Выбрать главу

Максім сплюнуў у траву, некалькі разоў шчоўкнуў языком, перавёў позірк з Антака на Наталю і, павярнуўшыся, паволі рушыў да праёму. Было чутно, як зашапацеў, асыпаючыся, пясок, як затрашчалі кусты. Пасля ізноў стала ціха, толькі дзесьці ўнізе слаба пляскаўся аб гару вецер. Зорны купал марудна схіляўся направа, і адна зорка на імгненне дакранулася да вяршыні сцяны, бліснуўшы тонкім і кволым, як іголка, промнем.

— А ты, аказваецца, смяльчак,— сумна сказала Наталя.

— Чуеце, куранты б'юць? — прашаптаў Антак, дакрануўшыся да яе рукі.— Ужо дванаццаць. Значыць, вы сёння не паедзеце? — Ён шчасліва заўсміхаўся.— Як добра! Мне ўжо зусім не страшна. Зусім.

— Добра табе,— нерухома седзячы на валуне, азвалася Наталя. — Мне вось страшна затое.

— Вы жартуеце? Вы ж са мной. Я вас не дам у крыўду. Чуеце, поўнач? Я раней заўсёды баяўся гэтага звону...

Яна нахілілася над гадзіннічкам, але нічога не разгледзела і напружыла слых. Сапраўды, білі куранты, але пачуць іх можна было нават не слыхам — усёй напружанай і чуйнай істотай, быццам ад гары ішлі нейкія штуршкі, што дапамагалі адчуваць кожны стук старажытнага гадзінніка.

Унізе затрашчалі матацыклы, трэск той, агінаючы гару, імчаўся далей, у цэнтр горада, і ў пераможным тым, бесклапотным гуле дзяўчыне чулася адна жаласная нота. А можа, сапраўды толькі чулася, мроілася ёй усё? I ва ўсім, што адбылося, можа, вінаватай была гара — узнесеная на галавакружную вышыню над далінай, над часам, над падзеямі?

Антак стаяў над ёю, а Казька цярпліва чакала, пакуль гаспадар выпусціць з рук яе рог.

— Пайшлі, цёця Наталя,— сказаў ён нарэшце.— Дома яшчэ засталося малако. Добра, што вы яго пакаштавалі — бачыце, ізноў прыйдзеце ў наш дом.

Рыканне матацыклаў замоўкла: ноч па-ранейшаму тварыла свой няўхільны, таямнічы рух. Дзесьці за аркай, гарбатай і фантастычнай, як прывід, шапацеў пясок. Наталя адчувала, як палаюць, сохнуць яе вусны.

— Які ты стаў смяльчак, Антак,— паўтарыла яна.— А цягнік той не апошні. Яшчэ адзін ідзе ў чатыры раніцы.

ЗАЛАТЫ ЯБЛЫЧАК НА СЯРЭБРАНЫМ СПОДКУ

Сустрэчная машына вынырнула з-за павароту нечакана, яна ішла проста пасярэдзіне паласы, не збаўляючы хуткасці, і Міхась рэзка вільнуў управа. Ён тут жа адчуў, што «Жыгулі» адарваліся ад зямлі і заслізгаталі па мокрай шашы. Міхась яшчэ спрабаваў павярнуць руль, які стаў раптам лёгкім і непаслухмяным, але замільгацелі ў вачах дрэвы, і машына, зляцеўшы з шашы, цяжка ўдарылася ў каржакаватую карычневую сасну, проста ў шырокі буры нараст жывіцы, што наплыла з нейкай драпіны,— гэта ён запомніў у апошняе імгненне гэтак рэзка і яскрава, нібы глядзеў у павелічальнае шкло. «А-а-а!» — коратка і рэзка ўскрыкнула побач Ірына, і яны праваліліся ў цемень. Але яна не прыняла іх — амаль тут жа пругка адкінула назад. Няўцямна расплюшчваючы вочы, Міхась зразумеў — жывы! Машына, некалькі разоў перавярнуўшыся, зноў стала на колы. Калі, выблытаўшыся з рамянёў, узляцеўшых з задняга сядзення коўдраў і атросшы пер'е з разадранай падушкі, яны разам глянулі адно на аднаго, то ў першае імгненне як бы не ўсвядомілі, што здарылася. Хістаючыся, Ірына адышлася прэч, упала на паваленую сасну, а ён, азірнуўшыся, стаў збіраць параскіданыя па траве, патрушчаныя гронкі вінаграду і румяныя крутабокія яблыкі, якія яны везлі з поўдня. Пасля, як апамятаўшыся, кінуў усё, што ўдалося сабраць, і пашыбаваў да машыны.

«Жыгулі» былі як бляшанка, па якой праехалі на самакаце: сплюшчаны радыятар, перакошаны рухавік, пасярэдзіне ўпадзіна з глыбокімі рванымі краямі — на іх там-сям бачны былі кавалачкі кары. I тады, як апамятаўшыся, ён забегаў вакол машыны, вохкаючы і праклінаючы дурня, які праехаў міма на сваім «Масквічы», нават не спыніўшыся пасля аварыі, якая сталася па яго віне.

«Як добра, што мы яе застрахавалі! — успомніў ён, спрабуючы неяк выпрастаць радыятар.— Колы цэлыя, а за верх тысячы дзве атрымаем, на рамонт хопіць. Ну, яшчэ штраф заплацім, ну, за дастаўку... Ах, чорт вазьмі, чорт вазьмі, як не пашанцавала!»

Радыятар не паддаваўся, дый Міхась неўзабаве кінуў яго выпрамляць — не мела сэнсу. Ад рухавіка патыхала гарачынёй — з раніцы машына прабегла каля чатырохсот кіламетраў, набліжаючыся з далёкай паездкі дадому, пакуль не спыніла яе нечаканае здарэнне.

Уверсе, на шашы, скрыпнулі тармазы. Шэры «Запарожац» спыніўся каля іх; з насыпу, сапучы, пачалі спускацца барадаты таўсцяк і худая жанчына.

— Ну-у, вам пашанцавала! — загаварыў мужчына, убачыўшы Міхася і Ірыну.— З такой вышьші... Як гэта вас?