Было цёмна, і калі дарога нырала ў нізіны, фары выхоплівалі з начы то спалоханага зайца, то адзінокі куст дзядоўніку — натапыраны і фантастычны,— а пасля высока ўперадзе, закрываючы палову зорнага неба, паказалася Замкавая гара. Матацыклы з трэскам узляцелі на ўзвышша, адкуль жоўтымі ліхтарамі заміргаў гарадок, пасля рэзка павярнулі ўлева — уперадзе вырасла агароджа парку. I вось ужо перад вачыма Наталі калыхалася, вухкаючы і смеючыся, запоўненая да краёў танцпляцоўка, музыка абрушвалася на галовы, паступова шалеючы і набіраючы моц, і дзіўным дысанансам нахабнаму грукату барабана была цудоўная, ціхая летняя поч, высачэзныя маўклівыя таполі навокал і пругкае дыханне духмянай травы, што далятала з далёкіх цёмных палёў.
— Пайшлі адсюль,— ціхенька шапнула Наталя.—Хоць крышку пагуляем.
Яна асцярожна пагладзіла яго па спіне; пяшчота перапаўняла яе, а час ляцеў, і поўнач набліжалася да іх, як папярэджанне ўсіх будучых расстанняў, а ён, Максім, падумаў пра нешта сваё, іншае, таму што вусны яго склаліся ва ўсмешку ганарлівую і задаволеную і ўсё ж крышачку разгубленую.
— Як жа... А, ладна! Мы хутка! — крыкнуў ён Валодзю, пачакаў, пакуль той, апошнім, пройдзе на танцпляцоўку, а пасля абярнуўся да Наталі і шчасліва засмяяўся:
— Ну вось! Вядзі цяпер куды хочаш!
— Калі б ты заўсёды быў такім паслухмяным! — уздыхнула Наталя, адчуваючы, як перадаецца яе руцэ гарачая ўпартая сіла хлопца.
— Заўсёды нельга,— ласкава запярэчыў Максім.— Ты ў мяне такая...
— Такая?..
— Ну, сентыментальная, ці што. Як гэта ты мне чытала нейкага японца... помніш? «Прычасны да прыгажосці кветкі...» Далей пра быка...
— «Не прыме прычасця буйвала»? Так?
— Точна! Але гэта не для мяне — прычасце да кветкі. Букашкі-таракашкі... яны для слабых. Дый будзь я хлюпікам — ты б мяне пакахала, скажы? Га? Так мы заўсёды: гаворым адно, а робім... Ну, дык куды мы пойдзем?
З цёмнай глыбіні парку даносіліся галасы, сцішаны віскат; прама, за паламанай агароджай, за невялікім азярцом, глуха і пагражальна цямнела гара. Контуры яе, абведзеныя лілова-ружаватым — ад заходу, дзе цьмяна чырванелі аблокі,— былі чоткімі і халоднымі, і нейкая незразумелая сіла пацягпула да яе Наталю. Сэрца яе павольна і моцна сціснула прадчуваннем вышыні.
— Пайшлі туды, га? — яна паказала наверх.
— Туды? Ноччу там не ходзяць. Ну, калі ты хочаш...— ён падхапіў яе пад руку, усміхнуўся.—- Са мной туды ісці можна. Так што... твае кветачкі-казурачкі зноў прайграюць! — I, злавіўшы яе погляд, весела падміргнуў: — А «лодачкі» прыйдзецца зняць. Вунь якая вертыкаль!
...Паволі, чапляючыся за самы маленькі кусцік, яны ўздымаліся наверх, і дзіўна: з кожным крокам упартасці ў дзяўчыны прыбывала, яна спяшалася, і Максім, пасміхаючыся нязлосна, падпарадкоўваўся яе руцэ. Але перад самым верхам ім давялося памяняцца месцамі: Наталі не пад сілу было залезці ў праём, і Максім, падцягнуўшыся на руках, пасля асцярожна ўцягнуў яе ў пралом па гладкіх каменнях сцяны.
— У-ух! — выдыхнуў ён, азіраючыся па баках.— Не зайздрошчу татарам. Столькі лезці — а пасля цябе як швыргануць, і ляці ўніз, ламай галаву. Багата іх тут палегла некалі!
На гарадзішчы ў вячэрні гэты час было асабліва няўтульна і пустэльна, каменне ж не страціла цеплыні, і хлопец з дзяўчынай асцярожна ўселіся на валун, блізка адзін да аднаго. Наталя абцерла далоняй падэшвы, надзела «лодачкі», пасля знайшла хусцінку і выцерла ёю твар. Максім некаторы час назіраў за яе рухамі, пасля ўпэўнена пацягнуўся да яе вуснаў, а яна адхіляла яго разгарачаны твар, але адхіляла нерашуча, баючыся пакрыўдзіць яго.
— Не так... Не трэба... Мы ж не дзеля гэтага сюды прыйшлі!
Ён цяжка перавёў дыханне, спадылба паглядаючы на яе.
— Засумаваў я па табе, каб ты ведала! — Ён дастаў цыгарэту, чыркнуў запалкай. Агеньчык слаба ўспыхнуў — іскрынка ў цемрадзі на імгненне асвятліла спахмурнелыя Максімавы вочы.— А ты...
— Гэта цябе шкадаваць? — Яна села побач.— Давай лепей проста пасядзім, паглядзім. Як тут добра!
— Юродзівая ты, Наталя, га? — нечакана сказаў Максім, нібыта пытаючыся ў яе.— Такая чысценькая, беленькая. Такая правільная. Да цябе прыйсці б не зараз, пасля. Патрапаным, расчараваным, абрыдлым самому сабе. Га?