Выбрать главу

— Не! Не дам! Сказана вам! Не дам на Казьцы ездзіць!

— А мы самі! Без цябе абыдземся! — хапаючы казу за рогі, закрычаў старэйшы. Тая спалохана брыкнула, вырвалася, адбегла, але тут жа зноў падбегла да ўладара, які зноў кінуўся на яе абарону.

— Мамцы скажу, паглядзіце!

Голас яго быў няўпэўненым, слабым, і калі ён загукаў уніз, дзе мясцілася вуліца, сваё «мамка», трое засмяяліся.

— Ведаем, чаго там! Мамка твая ў бальніцы, так што давай сюды сваю Казьку!

— Мамка! — яшчэ грамчэй азваўся Казьчын абаронца, і. дзяўчына не вытрымала, выйшла з-за сцяны:

— Ану, пайшлі адсюль! Утрох на аднаго! I не сорамна?

Хлапчукі, што з трох бакоў ужо абкружылі казу, разам застыглі, на тварах іх, расчырванелых ад пагоні, адначасова адбіліся прыкрасць і страх. Але самы старэйшы, чарнавокі, з дзёрзкім позіркам — з тых, хто звычайна верхаводзіць у хлапечых гуртах,— разгледзеўшы дзяўчыну, пажвавеў.

— А што мы такога робім? Падумаеш, Казька! Глядзець моташна, як ён яе лашчыць! — смела сказаў ён, плюнуўшы скрозь зубы.

— Ён баязлівец, гэты Антак! Толькі з казой і дружыць! Вы яго не шкадуйце,— падтрымаў верхавода другі, што стаяў бліжэй да Антака.

Хлапчукі былі прыкладна роўныя, Антак жа — значна меншы, драбнейшы. Палінялая кашуля на ім была акуратна зашпілена на ўсе гузікі, з каўняра тырчала худая незагарэлая шыя, і ўвесь ён — ціхі, нейкі прыгладжаны — быў поўнай процілегласцю іншым: у аднаго на калене была глыбокая свежая драпіна, адкуль сачылася кроў; на другім калене штаны былі таксама парваныя. У другога на клятчастай кашулі чарнела тлустая мазутная пляма. Старэйшы, з крутой цыганскай шавялюрай, быў увогуле толькі ў абтрапаных школьных штанах, і загарэлы хлапечы торс яго быў спярэшчаны белаватымі блізнамі.

— Эх ты, знайшоў з кім ваяваць! — дзяўчына цяпер звярталася толькі да яго, таму што адчувала ў хлапчукоў упартую гатоўнасць на супраціўленне.— Давайце я вас лепей цукеркамі пачастую, а маленькага не чапайце,— сказала яна і шчоўкнула замком, але разлік яе аказаўся правільным: завадатар спрэчкі з пагардай глянуў на сумку і, махнуўшы рукой, згадзіўся:

— Ладна! Пайшлі адсюль, не будзем чапаць... маленькага!

Ён зарагатаў, пайшоў прэч, але абярнуўся і зморшчыўся, дражнячы Антака. Хлопцы пакорліва паўтарылі за ім грымасы, пасля ўсе яны пайшлі да струхлелага мастка, што злучаў гарадзішча з вулачкай, якая адна і вяла да гары.

Антак стаяў, не ўздымаючы галавы. Каза цяжка падышла да яго і асцярожна парнула ў бок. Вочы ў яе былі журботныя, нібы яна разумела ўсё, што адбылося, і цяпер вінавацілася перад гаспадаром за сваё бяссілле. Парнуўшы, яна пацерлася рагамі аб ягоныя сцёгны, але хлапчук толькі таргануў галавой і адвярнуўся. Тады, абышоўшы кола, яна ізноў ціха торкнулася ў ягоны жывот і зазірнула ў твар.

— Што ж ты яе крыўдзіш? — дзяўчына ўсміхнулася і, дастаўшы цукерку, зняла з яе абгортку і працягнула Казьцы, але тая не варухнулася; па-ранейшаму жалобна і нерухома яна глядзела на Антака, зваляная барада яе дробна трэслася.

— Яна ж невінаватая! — дзяўчына гаварыла ў спіну хлопчыка, гаварыла мякка і нецярпліва. Нешта перашкаджала ёй узяць і пайсці адсюль, і хацелася супакоіць сваё сумленне, а пасля бегчы на плошчу. Максім мог прыехаць раней, а кожная яе гадзіна была цяпер злічана, дый цэлы месяц яны не бачыліся, з таго часу як скончылася сесія ў інстытуце, Максім паехаў дадому, а яе паслалі ў піянерскі лагер, дзе ёй працаваць яшчэ два месяцы, да самай восені!

— Ты чуеш мяне? Памірыся з Казькай! Ну, глянь на яе!

— Заўтра яны зноў прыйдуць... А яе нікуды больш не зацягнеш. Толькі сюды!

Ён сеў, усё не гледзячы на казу, і дзяўчына прысела перад ім. Па твары хлапчука паволі цяклі дзве мутныя кропелькі.

— Чаму ж бацьку не паскардзішся? Або хто там у цябе ёсць?

— Няма ў мяне бацькі,— усхліпнуў Антак.— Толькі мама. Я Казьку баюся крыўдзіць: мама ейнае малако надта любіць. Я кожны дзень нашу ў бальніцу глячык...

Ён змоўк, рукавом выцер слёзы і, глянуўшы Наталі ў твар, дадаў нечакана:

— А вы, цёця, малако ад казы любіце?

— Я? — дзяўчына чамусьці збянтэжылася.— Я... ніколі яго не спрабавала, толькі чула, што яно нясмачнае. У магазінах жа яно не прадаецца,— нібы апраўдваючыся, дадала яна.

— Тады паспрабуйце,— проста сказаў Антак.— Тут пасудзіны няма, а то я проста тут падаіў бы Казьку. Пайшлі да нас, а? Цёця?.. Там Віцька чакае,— пасля паўзы дадаў ён.— Я ведаю... Нябось думае — я адзін назад пайду...