...Божа мой, пра што я гавару, пра што думаю, калі мой муж ляжыць у непрытомнасці, і невядома, што з ім такое, і невядома, ці прыйдзе гэтая калымага, ці бегчы на вуліцу і кідацца пад першую ж машыну, бо не надта яны цяпер спыняюцца, гэтыя прыватныя машыны, хаця б ты памірала тут жа, на вуліцы. Асабліва цяпер, познім вечарам. Добры вечар, суседзі! Не, нічога, вам падалося. Проста чакаю.
Сняжынкі плавяцца, падаючы на шчокі. Снегапад, які ён белы і святочны ў іскрыстым святле ліхтароў! Прырода святкуе нейкае сваё свята, і справы няма ёй да нашых радасцей і нягод. Ёсць жа шчаслівыя людзі, якія знаходзяць сябе ў еднасці з ёю! Я — дзіця горада, і мне, магчыма, ніколі не адчуць сябе сам-насам з навакольным, я губляюся, калі не адчуваю вакол выратавальнай цеснаты, а калі я аднойчы апынулася ў полі адна, то ледзь не памерла ад страху. Можа, таму помсціць нам прырода: нашы мускулы сталі нягоднымі, мы развучыліся нармальна раджаць і, каб не дактары... Што да мяне, то я часамі зайздрошчу вольнай, імклівай жаночай паходцы, не сцесненай высачэзнымі абцасамі — так рэдка бачыш яе цяпер! Мая Яўсціся бярэ з мяне прыклад: яна ўжо цікавіцца маркамі духоў і дзеяннем «Ландатону» і перанімае сакрэты жаночай абаяльнасці... Іменна такія «сакрэты» і робяць мяне такой удалай парай (на думку нашых сяброў) гэткаму чалавеку, як Сяргей...
Першыя гады знаёмыя дамы ўсё распытвалі, чым трымаю Сяргея: не піток, па жанчынах не хадок, і іншае, і іншае... Мужчыны ж меркавалі, што ведаюць, у чым сакрэт: «Ды вы на яе самую паглядзіце! Трэба быць дурнем, каб бегаць ад такой жанчыны!» Але ісціна, мне здаецца, была ў іншым: Сяргей ішоў угору, ішоў імкліва і настойліва, і дзеля гэтага «ўгору» ахвяраваў бы ўсімі жанчынамі свету... Мною ахвяроўваць было не трэба: я была якраз той самы «антураж», які адзіна і мог падысці прыстойнаму (проста да жаху прыстойнаму, я б сказала) ягонаму сямейнаму жыццю.
Няўжо ён усё разлічыў, перш чым падысці да мяне на студыі тэлебачання, там, на Шабалаўцы, у Маскве? Марыя мне гаварыла пасля, што ў яе ён наводзіў даведкі і пачаў так: «Хто тая шыкоўная дзяўчына ў куце, якая не падымае вачэй на прысутных, а трэцюю гадзіну запар сядзіць пад лістом паперы і толькі глядзіць на яго?» Марыя — з тых добрых душ, якія не робяць сакрэтаў з таямніц сваіх бліжніх ні для каго, і таму яна аказала давер навічку-стажору: за пяць хвілін пераказала ўсе асноўныя этапы майго жыцця, і першае, з чаго яна, канешне ж, пачала, быў рамантычны флёр: «У яе тры гады таму назад разбіўся жаніх».
Тры гады вернасці загінуўшаму жаніху — гэта, канешне, аргумент, які ў тыя гады надаваў мне залатое ззянне німбу над галавой. Дый мамачка не давала мне ісці на дно: яна пільна сачыла, каб я не выйшла з дому ў адной камбінацыі або не выпіла замест вады стакан воцатнай эсенцыі. Яна апранала мяне ў такое ж шыкоўнае шмаццё, што і раней, да яе замежнай паездкі, у час якой ад усяго гардэробу засталася толькі спадніца і кофтачка, што былі на мне, і то толькі таму, што без іх мяне не пусцілі б на заняткі.
Мамачка прыехала ўжо тады, калі ад Юркі застаўся толькі попел — жменька попелу, якую выдалі ў простай драўлянай шкатулцы ягонай цётцы. На адваротным баку шкатулкі быў прылеплены нумар і прозвішча, і калі я ўзяла яе ў рукі, ледзь не выпусціла — каробка пахла тым самым канцылярскім клеем, якім пахла Юркава рука са смешным пярсцёнкам там, у кафэ «Нерынга», калі я так хацела пацалаваць і руку, і пярсцёнак, ды пасаромелася таго жадання... На абшарпанай зялёнай лавачцы, дзе мы селі ўдзвюх з цёткай і куды яна асцярожна паставіла шкатулку (адчувалася, што яна не ведае, як трымаць яе і што з ёй рабіць), я сказала, засмяяўшыся: «А можа, варта развеяць попел па ветры, таму што яшчэ невядома, ці ягоны гэта попел, гэтая жменька?!» Цётка, жахнуўшыся, утаропілася на мяне пачырванелымі старэчымі вачыма, а са мной тварылася нешта дзікае: несліся, круціліся ў свядомасці дзень за днём, хвіліна за хвілінай, і кожная з іх крычала і папракала мяне нясказаным добрым словам, асцярожнасцю, бояззю... Вось Хіва — прапалепая сонцам гліна мячэці, і востры пах райхану, і прахалода блакітных узорных кафляў,— а мы з Юркам спрачаемся.
— У нас жа білеты на заўтра. Яшчэ трэба дабірацца да Ташкента!
— Паспеем, гэта я табе кажу! Няўжо ты мне не верыш? Як жа мы паедзем дадому без Самарканда? Я дам тэлеграму... цётцы!