Яна коратка войкнула, кінулася да хлапчука, пачала яго тармасіць, абмацваць.
— Антак! Анта-ачак! — клікала яна плачучы, і гэты плач яе доўгім, адчайным рэхам мітусіўся ў пустэчы сценаў, вяртаўся назад.
Жудасным, першабытным страхам павеяла раптам ад бязлюднага старадаўняга гарадзішча, ад буйных, блізкіх зорак, ад таямнічага рэха, зусім незаўважнага днём. Наталі ўявілася, што яны ўтраіх, не, удваіх з Максімам, аддзелены безданню ад усяго свету, але ўсё, што адбываецца тут, на вяршыні гары, усё, што вырашыць яны зараз, нейкім таемным чынам паўздзейнічае на тых, хто зараз, унізе, творыць свае паўсядзённыя справы і ведаць не ведае пра іх — пакуль не ведае...
— Наталя! Ціха. Ціха! — шэпт Максіма чуйныя насцярожаныя сцены таксама вярталі ім дваім.— Цябе ніхто тут не ведае. Нас ніхто тут не бачыў. Ніхто?
Ён па-звярынаму асцярожна прыслухаўся, абгледзеўся.
— Пайшлі. Скажам, што былі ў парку. Ты тут нічога не згубіла? Я таксама. Толькі цішэй. Я адразу цябе на вакзал. Хуценька!
— Я нікуды адсюль не пайду.— Яна таксама гаварыла шэптам, але сцены ўпарта вярталі яе шэпт, і незаўважна яна адзначыла, як пабялеў Максім.
— Дурненькая. Наталя. Мілая! Табе ўсё роўна, што будзе са мной? Ты разумееш, чым гэта пахне? Са мной...
«Ой...» — злавесна вярнула ім рэха, і, глодзячы на такога незнаёмага, разгубленага і злавеснага адначасна Максіма, яна нечакана зарагатала. Яна смяялася, трымаючы на каленях нерухомае хлапечае цела, смяялася ўсё мацней і мацней, і слёзы цяклі на яе твары, а сцены вакол паўтаралі насмешліва і жудаспа: «Ха-ха-ха! ах-ах-ах!»
— Да-дарэм-на! — ледзь выгаворвала яна паміж выбухамі рогату.— Да-а-рэмна! Нас бачаць, ха-ха-ха! Гэта ж дарэмна! Нас усе бачаць! У-се-е!
— Ты... ты звар'яцела? — ён узіраўся ў яе твар, і рукі ягоныя трымцелі дробна і нястрымна.— Пайшлі адсюль! Так будзе лепей для нас!
— Для нас? — калені яе, на якіх ляжаў Антак, працінала ледзяной сутаргай.— Нас? Нас?
— Ён жывы! — нечакана выкрыкнуў хлопец, кідаючыся да яе.— Ён стогне! Цішэй ты!
Наталя заціхла і, трымаючы Антака за плечы, прыўзняла яго, гледзячы на закінуты хлапечы твар з заплюшчанымі вачыма, дзе вейкі трапяталі, намагаючыся прыўзняцца. Твар быў мокры, дзяўчына не адразу здагадалася, што то былі яе слёзы.
— Кладзі яго на траву! На траву, ды зручней! — Максім згубіў увесь свой гонар, ён мітусіўся, як хлапчук, яго калаціла ад радасці, калі пасля некалькіх прыёмаў масажу Антак пачаў ротам хапаць паветра.— Накаўт, усяго толькі. Глыбокі накаўт, а я думаў чорт ведае што,— ён болей супакойваў сябе, чым Наталю.
Антак усхліпваў усё мацней, сутарга прайшла па ягоных нагах, яго вырвала, і Наталя ледзь паспела павярпуць на бок бяссільнае тулава.
— Вады б яму зараз, вады! — клапаціўся хлопец.— Вытры яму рот. Чорт, і хусцінкі мала. Нарві травы!
Густы, пранізлівы пах ішоў ад вільготнай упартай травы, і Наталі здавалася, што горыч насыціла яе цела да апошняй клетачкі, так што ніколі не ўдасца цяпер яе пазбавіцца. Яна выцірала Антаку рот, а горкая сліна набягала ў рот, яна глытала яе, каб прагнаць даўкі камяк...
— Цёця... Наталя, што са мной?
Аптак глядзеў на яе жывымі, шырока расплюшчанымі вачыма, пасля павярнуў галаву і ўбачыў Максіма.
— Скажыце яму... хай ідзе прэч.
— Ты мне скажы дзякуй, што я цябе да анёлаў не адправіў.
Максім гаварыў упэўнена, ізноў на ягоных шчоках, напэўна, гарэла знутры здаровая, спакойная кроў, рухі яго сталі спакойнымі таксама.
— Ну што, Наталь... Пайшлі, данясём яго дадому. Спалохаў нас як, а, заморак такі! А ты... ну, не думаў!
— Каціся ты адсюль! — печакана для сябе прагаварыла Наталя, і гнеў перамяшаўся з пагардай у яе пазванчэлым голасе. Са здзіўленнем яна заўважыла, што рэха нібы знясілела або проста стала іншым: словы не вярталіся да яе, яны ляцелі ў Максіма і глухлі ў ім.— Бяжы! Да сваіх Валодзяў! Да сваіх дзевак! Топай!
З задавальненнем слухала яна словы, якія раней ніколі не гаварыла, толькі шкадавала, што не ўмее ўжываць мацюкі: відаць, толькі яны мелі ў сваёй бяссэнсіцы нейкі заўсёды зразумелы адрасату сэнс, таму што ўсе іншыя словы — хай нават жорсткія, грубыя — былі цяпер толькі абалонкай слоў, пачуццяў.
— Ну, ну! А яшчэ недагог,— паспрабаваў жартаваць Максім.— Цябе ж падлетак слухае. Глянь, ажыў зусім. Жывучы!
Антак і сапраўды спрабаваў устаць. Ногі дрэнна слухаліся яго, але ён учапіўся ў пакручастыя рогі Казькі і павольна, але настойліва ўздымаўся. Пасля падняў вузкі кулачок.
— Ідзіце адсюль,— паўтарыў ён, не зводзячы вачэй з высокага, дужага хлопца. - Я ж вас... усё роўна... паб'ю.