Выбрать главу

Ён не ўтрымаўся на нагах, упаў на цёплую мяккую глебу, паспеўшы адчуць на спіне гарачыя, вар'яцкія струмені дажджу, не ведаючы, што непрытомнасць яго пяройдзе ў глыбокі, не прадбачаны нікім з дактароў сон і што ён адчайным намаганнем перарваў страшнае, ужо абведзенае вакол яго жыцця кола, і цяпер, атторгнутага, зямля, дождж І вецер прынялі яго нанова ў свой вечны кругаварот, каб мог ён выканаць тое, для чаго прыйшоў у свет, каб мог жыць і адчуваць сябе шчаслівым на зямлі...

ДВАЦЦАЦЬ ХВІЛІН З НЕМЕЗІДАЙ

Гэты дзень быў такі ж, як і папярэднія. Я ціха прыбрала ў кватэры, выцерла кнігі на паліцы, пасля паехала да краўчыхі. Трэба было б зазірнуць у бібліятэку — я даўно не бачыла навінак, але Вера прызначыла час, а яе час быў абмежаваны: добрых краўчых куды меней, чымся нас, жонак, хатніх гаспадынь. Не паспела зняць паліто — пазваніла Таццяна, таямнічым шэптам падзялілася навіной — у яе завёўся «мілы друг», ёй патрэбен рэцэпт якой-небудзь маскі.

Пакуль пагаварыла з Таццянай, сцямнела, і цяпер заставалася толькі згатаваць вячэру, перамяніць халат на сукенку, уладкавацца на капапе і чакаць Сяргея.

Я чытала новы раман Гессэ, а ў галаве круціліся яшчэ і лянівыя думкі пра дачку, якую на канікулы забрала ў Маскву маці, і пра мужа, якому паспела разы тры пазваніць на тэлестудыю і крышку пасварыцца — з-за нейкай драбязы. Спакойна цікалі два гадзіннікі, дамавік, мабыць, спаў лагодным сном у нейкім сваім гняздзе за шафай, і раптоўны званок трывожна і злавесна ўварваўся ў цішыню. Званілі з бальніцы. Малады дзявочы голас дзёрзка кінуў:

— Ваш муж прасіў пазваніць. Ён у аперацыйнай. Не хвалюйцеся!

Я ледзь паспела спытаць у яе нумар бальніцы, і яна гахнула трубкай. Тут жа я атрымала і новую вымову — ад дыспетчара таксі, які не разумеў назвы нашай вуліцы...

I толькі амаль у непрытомнасці апрануўшыся, зачыніўшы кватэру і выбегшы на двор, я здзівілася таму, што тэлефонны званок з бальніцы абрынуўся на мяне, як шматтонны вадаспад, пад які трапляе неасцярожны плывец. Прынамсі, я трымалася на нагах, з гарачкі, не болей хвіліны, а пасля знясілена асунулася на драўляную лаву, дзе вечарамі любяць сядзець пенсіянеркі з нашага пад'езда, нястомна перамываючы костачкі бліжнім.

I ўсё ж горача пякло ў грудзях, падступала да сэрца. Што гэта са мной? Няўжо я так баюся страціць Сяргея?

За Сяргеем я — нібы за каменнай сцяной. Так гавораць мне ўсе знаёмыя, так сцвярджае сам Сяргей. Нарэшце, гэта ведаю я і сама. З якога пункту гледжання ні паглядзі — мой шлюб аказаўся ўдалы. Надзіва ўдалы. Проста надзіва.

Што гэта так доўга няма таксі? Колькі там ужо прайшло? Тры хвіліны? Не можа быць! Хутчэй бы давесці ўсё да поўнай яснасці. Усё-ткі ёсць жа нейкая небяспека! Удавой я не хачу заставацца. Ні ў якім разе! Б-р-р! Сяброўкі прыводзяць да цябе лысаватых мужыкоў, якія грэбліва п'юць чай і разважаюць пра вершы Ясеніна, абмацваючы цэпкімі вачыма ўсе падрабязнасці тваёй фігуры і прыкідваючы варыянты сумы тваёй і ягонай жыллёвай плошчы. Тыя ж сяброўкі сякуць вачыма кожны твой рух, а таксама і кожны рух сваіх уласных гаспадароў — калі ты па наіўнасці або глупству адгукнешся на іхнія запрашэнні і пойдзеш святкаваць, скажам, Новы год у кампанію жанатых людзей. ...Не! Ні ўдавой, ні разведзенай быць я не хачу — досыць нагледзелася. Жанчыны дабіваюцца самастойнасці ўсімі сваімі сіламі. Пасля гэтыя барацьбіткі абліваюць слязьмі тваё плячо і гадзінамі вісяць на тваім тэлефоне, молячы памірыць іх са сваімі новымі Атэла, якіх яны ўрэшце кідаюць, каб шукаць чарговую чулую душу. Усе гады свайго шчаслівага сямейнага жыцця я старалася агарадзіць сябе каменнай сцяной: парады вам — калі ласка! Рэцэпты страў, касметыкі, усялякага шытва — калі ласка! Але не хачу я лезці ў вашы душы і не хачу, каб вы лезлі ў маю. Напачатку, праўда, я рабіла такое глупства: мірыла некага, ездзіла, даказвала. Адну чуллівую дамачку з кінастудыі пакідала ў сябе начаваць, суцяшала яе. Халацік свой давала ёй, сарочку начную, супчыкі варыла для яе спецыяльныя — курыныя. Ажно пакуль Светачка не пачала шукаць суцяшэння яшчэ і ў Сярожы. Не, скандалу я не чыніла: не стану ж я даваць хвіліны шчасця цёцям Гашам з лавачкі! Я акуратненька сабрала яе шмоткі — Сярожы дома, дзякуй богу, не было — і далікатна выставіла чамадан за дзверы. Светачка глядзела на мае кіпцюры і маўчала. Вейкі яе так і трапяталіся, наманікюраныя пальчыкі дрыжалі, а твар збялеў, ад чаго ён выглядаў надзіва натхнёным. Божа мой, чаму ёй так падабаўся Сяргей?