I раптам нешта як нахлынула на яе — убачыла шаснаццацігадовага падлетка, які паўзе, бяжыць па полі, ратуючыся ад смерці, што слепа і прагна шукае яго! Слёзы пакаціліся па твары, яна хутка торкнулася ў кішэню, шукаючы насоўку, і адвярнулася.
— Ну што ты...— ён падышоў, абняў за плечы.
— Знаеш...— яна гаварыла парывіста, з усхліпамі.— Майму сыну таксама... праз тры гады... будзе шаснаццаць.
Пінчук здзівіўся, не адразу разумеючы.
Яна плакала, а ён бачыў, што светлыя вочы Галіны не цьмянелі — наадварот, нібы нейкая заслона сыходзіла з твару, які рабіўся мяккім, даверлівым.
I тады ён раптам ясна ўбачыў і ўспомніў тую дзяўчынку, што бегла да яго праз плошчу, і яшчэ ярчэй успыхнула ў памяці — тады нядаўна прайшла навальніца, і пад небакраем толькі што паказалася буйная, рознакаляровая, абмытая дажджом вясёлка...
ПЕРАКАТ
Дзевяцігадовага Васю Шкуцьку канчаткова прывезлі з вобласці ў раённую бальніцу — як безнадзейнага.
Замучаны бясконцымі ўколамі, працэдурамі і даследаваннямі, Вася абыякава сядзеў у прыёмным пакоі, паклаўшы бледныя караткапалыя рукі на шэрыя штаны і ўсёй спіной абапіраючыся на белую слізкую сцяну. Непрыкметны твар яго, з носам кірпатым і кароткім, як бульбіна, з шэрым, як кудзеля, чубам, быў спакойны і адрачоны. Толькі калі ля акон спынілася «хуткая» і адтуль, коратка і жвава скочыўшы на зямлю, прайшла ў кабінет галоўурача мажная шыракатварая кабета, ён уздрыгнуў і прыўзняўся. Калі ж з-за тонкай фанернай сцяны данёсся да яго рэзкі, непрыветны голас — на твары яго слаба зачырванеліся плямкі. Жанчына наступала:
— А дзе ж мне за ім глядзець? Самі ведаеце — лён вязуць і вязуць, днямі сяджу на складзе. Не-е, хай ён у вас застаецца! Не маеце права хворага аддаваць! Што? Вы ўрачы, вы і лячыце!
Дзяжурная медсястра скоса зірнула на Васю і ўключыла радыё. Але голас з карычневага карабка быў занадта слабы ў параўнанні з голасам кабеты:
— Ды я разуме-ею! Гэта... не тое што тавар непрыгодны, а чалавек... гэта праўда! Але ж вы спярва яго вылечыце! Як гэта — не можаце? А мне чаго з ім рабіць?!
— Трэба ж, якія маці бываюць! — паківала галавой медсястра і, выцягнуўшы з кішэні цукерку, уціснула яе ў Васіну руку, і немаладыя блакітныя яе вочы пачырванелі і заслязіліся.— Ну што? Відаць, зноў табе быць у нас, хлопча.— Яна адчыніла дзверы і, не чакаючы загаду галоўурача, крыкнула ў расчыненыя дзверы:
— Іванаўна! Хлапчукоўскую бялізну сюды давайце! I ванну рыхтуйце!
Вася стаў жыць у трэцяй палаце — невялікім, на чатыры ложкі, пакоі, што размяшчаўся ў бакоўцы, насупраць перавязачнай і аперацыйнай. Раз у тыдзень, у чацвер, у аперацыйнай з раніцы рабілася тлумна: туды заклапочана заходзіў галоўурач — малады таўставаты бландзін,— за ім яшчэ кагорта ўрачоў, медсясцёр — і да самага вечара нешта рыпела, ляскатала, шыпела ў аперацыйнай, міма дзвярэй Васінай палаты праязджала белая цялежка — туды, пасля назад. Часам бывалі і няпланавыя аперацыі, і тады Вася прачынаўся ад шоргату і галасоў і да самай раніцы не спаў, слухаючы, як ціха перагаворваюцца, выходзячы, хірург і медсястра:
— Кетгуту паболей выпішыце...
— Сасуд зафантаніраваў...
Пасля, прыбраўшы пакой, выходзілі нянечкі, Іванаўна, смачна пазяхаючы, скардзілася на дзяцей:
— Паглядзелі б яны, як кроў чалавечая льецца, можа, маці болей шкадавалі б!
А калі ізноў цішэла, Вася слухаў, як рыпіць за акном сасна.
Соснаў вакол бальніцы было шмат, але яны раслі гуртам, а гэтая, каржакаватая і няўклюдная, узабралася на пагорак, што горбіўся перад палатай, і стаяла там наверсе адна. Калі паднімаўся сівер і гайдаў сосны ўнізе, ёй даставалася найболей: кожную галіну яе выгінала і выкручвала, вяршаліну дробна калаціла, і здавалася, вось-вось пераломіцца жывучы, непакорны ствол. У такія дні буйны калючы вецер, нібыта па даліне, ляцеў па рэчышчы Нёмана і, узвіваючыся ўверх з цясніны, крутымі лютаўскімі завірухамі віраваў па беразе. Пагорак захіляў бальніцу ад завеяў, і толькі ў самую непагадзь, калі неба дакраналася да вяршаліны адзінокай сасны, шаргаталі па шкле акна цяжкія змяістыя снежныя струмені. I заўсёды — ці паднімаўся над сасной ясны марозны маладзік, ці з віскатам неслася над ёй хмара — нешта не то рыпела ў ёй, не то надрыўна кашляла. Можа, гэта вінаватая была нейкая галіна — хворая, напаўссечаная, якая ніяк не хацела паміраць і ўсё чаплялася за мацярынскі ствол, а можа, сама сасна незмаўкальным сваім рыпеннем спрачалася з лёсам, як старая буркатлівая цётка, праклінаючы яго і адначасна скардзячыся яму ж... У такія ночы Васю хацелася ўстаць, пайсці да сасны і суцяшаць яе, прыціснуўшыся галавой да шурпатага карычневага ствала. Ён часцяком чуў, як хворыя суцяшалі адзін аднаго, скардзячыся на куды цяжэйшыя, чым у субяседніка, хваробы. У думках гаворачы з сасной, ён расказваў ёй, што хутка памрэ, таму што ад яго адмовіліся ўсе дактары, не ведаючы, як лячыць ягоную хваробу, што галоўурач Тамаш Кузьміч трымае яго ў палаце проста па дабраце сваёй. Пасля такіх размоў з сасной Вася, падстаўляючы насустрач востраму бліскучаму джалу шпрыца сваю худую, вялую руку, перавязанаю вышэй локця гумавым жгутам, разважліва гаварыў медсястры: