Юркі ўжо не было ў кватэры, а ў мяне не было сіл супраціўляцца бурнай мамінай пяшчоце. Я ўсё маўчала, а яна, пагаварыўшы гадзіны дзве і знямогшыся, ўсё ж рассцяліла канапу, распранула мяне, а мне здавалася, што я пустая знутры, як егіпецкая мумія, а мама песціць і трасе толькі «брэнную абалонку». Яна была спрабавала апеляваць да таты, але ён нешта прамармытаў, паклаў мне на лоб руку і зноў пайшоў да сваіх газет і да сваіх адказных думак, настолькі адказных, што пра іх ніхто з нас не ведаў, і мама засталася сам-насам з нялёгкімі мацярынскімі абавязкамі, тым больш нялёгкімі, што я тупела ад іх усё болей і болей, пакуль стома не адолела мяне канчаткова, і я заснула ўпершыню за многа дзён. Мамін прыезд сапраўды мяне выратаваў: яе клопаты былі такімі магутнымі, што гіпнатызавалі мяне, нібы труса, і я пакорліва глытала нейкія таблеткі, і здавала экзамены, і адпачывала ў Сочы, а праз пяць месяцаў пасля заканчэння інстытута прыйшла працаваць на студыю тэлебачання на Шабалаўку, таму што на кінастудыях хапала геніяў і без мяне. Выпадак звёў нас з Сярожам, але выпадак таксама ходзіць там, дзе яго чакаюць, а муж мой тады чакаў ад Масквы дзівосаў — не казачных, а рэальных: канешне, хіба магла параўнацца са мной, масквічкай, нейкая там правінцыялка, хіба магла кватэра і прапіска ў Маскве (добра, што ў апошпі момант у ім перасіліла развага, у Маскве ён не дабіўся б таго, што ў рэспубліцы) не спакусіць такога чалавека, як Сяргей?
...А можа быць, я грашу на яго, можа, яму проста спадабалася я сама, але калі з'яўляюцца ў жонкі такія здагадкі, то, відаць, вісяць здагадкі не ў пустым паветры, не ў вакууме, а абапіраюцца на рэальны вопыт... А ў жанчыны, якая сядзіць у хаце і служыць сямейнаму цяплу, такі вопыт назірання за ўласным мужам! I ёсць час думаць — калі толькі ахвота думаць, таму што думаць — цяжкая, няўдзячная работа, а апроч таго, і небяспека (ці не таму многія проста баяцца думаць!). Думаць — гэта значыць пакутліва шукаць, параўноўваць сябе і свае ўчынкі з ідэалам, які жыве ўпутры кожнага — прынамсі, кожны ведае, што такое ідэал, і пакутуе, таму што хіба можа чалавек атаясамліваць сябе з тым жа ідэалам? Я таксама баялася думаць — таму што думкі тыя ледзь не завялі мяне ў вар'яцкі дом, мама нездарма баялася хвілін, калі я застывала над кніжкай, нездарма яна так узрадавалася Сяргею, калі ён з'явіўся на гарызонце... Божа мой, атрымліваецца, што і нам Сяргей быў патрэбны, мы заключылі шлюб на ўзаемнай выгодзе і спрабавалі чэсна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы! Канешне, я заўсёды ведала ў глыбіні душы, што за сваім мужам у пекла пайду толькі тады, калі не будзе ніякага іншага выйсця. Якім бы хворым ні быў Сяргей, у якім бы цяжкім стане ён ні знаходзіўся — я нічога не магу зрабіць для яго, хіба што аддаць яму сваю кроў, дый тое немагчыма: у яго кроў другой групы, у мяне — трэцяй. Смешна, але Сяргей бы якраз мяне выратаваў, я ж яго — не змагла б, нават калі б і хацела.
Выпадак ходзіць там, дзе яго чакаюць,— калі гэта не так, то чаму я, падсвядома, заўсёды чакала ад жыцця нейкага такога ж падвоху, які адбыўся аднойчы? Які адбыўся зараз? Сяргея, майго асцярожнага, прадбачлівага Сяргея, збілі на горкі яблык нейкія хуліганы, ад якіх ён заўсёды трымаўся далей, чым ад якой метагалактыкі. Што гэта — выпадковасць? А калі — расплата?
Але ў чым я вінаватая, у чым?! Крык — «за што?» — гэта сляпы, атавістычны крык, які чалавек кідае ночы і цьмянаму жаху, які гняздзіцца ў ягонай крыві. Заўсёды ёсць — «за што?». Заўсёды за віной ідзе расплата.
Мае мілыя, утульныя, нявінныя іпастасі — добрай жонкі, дабрачыннай маці, прыстойнай жанчыны,— чаму вы знікаеце ад мяне з такой маланкавай хуткасцю, і вашы бляклыя абрысы здалёку глядзяць на мяне дакорліва і крыўдліва, як пакінутыя дзеці? Вы адступаеце перад магутнай хадой — чаго? Вочы, вочы сочаць за мной адусюль: вочы маёй дарагой мамачкі, вочы Антаніны Дзмітрыеўны, а самае галоўнае — блішчаць у белай цемры першага снегападу Юркавы зрэнкі.
«Стэла, не рабіся драпежніцай!» Ты што ж, прарокам быў, Юраська, га? Таму што драпежніца — не абавязкова тая, што рве мяса на бліжнім. Драпежніца — яшчэ і тая, якая дазваляе гэта рабіць, якая жыве за кошт таго, чужога мяса — няхай сабе ёй прыносяць мяса на прыгожай талерцы...
Калі Юркава смерць была ягонай расплатай за тое, што жыў ён згодна са сваім сэрцам — як я ўжо казала, жыў па-каралеўску — бо Ікар сам сабе дазволіў узляцець, і ўзляцеў, і бачыў сонца зблізку, а такое могуць дазволіць сабе нямногія... то другі раз падыходзіць да мяне расплата. За што? За тое, што я не магу ўзляцець да сонца?
Не, я няздольная на нодзвігі — я не з тых, каму ляцець да сонца...
Але ёсць жа ў кожнага свая вышыня — ці ўзнімалася я на яе? Ці спрабавала падняцца?