мяняючы бакалы і адгукаючыся на рэплікі мужчын, паглядала на Піпчука з лёгкай усмешкай, і ён разгубіўся — стаў таропка, глыток за глытком, піць прахалоднае піва, не адчуваючы смаку, а калі задыхнуўся і перавёў дыханне, убачыў — піва пралілося на светлыя штапы, вільготная палоска сцякала ўніз, па калене.

— Давайце я вытру,— сказала прадаўшчыца і, дастаўшы з кішэні насоўку, памкнулася да Пінчука.

— Не, дзякуй, я сам! — паспрабаваў ён адмовіцца, але яна лоўка, як усё, што рабіла, пахілілася да яго і, змачыўшы насоўку ў вадзе, стала хутка церці пляму.