— Не парві!.. Глыбей!
Раптоўна адзін з мужчын разагнуўся, угледзеўся ў хлопчыка і супакоена працягваў работу. З брызентавага скрутка ён дастаў чорную капронавую сетку I асцярожна раскатваў яе на траве. Другі мужчына пайшоў да перакату, палкай вымяраючы глыбіню. Пругкая, імклівая плынь ірвала багор з ягоных рук, і было відно, што ён раздумвае, куды ямчэй паставіць сетку. Некалькі разоў ён азірнуўся на траву, дзе ляжаў невад. Вася пазнаў таго, хто важдаўся з капронавым сілом: гэта быў іхны сусед Іванчук. Заўважыўшы, што яго разглядаюць, Іванчук узняў галаву:
— Ну, чаго стаў, праходзь! Чаго не бачыў?
— Браканьераў...— Вася жахнуўся, пачуўшы свае ціхія словы. Тут жа ён пажадаў, каб іх не пачулі, але было позна: абодва мужчыны ўтаропіліся ў яго.
— Каго, каго? Ану, паўтары! — высокі, у шэрым світэры Іванчук ступіў да хлопчыка, сціскаючы кулакі, налітыя сілай і злосцю.
— Кінь ты, не бачыш: псіх. З бальніцы,— разважыў другі, з шастом.
— А вар'ят, дык няхай сядзіць у сваёй бальніцы! — Іванчук, як кацяня, прыўзняў Васю і паставіў яго далей, за некалькі крокаў, лёганька ткнуўшы яго ў плечы, ад чаго той тырчком паляцеў на мокрую траву.— Халера, яшчэ разважае тут!
Ён пайшоў да сеткі. Прыўзнімаючыся, Вася бачыў, як упэўнена і злосна ходзяць лапаткі пад тоўстай — самаробнай — вязкай. Праглынуўшы горкую, кляістую сліну, ён гучна сказаў у спіну Іванчуку:
— Думаеце, я вас не пазнаў? Во пайду зараз і пазваню, што вы асятроў ловіце!
Вася не ведаў, куды званіць, ды гэта было і не важна: Іванчук падскочыў, шырокі яго, мажны твар пабялеў ад нечаканасці:
— Ды ты што, ашалеў, крапіўнік? Якія асятры?! Пайшоў адсюль, а то зараз на матацыкле закачу ў бальніцу, так табе ў... уклеяць, будзеш ведаць!
— А чаго? Бяры яго зараз у каляску! — нетаропка папалохаў другі.— Не бачыш — збег з бальніцы! Чый гэта — не Анюты-прыёмшчыцы?
— Яе, здаецца. Якая маці, такі і байструк. Ну, каму сказана — прэч адгэтуль!
Вася скалануўся, пачуўшы пра маці, але супакоіўся, тут жа разважыўшы, што ніхто нікуды яго не павязе: надта мітусяцца Іванчук і яго напарнік, няма ў іх часу на нешта іншае, чым паляванне на рыбін. I было відно: тое, што трапіць у сетку, яны не выпусцяць! Але ж ідзе нераставанне! Значыць, ісці на раку з такой дробнай сеткай нельга — Вася ведаў тое з размоў таго ж дзеда Цімоха.
Ён адчуваў, як дрыжаць ногі, як дробнае трымценне падступае да вуснаў. Як навальваецца на яго прадчуванне непрытомнасці. Сонца ўсё не ўставала, хаця даўно наступіў ягоны час, а чорныя, цяжкія завіткі хмараў усё гусцелі і гусцелі пад галавой, выпаўзаючы з-за гарызонта, і гэтак жа гусцеў у галаве пах водарасцей, што ішоў ад вады.
— Я... усім раскажу. Усім! — варочаў ён непаслухмяным языком.— Браканьер вы, а не...
— Во прывязаўся на нашу галаву! — пахітаў галавой напарнік Іванчука.— Можа, далей ад'едземся, сусед? Не хапала, каб людзі пасля боўталі...
— Не, не! Каму ён раскажа? Ён здохне раней, хіба ты не бачыш?
Тонкі, ледзь чутны стукат маторкі данёсся з-за павароту. Мужчыны трывожна паднялі галовы.
— Ці не рыбнагляд? — прыслухоўваўся Іванчук.— Там малады хлопец, новы.
— Казаў табе — не будзе ў нас сёння ўдачы. Сон дрэнны бачыў, дый жонка папярэджвала...
— Сон, сон! Баба ты сам, ці што? А маторка нейкая незнаёмая. Халера на яе! Можа, і праўду ад'едземся?
Скрозь сінюю смугу, што гусцела ў вачах, Вася глядзеў, як таропка збіралі яны сетку, як, спяшаючыся, кідалі яе ў матацыкл і, закрыўшы брызентам, самі масціліся на матацыкле. Ён маўкліва прасіў іх: «Хутчэй!», таму што сілы ў яго заставалася толькі на тое, каб падысці да вады і развітацца з тым, што напэўна ў апошні раз бачылі вочы: імклівыя струмені вады, вільготныя цёмна-зялёныя валуны, каля якіх завіваліся шалёныя белыя бурунчыкі, і над усім — грознае, непрыветнае неба і цёмная заслона блізкага дажджу. Працягнуўшы рукі, ён пайшоў да вады, і — ці здалося, ці сапраўды адбылося — у бурлівай, нястомнай плыні мільганулі доўгія сілуэты дзіўных, ніколі не бачаных ім рыбін.
I тады неўтаймоўная, шалёная радасць паднялася ў ім. Нічога ўжо болей не баючыся, ён памкнуўся насустрач блізкай, жывой заслоне дажджу, усім целам убіраючы магутную, велічную сілу стыхіі, што асляпляльным раскатам разарвала насцярожаную ціш зямлі.