Ён таксама ўбачыў яе, пажвавеў, затанцаваў на месцы, нецярпліва перахопліваючы руль дзвюма рукамі, нібы спяшаючыся хутчэй пасадзіць яе на матацыкл і везці хоць на край свету.
— Дзве гадзіны цябе шукаю! — закрычаў ён здалёк.— Дзе ты знікла? Праз хвіліну фільм пачынаецца, «Парыжскія тайны», там усе сядзяць як на іголках. Сядай! Пасля паедзем у матэль, там такі бар адкрылі! Гэта табе не што, а Захад. А заўтра...
— А заўтра не будзе, Максімка. Я еду праз шэсць гадзін, у поўнач. У мяне таксама білет... на цягнік.
Яна з усмешкай паглядзела на Максіма, як заўсёды, дзівячыся сама сабе ягонай неўтаймаванасці і лёгкасці, з якой ён прымаў жыццё, бесшабашна трымаючыся на самых крутых яго хвалях.
— Так?!— твар у Максіма расчаравана выцягнуўся.— Ты што ж, збіраешся пакінуць мяне, як Папялушка на балю? Не! Так не пойдзе. Білет заменім, і...
— I я ўсё роўна паеду,— мякка запярэчыла Наталя.— Ты ж мяне ведаеш. Дысцыпліна, дзеці. Як яны без мяне? А ты... Чаму я цябе вучыла? Знайшоў мадэрновы фільм...
— Ну, прапала мая галава!— весела зморшчыўся Максім.— Ты ўсё тая ж,— дадаў ён, перакідваючы нагу цераз сядзенне і ўключаючы запальванне.— Прын-цы-повая! Жыццё — яно не любіць, каб скавыталі, а ты...
Наталя не пачула апоншія словы, таму што матацыкл ірвануўся наперад.
На пачатак сеанса яны ўсё ж не трапілі, прабіліся на месцы, торкаючыся ў чужыя калені, а пасля сядзелі, няўважліва гледзячы па экран, таму што Максім усё спрабаваў пацалаваць яе ў шыю, дзе пушыліся ўпартыя пасмачкі, а яна штурхала яго ў бок, раз'ятрана шыпела і разам з тым адчувала сябе такой шчаслівай, што яе не маглі збіць з панталыку нават злыя пагляды суседзяў справа і злева.
Пасля кіно іх чакалі. Чацвёра хлопцаў на матацыклах і дзяўчаткі — усе прыкладна аднаго ўзросту з Наталяй,— закрычалі, замахалі рукамі. Максім хуценька перазнаёміў яе з усімі, але Наталя нікога не запомніла ад збянтэжанасці, толькі першага, Валодзю, які падышоў да яе не спяшаючыся, упэўнена і дапытліва разглядаючы яе ўсю — ад ілба да кончыкаў не надта новых туфлікаў. Пасля ён ізноў наблізіўся да яе — калі абмяркоўвалі, якой дарогай ехаць,— і шматзначна ўзяў яе за руку:
— Мы Максіма без вас ледзь не ажанілі. Каб уратаваць. А то калі такая дзяўчына возьмецца за ратаванне душы — усё, прапаў чалавек!
Наталя імгненна ўспомніла інтанацыю, з якой Максім адмахнуўся ад яе там, ля універмага, і, вырваўшы сваю руку з чэпкіх Валодзевых пальцаў, моўчкі села на «Яву», стараючыся, каб Максім не заўважыў яе спахмурнелага твару. Пасля яны ўсім гуртам сядзелі ў бары, дзе на цяжкіх драўляных панелях бранзавелі чаканкі, на дубовых кругляках вакол дубовых калодаў сядзелі завесялелыя мужчыны і дзе Валодзя настойліва хацеў нешта давесці ёй, Наталі, нібы яна была ягоным асабістым ворагам.
— Ты вось што,— ён курыў цыгарэту за цыгарэтай,— не крыўдуй, я чалавек просты, але слова сваё скажу. Не пазнаю Максіма. Паступіў у гэты ваш інстытут — другім стаў. Ад кампаніі адбіваецца. Разважаць пачынае. Нашто яму разважаць? Мужчына ледзь не так што — не разважаць, а адразу — у зубы! Каб баяліся! А ён далікатным робіцца. Не-е, мы яго так проста не аддадзім.
— Не слухай яго, ён Максіму сваю сястрычку сватае, каб баксёра ў родзічах мець. А то сам — як Кашчэй! — весела закрычала праз Максімава плячо адна з дзяўчат, боўтаючы белай саломінай у кактэйлі. Наталя ўбачыла, як зачырванеліся шчокі ў Максіма. Ён на некалькі імгненняў моцна прыціснуў сваю шклянку з сокам да яе шклянкі, нібы стараючыся нешта давесці без слоў, адгарадзіў яе ад Валодзі і ўзяў за плячо.
— Пайшлі адсюль,— ціха вымавіла Наталя. Ёй цяжка і нязручна было сядзець на высокім табурэце, яе раздражняў цыгарэтны дым, што густа калыхаўся над сталамі, пах вільготнай вяленай рыбы, лянівы шчэбет дзяўчатак. Збіраючыся ў дарогу, яна не думала пра заходні мадэрн, ёй чамусьці ўяўлялася, як яны ўдваіх будуць сядзець недзе ў зарослым парку альбо за горадам, ціха гаварыць пра нешта харошае і яна паспее расказаць Максіму хаця б крышачку з таго, што перадумалася ў адзінокія гадзіны, калі пасля адбою ў лагеры яна бегла на капрызную рэчку Беразанку і гадзінамі бяздумна сачыла, як уставаў ранні маладзік або паволі гусцела белая пелена туману.
Максім нечакана лёгка згадзіўся. Але кампанія не хацела іх адпускаць.
— Паехалі ў парк. Там танцы! — перакрыў галасы Валодзя.— А пасля мы цяпнем у мяне мацнейшага, а то што гэтая брыда!
I зноў Наталя сядзела па-за Максімам і, учапіўшыся за яго, слухала, як цёплы і пругкі вецер свішча ў вушах, б'ецца ў каленцы, кудлаціць валасы; ізноў ёй было хораша з Максімам, і не хацелася ні аб чым думаць, здагадвацца, таму што галоўнае было ў тым, што ён узрадаваўся ёй, чакае яе, можа, якраз дзеля яе прыдумаў гэты бар I кампанію. У рэшце рэшт, яны не бачыліся цэлы месяц, ён адвык ад яе, адвучыўся настройвацца на яе хвалю — хіба ж за дзень выправіш усё гэта? Будзе восень, і ён зноў стане ранейшым, такім, як павінен быць...