— Не старайцеся, не ўспомніце,— прагаварыла жанчына крышку як бы разачаравана.— А я якраз вам свой букет уручала — белыя вялікія такія гваздзікі. Мы з мамай іх на рынку выбіралі, каб самыя лепшыя былі. Мама вельмі клапацілася, каб у мяне было прыгажэйшае, лепшае...
I дадала ўжо са смехам:
— А вы мяне за тое ў галаву пацалавалі.
— Калі гэта было?
— Даўно...— сум, як цень, пабег на яе твар.— Часам здаецца, што зусім у другім жыцці. У Дзень Перамогі.
— А ўсё ж? — ён дапытваўся, як быццам пільна трэба было аднавіць усе падрабязнасці іх даўняй сустрэчы, калі яна, відаць, была яшчэ школьніцай.
— Я тады ў сёмы клас хадзіла,— працягвала Галіна.— Упершыню даверылі кветкі ўручыць ветэрану. Я ж раней троечніцай была, а тут вырвалася амаль у выдатніцы.
Ён спрабаваў успомніць, пра які Дзень Перамогі яна гаворыць. Ды іх было ўжо не так і мала, тых святаў. Дзесяцігоддзі напластоўваліся адно на адно, жыццё пайшло з паскарэннем. Праўда, у тыя дзесяць — пятнаццаць гадоў назад, пра якія яна гаворыць, ён дужа здзіўляў усіх сваім занадта маладым для ветэрана выглядам. Пінчук прывык да здзіўлення: не кожнаму будзеш расказваць, што на вайну пайшоў шаснаццацігадовым, быў разведчыкам, а пасля камандзірам разведкі ў партызанскім атрадзе. I хаця двойчы паранены, узнагароджаны ордэнам, не кожнаму пакажаш блізны на целе. Дый узнагароды свае доўгія гады ўвогуле не насіў — не тое каб саромеўся, але неяк не прынята гэта было ў тыя гады. Занадта многа было тады хлопцаў, якім грудзі трэба было пашыраць, каб змясціць усе ўзнагароды. З гадамі франтавікоў заставалася ўсё меней, і апошнія гады, усё болей і болей прыкметна, стала назірацца нейкае як бы аднаўленне мінулага, цікавасць да яго. Нібыта нешта скранулася ў самім часе ці пачынаўся нейкі новы віток спіралі — але ўзнагароды вымаліся з запаветных шкатулак, новая плынь мемуарнай літаратуры прабівалася на старонкі выданняў, ажывала тое, што, здавалася, крэпка засела ў тым, даўно мінулым, але незабыўным часе маладосці...
I цяпер, гледзячы на яе ружовы, з дробненькімі маршчынкамі твар, ён адчуваў, якія немагчымыя напластаванні часу аддзяляюць іх адно ад другога.
Калі яна падбягала да яго сямікласніцай, Уладзік хадзіў у чацвёрты-пяты клас, а яны з Вандай толькі пачалі жыць у дастатку, хай сабе і невялікім. Каб была яна жывою, ён бы, каненше, не пакутаваў ад адзіноты, а пачуваў бы сябе яшчэ маладым, поўным сіл, жаданым...
Яна спынілася, зазірнула яму ў вочы і зноў усміхнулася, як тады, калі насоўкай выцірала пляму. Усміхнулася так, нібы ведала сілу сваёй усмешкі, сваёй жаноцкай абаяльнасці. I зноў яму стала нечакана добра і лёгка на душы.
— Вы ж і зараз яшчэ малады, Іван Пятровіч,— вымавіла яна пераканаўча.— Праўда, дальбог, малады...
Яны і не заўважылі, што сонца амаль схавалася за невялікімі шэрымі хмаркамі, і толькі калі пырснулі на цёплы пыл, на цяжкія сонныя вішні за агароджамі першыя кроплі дажджу, абодва пачалі разгублена азірацца па баках, быццам не ведаючы, што ж цяпер рабіць.
Галіна рашуча пацягнула яго за руку.
— Хадземце туды! — Яна паказала на цяжкую драўляную браму з масіўным навесам.— Хутчэй, зараз хлыне!
Яны памкнуліся да брамы. Дождж таксама нібыта кінуўся за імі, спрабуючы нагнаць адзінокіх на гэтай напаўвясковай вуліцы мужчыну і жанчыну.
Пінчук, хаця і падумаў спачатку, якой жа абаронай можа быць ім гэтая брама, аднак цяпер, стоячы пад навесам, пераканаўся, што кроплі амаль не дастаюць іх. У глыбіні двара тым часам заліўся звонкім, крыху пакрыўджаным брэхам невялікі сабака.
— Што ім тут ахоўваць, ды яшчэ з сабакам? — здзівілася Галіна.
Яна паспрабавала ласкава загаварыць з сабакам, але цюлька, улавіўшы, мабыць, ненатуральнасць ласкавага яе голасу, заліўся яшчэ больш адчайным віскатам, так што з суседняга дома выйшла старая і, нягледзячы на дождж, спрабавала разгледзець, на каго брэша сабака.
— Як што ахоўваць? Вунь агарод які, а вунь і гараж! — прыжмурыўшыся, Пінчук азіраў глухую агароджу, абцягнутую зверху дротам.— У вайну, бывала, пакуль дастукаешся ў такую хату!
Яны стаялі, шчыльна прыціскаючыся да драўлянай брамы. Дождж, малады, па-летняму хуткі, змываў з сонных дрэў ускраіннай вуліцы мяккі пыл, барабаніў па дахах, пеністымі струменьчыкамі ўжо бег па вуліцы.
Запахла вільготнай зямлёй. Сабака змоўк, толькі час ад часу глуха і непрымірыма бурчаў з будана. Першыя промні сонца выпырснулі з-за шэрых хмар, і вокны суседняй хаты заблішчалі, абмытыя кароткімі, пругкімі струменьчыкамі. Тоўстыя сакаўныя касачы стаялі, выцягнуўшы вострыя трохгранныя лісты, па якіх іскрыліся кроплі вады.