Не помню.
Здаецца, не спрабавала.
Калісьці ў інстытуце я здавала залік па антычнаму мастацтву. Трапілася мне тады, як цяпер помню, Немезіда — багіня пакарання. О, як яна карала смельчакоў, якія спрабавалі змагацца з рокам! Праметэй, Сізіф, які спрабаваў перахітрыць смерць, шчаслівец лёсу — Палікрат... А Крэз? А брат Сізіфа Салманей, які хацеў быць богам?
Ці не караеш ты, Немезіда, таксама і тых, хто н е з а х а ц е ў быць богам?!
Ішла па лесе, па лесе цёмным і спакойным, як балота,— і ўперадзе зачырванелася полымя, такое гарачае і зыркае, што здалёку апякала гарачыня.
Юрка быў тым полымем — цяпер разумею.
Нашто дадзены агромністы, магутны свет, і кожны дзень у ім — як раскошны, казачны падарунак, якім мы не ўмеем, не можам распарадзіцца, і баімся падарунка, і хаваемся ад яго, і не хочам апякаць сабе крылы!
...Як позна ты прыязджаеш, таксі, так позна, каб засталося толькі зразумець, што ўсё ранейшае, наладжанае і спакуслівае для іншых, ляціць, узрываючыся, ва ўсе бакі, як, кажуць, ляціць ва ўсе бакі наш Сусвет, глытаючы шалёныя кіламетры!
...А можа, і не ляціць? Колькі я чакала цябе, таксі? Няўжо ўсяго толькі дваццаць хвілін? Сапраўды, дваццаць. Ажно не верыцца, здаецца, прайшла вечнасць!
Але ж не кожнаму ўдаецца, нават за ўсё сваё жыццё, сам-насам пабыць хаця дваццаць хвілін з Немезідай!
АПОЎНАЧЫ, КАЛІ Б'ЮЦЬ КУРАНТЫ...
Так густа і бессаромна рос палын на даўнім гарадзішчы, узнесеным на галавакружную вышыню над далінай, што ў самай няўцямнай галаве цьмяна варушыўся жах перад усемагутным часам, і такой грознай сілай павявала ад шчарбатых сцен — астаткаў некалі магутнага замка, што толькі самы апошні гуляка мог заначаваць у абдымку з бутэлькай на гэтай пустэльнай гары, што нагадвала выкрашаны зуб, які можна было ўбачыць за многа кіламетраў ад раённага гарадка.
Гарадзішча, у нагах якога стогадовыя паркавыя дрэвы здаюцца карлікавымі кустамі, а велічэзны шпіль фарнага касцёла — штыком звычайнай вінтоўкі, здаецца, плыве ў залаціста-блакітнай прасторы гарачага ліпеньскага дня, і дзяўчынай, што адзінока сядзіць у праломе таўшчэзнай — у тры метры сцяны — авалодвае дрымота.
Толькі сёння раніцай прыехала яна ў гэты раённы гарадок, пра які марыла цэлы месяц — трыццаць доўгіх, упартых дзён, заехала, каб пабыць тут усяго палову сутак; рашэнне ехаць было для яе самой такім жа нечаканым, як і для таго, да каго яна рвалася, аб кім тужыла. Чакаючы прыстойнага для візіту часу, яна спачатку трапіла на могілкі, утульныя і чыстыя, бітком набітыя мармуровымі анёламі, капліцамі і гранітнымі помнікамі, над якімі, у доўгіх галінах вяза, на розныя галасы шчабяталі птушкі, пасля выйшла да глухой агароджы закінутага манастыра, за якім, у светлай жаўцізне жыта, буйна цвілі валошкі. З букетам, што пахнуў смолкай і свежасцю, яна вярнулася на плошчу, адкуль лёгка знайшла знаёмы па лістах адрас. У чырвоным драўляным доме з жоўтымі дарычнымі калонамі ёй шматслоўна растлумачылі, што Максім паехаў на цэлы дзень над Белае возера, дзе на матацыклах гойсаюць за смерцю, а маці ягоная ўжо пайшла на працу. Пакінуўшы цыдулку, у якой прызначала сустрэчу, яна ў другі раз пайшла па плошчу і, блытаючыся ў вузкіх брукаваных вулачках, дабралася да гарадзішча, пра якое шмат расказваў Максім. Гарадок, у якім ён жыў, даўно стаў для яе як бы родным, яна часта ўяўляла ўсё, пра што чытала, і перад ад'ездам ёй нанова прысніліся і гара, і касцёл унізе, і далёкае возера на гарызонце, а цяпер сон здзейсніўся, яна звярала яго і яву, і ў яве было тое ж радаснае, светлае чаканне сустрэчы, што і ў сне, а сон да драбніц супадаў з рэчаіснасцю.
I цяпер яна сядзела, узнесеная над усім светам, і дрымота ўсё мацней падала на яе. Непадалёк пачуліся нейкія крокі, яна імкліва расплюшчыла вочы. Але то была ўсяго толькі старая стомленая каза, яна павольна ішла па цвёрдай сцяжынцы, цягнучы разбухлае вымя, і дзяўчына, пашукаўшы ў сумцы, працягнула ёй цукерку. Каза заклапочана зашапацела фальгой, пасля, пастаяўшы яшчэ і нічога болей не дачакаўшыся, раўнадушна пайшла далей, пастукваючы капыткамі па старажытнай цаглянай муроўцы. Адышоўшыся, яна гэтак жа дзелавіта пачала шчыпаць траву, трасучы злямчанай барадой, і дзяўчына расчаравана адкінулася назад, закрываючы вочы і нібы патанаючы ў цёплым магутным целе зямлі. Ёй хацелася паляжаць паўгадзінкі, а пасля ізноў блукаць па гарадку, але, стомленая хваляваннем і дарогай, яна нечакана для сябе заснула, пакуль яе не разбудзіла сонца, уварваўшыся ў вочы гарачымі чырвонымі кругамі. Абтрасаючыся ад пяску і даланёй прычэсваючы кароткія русыя валасы, яна пачула крыклівыя хлапечыя галасы і, выглянуўшы з-за сцяны, з цяжкасцю разгледзела ў асляпляльным марыве дня ўжо знаёмую казу і чатырох хлапчукоў. Трое, наступаючы на чацвёртага, нечага патрабавалі ад яго, а той, ухіляючыся ад тычкоў, з плачам у голасе паўтараў: