— Няўжо ў Нёман заходзяць? Чаго?
— Так ужо ім прырода загадала: нераставаць толькі ў прэснай вадзе. А ікра ў яго надта смачная!
— Ніколі я не бачыў асятроў,— разважліва загаварыў Аляксандр.— Ану, дай паглядзець, дзед!
— Гэта мая палка! — бяскроўнымі пальцамі ўчапіўся за палку Вася.— Мая! Я сам... буду глядзець.
— Ну, раз гаворыць «мая» — значыць, не памрэ пакуль,— скурчыўшыся, калюча засмяяўся Аляксандр. Яго бойкія вочы зацьмянелі.— Эх, даў бы я табе зараз, ды ўстаць не магу!
— Што вы ўсё: «памрэ — не памрэ!»,— дзед Цімох абцёр свае вусы, і Вася ўпершыню заўважыў, што яны не зусім белыя, а пракураныя і ад таго нібыта пазялёненыя.— Чаго яму паміраць? Ён яшчэ сваю пазыку не аддаў, не аддзячыў, значыцца, жыццю за тое, што яго на свет выправілі!
— Якая аддзяка, дзед? — пасмяяўся Аляксандр.— Смерць, яна ўсіх малоціць, не разбірае, аддае хто якія запазычанасці ці не. Скажам, мяне. Запраста магло кокнуць — а хіба мне на той свет так не церпіцца?
— Вось цябе жыццё і папярэдзіла, каб ведаў, што да чаго. Каб думаў — а як даўгі аддаваць будзеш? Як далей жыць?
— Скажаш... Што табе жыццё — гэта служба, ці што?
— Служба? Гэта ты добра сказаў, сынок. Калі ты ёсць на сваім месцы, карысць прыносіш — цябе на службе трымаюць. А не — дык ідзі на пенсію!
— А я... Што я павінен адрабляць? — ціха запытаўся Вася.— Чым, дзед Цімох?
— Адкуль я ведаю, малец? Я адно скажу: жыццё — яно кожнаму заданне дае. Як ні станавіся дубака — мусіш думаць: для чаго на свет прыйшоў?
— Ну, а Сямёнавіч нашто прыйшоў? — пасміхаўся Аляксандр.
— Сямёнавіч? Ну, пэўна, як воўк — каб людзі не адвучыліся бегаць. Чуў, нябось: зайцы і тыя без воўка бегаць не хочуць. Лянуюцца, хай на іх немач!
— Гэта хто воўк? — высунуўся з-за дзвярэй Сямёнавіч.— Ізноў, стары, брэшаш?
— Чаго мне брахаць? Можа, скажаш, і праўда не воўк? Нашто жонку мучыш? Кожны раз як прыйдзе — раве ад цябе. А кумпяк пашто кад коўдраю ясі? Усё роўна ні я, ні Аляксандр во... ні Васюта... кавалка ў цябе не возьмуць. Хоць папросіш — не возьмем.
— Папрашу, чакай! Вас многа тут. А чалавек — ён не для іншых, а для сябе жыве. Для сябе, зразумела?
У палаце запанавала маўчанне.
— Дзед Цімох, а дзед Цімох! — паклікаў Вася.
— Ну, чаго табе, хлопча?
— Ці праўду вы кажаце: пакуль не выканае чалавек свой абавязак — не памрэ?
Сямёнавіч адкрыў быў рот, але паглядзеў на дзеда — і змоўчаў.
— Нягож! — з перакананнем вымавіў дзед Цімох.— Ніколі не памрэ. Праўда, Аляксандра?
Аляксандр перавёў позірк з дзеда на Васю — і апусціў вочы.
— Само сабой.— I, з натугай паварушыўшыся, дадаў, заплюшчваючы вочы: — Каб жа ведаць, што там за абавязак!
...Упартая, злосная іскрынка жыцця ніяк не хацела згаснуць у худых, касцістых грудзях Васі Шкуцькі; нейкая таямнічая, не зразумелая для акаляючых сіла раздзьмувала яе.
З таго дня, як дзед Цімох падарыў хлопчыку палку з выразаным на мядзянай кары асятром, прайшло нямала часу. Закусціліся, закучаравіліся светла-зялёным цёмныя лакіраваныя сасновыя яліны, з крутых бакоў пагорка вылезлі і распушыліся чабор і сон-трава, а вярба пад вокнамі раскудзелілася жоўтымі каташкамі, над якімі шчыравалі пчолы і чмялі. Аляксандр даўно выпісаўся з бальніцы, але часта зазіраў у акно да Сашы, калі яна дзяжурыла, і Вася не-не дый чуў ягоны бесклапотна-нахабнаваты рогат і шчабятлівы голас медсястры, якія несліся ў бакоўку. Сямёнавіч пасля аперацыі трапіў у іншую палату, I ў чацвёртай засталіся дзед Цімох і Вася. Дзед яшчэ болей схуднеў, піжамы віселі на ім, як на пудзіле, але заставаўся, як звычайна, гаваркім і цікаўным і ўсё выразаў на яловых і бярозавых кругляках вясёлых звяркоў і дарыў іх кожнаму, хто пажадае.
Пасля сняданку ў бакоўцы бывала ціха і пустэльна: усе, хто мог рухацца, ішлі на двор бальніцы, пад сосны, дзе ў пясок былі ўкапаны шырокія драўляныя лавы, пафарбаваныя ў вясёлы чырвоны колер. Тыя, хто адчуваў сябе лепей, уцякалі і далей да самага абрыву, дзе загаралі амаль пад самай чыгуннай агароджай, падстаўляючы яркаму сонцу паблажэлыя за зіму твары. У прэсны пах бальніцы ўрываўся цяпер жывы, капрызны водар першых вясновых кветак і вільготная вохнасць маладых рачных водарасцей. Саша цяпер прыходзіла на работу шчаслівая і няўважлівая, яе ўколы былі асабліва балючымі.
Палка цяпер была з ім пастаянна, яна ляжала пад коўдрай, і доўгі касцісты асяцёр, з дробнымі цвёрдымі шчыткамі на галаве і пад хрыбтом, пачарнеў, зальсніўся і ад гэтага нібыта стаў бліжэйшы, раднейшы. Вася шкадаваў яго: як ні трэба было асцерагацца людзей, але прырода загадвала яму па тры месяцы адыходзіць са свайго бяскрайняга мора ў вузкія абмялелыя рэкі, дзе так лёгка было злавіць вялізную рыбіну. Была ў гэтым тая ж несправядлівасць, якую так востра адчуў хлопчык у белую туманную ноч, і таму магутная рыбіна, самая старажытная на Зямлі, здавалася яму яшчэ больш кволай і безабароннай, чым ён сам, а з гэтага вынікала, што ён, Вася, таксама можа нешта здзейсніць у жыцці — напрыклад... напрыклад, стаць абаронцам рыбіны. Можа, якраз у гэтым і быў той таямнічы абавязак перад жыццём, пра які гаварыў дзед Цімох і які толькі адзін і здольны ўратаваць чалавека?