— Ну... як гэта — да вас? Што ты... I чаго ты іх так баішся, не разумею! — паспрабавала яна перавесці гаворку на іншае.
— Я не іх баюся... Я — за Казьку... У яе ж малако, а яны... А мамцы трэба выздаравець! Пайшлі, я вас вельмі прашу! Тут недалёка, пад гарой!
— Ведаеш... у мяне часу малавата,— яна зноў спрабавала адмовіцца.— А ты так адзін і жывеш?
— Адзін,— пацвердзіў Антак.— Бабуля нядаўна памерла, за мной суседзі глядзяць, па чарзе. Толькі зараз усе на працы. Пайшлі, га? Убачыце, малако ў Казькі смачнае. А як вас завуць, цёця?
— Якая ж я цёця? — засаромелася дзяўчына.— Я толькі першы курс закончыла, а завуць мяне Наталяй, так і пазывай, добра?
— Добра,— кіўнуў ёп галавой.
— Ну што з табой рабіць? Пойдзем. Толькі я на хвілінку...
Ён засвяціўся тварам, коратка свіснуў, і каза, узрадавана мэкнуўшы, подбегам заспяшалася ўперад, як здагадаўшыся, аб чым ішла размова. Наталя ішла побач з Антакам, скоса пазіраючы на ягоны засяроджаны профіль. Цёплы вецер лёгка раздзьмуваў кароткую льняную сукеначку, і яна, абцягваючы яе, з цьмяным пачуццём нялоўкасці і шкадавання глядзела на хлапчука, на яго старэнькую кашулю з акуратна пакладзенай латкай, на залаціста-русы віхор на ягонай галаве.
— А хто есці табе гатуе?
— Я сам,— ён з гатоўнасцю адгукнуўся.
Вочы ў яго былі спакойна ласкавыя, нібы згода Наталі пайсці да яго ў госці адразу прымусіла яго адчуць асаблівую годнасць і спакой.
— Я бульбу смажу,— тлумачыў ён,— макароны магу варыць, яечню гатаваць. Я шмат чаго ўмею...
Яны перайшлі мосцік і ўбачылі Віцькаву кампанію, што тулілася за крапасным валам і цяпер са шкадаваннем праводзіла іх позіркам. Антак таксама маўкліва паглядзеў на Наталі, і яна адчула няёмкасць і адначасна палёгку: сапраўды, нельга было пакідаць Антака.
Масток, што аддзяляў гарадзішча ад горада, служыў своеасаблівай мяжой, і гэта асабліва адчувалася, калі Наталя ступіла з драўляных маставін на брук. Паветра тут было іншым: пахла разагрэтай лебядой і смажанай цыбуляй, ад калонкі ўніз па бруку шыпеў гнуткі цурок вады. Каза панюхала ваду, крыху лізнула яе і пайшла далей, асцярожна цокаючы капыткамі па каменнях, між якімі настырна прабівалася трава.
Вуліца крута пайшла ўніз, агінаючы гару, і Антак узяў Наталю за руку:
— Тут можна зламаць абцас. Трымайцеся за мяне. Я ўжо не маленькі, у трэці клас перайшоў.
Далонь ягоная была жорсткаю і гарачай, і Наталі было няёмка ісці, трымаючыся за хлапечую руку, а ён, нібы і не адчуваючы яе збянтэжанасці, трымаўся разважліва і ветліва, як дарослы. Таму яе нялоўкасць праходзіла, а цёплае, шчымлівае пачуццё неўпрыкметку расло, і ёй хацелася пагладзіць Антака па галаве — пагладзіць асцярожна, каб ён адчуў яе шчырасць і не схаваўся ізноў у сваёй адзіноце.
Яны спусціліся ў самы канец вулачкі, да рова, з якога цягнула вільготнай прахалодай непрасохлай і ў такую гарачыню зямлі. Над самым ровам мясціўся каменны дом з патрэсканай жоўтай тынкоўкай і вастраверхім чарапічным дахам, што быў залатаны чорным толем, які рэзка кантраставаў з цёмна-чырвонымі чарапіцамі, там-сям абвугленымі, пашчэрбленымі, па якіх з боку рова поўз шыза-зялёны мох. Каза радасна патрухкала да ганка, дзе стаяла пачарнелае вядро з вадой, і, падняўшы галаву, сачыла за Антакам, які, не спяшаючыся, адліў вады ў вялікую драўляную місу, пасля зняў з прабоя замок і, кіўнуўшы галавой у калідор, паклікаў Наталю ў пакой.
У пакоі было чыста і змрочна. Замкавая гара, над якой вісела блакітна-жоўтая смуга, здавалася праз акенца яркай нетутэйшай карцінай, што павесілі гаспадары на белую, як у бальніцы, сценку. Белай была і старадаўняя кафляная печ з ружовымі ўзорамі, і засціланне на вузкім жалезным ложку; масніцы, таксама вышараваныя дабяла, жалобна зарыпелі пад нагамі Наталі, калі яна ступіла ў пакой і, прывыкаючы да цемры, спынілася пасярэдзіне; пасля яна знайшла вачыма крэсла, прайшла да яго па паласатай дарожцы і з палёгкай прысела. Блізка каля яе, пад сталом, накрытым адзіным у пакоі прадметам раскошы — пурпуровым аксамітавым абрусам,— вісела распяцце з чорнага дрэва, крыху правей на тумбачцы ляжала тоўстая кніга ў драўляным пераплёце, упрыгожаным цьмяным сярэбраным узорам.
— Гэта бабуліна,— растлумачыў Антак, уваходзячы ў пакой з цяжкім гліняным кубкам, над якім калыхалася белая пена.— Піце на здароўе. Малако смачнае, толькі ізноў сёння крышку горкае, але ж гэта нічога, праўда?
— А ты? — спыталася Наталя, прымаючы кубак з ягоных вільготных, відаць, толькі што памытых рук.