— Ды ехаў тут чмур адзін...— Міхась пачаў апавядаць пра здарэнне. Мужчына разглядаў пакалечаную машыпу, жанчына падышла да Ірыны.
— Вы ж зусім маладыя. Нябось, бацькі дома чакаюць,— загаварыла яна са шкадаваннем.— Што ж цяпер рабіць?
— Што? — адгукнуўся муж.—- У Дзяржстрах заяўляць, у ДАІ! Машына хаця застрахавана?
— Застрахавана! — загаварыў Міхась.— Перад самай паездкай застрахавалі. Гэта ж трэба— на поўдзень з'ездзілі і назад, амаль што дома ўжо — I раптам такое!
— Жывыя засталіся, яшчэ сто разоў па поўдзень з'ездзіце,— пачала суцяшаць жанчына.— Хто-небудзь сядайце з намі, давязём да раёна.
— Не ўздумайце чапаць машыну,— папярэдзіў мужчына.— А то Дзяржстрах прыдзярэцца — век з яго свае рублі не вытрасеце!
— Іра, можа, ты паедзеш? — гукнуў Міхась.— Я ж цябе тут адну не пакіну. Га?
Ірына падняла галаву. Вочы яе былі нейкія затуманеныя, нібы яна не зусім усведамляла, дзе яна і што з ёю.
— Праўда, едзьце з намі! — звярнулася да яе жанчына. Але Ірына толькі глянула на яе і, адвярнуўшыся, пайшла далей — у бярэзнік, да струхлелага пня. На джынсах ззаду чарнела паласа — след ад сасны, дзе яна сядзела.
Пачынаўся дробны дождж, стомлены і прыціхлы, церушыўся на траву, на бярэзнік, на машыну. Аскабалкі вакол машыны заблішчалі мутнаватымі кропелькамі. Машыны, што адна за адной спыняліся наверсе, хутка аб'язджалі — людзі, упэўніўшыся, што ахвяр няма, спяшаліся — хто ехаў па гэтай ажыўленай дарозе дадому, вяртаючыся з поўдня, хто яшчэ спяшаўся туды — у далёкі свет, прываблівы, цёплы, з сінімі хвалямі празрыстага мора і гарачым ласкавым небам. Пайшлі наверх, развітаўшыся, і барадаты мужчына са сваёй спадарожніцай. Міхась падышоў да жонкі.
— Слухай, што з табой? Ты, можа, ударылася? Ірына падняла галаву.
— Мы ж маглі застацца тут. Навекі. I ўсё адразу б скончылася.
— Дык не засталіся ж,— спрабаваў ён усміхнуцца.— Вось толькі ў выдаткі вялікія ўліплі.
— Гэта не страшна. Ты ж у мяне колькі хочаш заробіш.
— Дарма ты так гаворыш, Ір.
— Як — так?
— Крыўдзіш мяне. Мне грошы, як ты ведаеш, дастаюцца нялёгка.
Яна апусціла галаву. Бялявыя доўгія валасы ўпалі на твар, закрываючы яго — малады твар добра дагледжанай жанчыны, што ў свае трыццаць выглядае танклявай прывабнай дзяўчынай.
— Хіба? — сказала яна абыякава.—- Я думала, што ў цябе заказаў хоць адбаўляй.
— Таму што табе нецікава, чым я жыву, як працую!
— Не будзем пачынаць,— яна страсянула галавой, адкідваючы назад валасы.—- Мы ж маглі застацца тут, вось тут! Разумееш?
— Але не засталіся! — зноў, ужо з раздражненнем, паўтарыў ён.
— А чаму? Чаму мы выжылі?
— Іра, ты не ў сабе! — гучна загаварыў ён.— Але, калі можаш, паедзь, ну, хоць з імі.— Ён кіўнуў у бок чарговых назіральнікаў, якія спускаліся да іх уніз.— Я ж не магу разарвацца! I туды і сюды! Не пакіну ж я цябе тут адну пад вечар! Іначай мы згубім вялікія грошы, ты разумееш! Трэба, урэшце, выбірацца адсюль!
Яна, ашчаперыўшы сябе рукамі, глядзела на яго.
— Мы выжылі, і ўсё зноў пойдзе, як раней, так?
— Пойдзе, канечне. Ці час гаварыць пра гэта? Іра! Ён патрос яе за плечы, схапіў за руку, каб весці да машыны.
— Не чапай мяне! — ускрыкнула яна, вырываючыся.
— Слухай, ты ўся змокла. Не хапала, каб яшчэ захварэла.
Але яна ўпарта вырывалася. Ён са злосцю таргануў яе так, што веерам узвіліся яе доўгія бялявыя валасы і тугая пасма балюча ўдарыла яго па вачах. Тады, не валодаючы сабой, ён рэзка, коратка ўдарыў яе. Ірына вохнула. Імгненне яны стаялі, гледзячы адзін на аднаго. Пасля, коратка ўсхліпнуўшы, яна закрыла твар далонямі і пабегла наперад, блытаючыся ў высокай някошанай траве няўклюднымі моднымі басаножкамі з вялізнымі тупымі насамі. Міхась зрабіў крок за ёй, але пасля, са злосцю пераламаўшы дубец, які замінаў дарозе, хутка пайшоў да машыны, а пасля, выйшаўшы на шашу, угаварыў чарговых цікаўных заехаць у ДАІ і паведаміць аб усім у Дзяржстрах.
Ён вярнуўся да машыны, сеў у кабіну. Ірыны нідзе не было відаць. Дождж зацерушыўся яшчэ болей. Было холадна, і па адзіным уцалелым шкле паволі паўзлі ўніз доўгія падцёкі. Ён адкрыў сумку, дастаў світэр. Трэба было ўрэшце сабраць усе раскіданыя рэчы, зноў запакаваць іх, паглядзець, ці зможа машына хоць крыху рухацца сама. Зноў абышоўшы ўсё вакол, ён заўважыў, што задняе кола спушчана. Значыць, усё-такі недзе парэзалася! Выпяўшы дамкрат, ён пачаў здымаць пашкоджанае кола, з прыкрасцю думаючы пра жонку.
Усе гады свайго сямейнага жыцця ён быў задаволены ёю. Але Ірына, ціхая і простая дзяўчына, за апошпія гады перайначылася — усё болей знікалі яе нясмеласць і вуглаватасць, яна старанна падраблялася пад той тып, які, як ведала, найбольш падабаўся яму — танклявыя жанчыны-падлеткі, з моднымі прапорцыямі фігуры, прыгожа і шыкоўна апранутыя. Калісьці вечна занятая на дзяжурствах у клініцы, яна па яго жаданню перайшла працаваць у рэгістратуру іх ведамаснай паліклінікі, і мілы, крыху лялечны яе тварык выклікаў у ягоных калег замілаванне. Яна, як мышка, ціха рабіла хатнія справы, слухала, склаўшы рукі, размовы, якія вялі яго сябры, прыходзячы да іх у дом. Размоў у першыя гады было шмат — ён толькі кончыў інстытут, толькі пачаў працаваць у майстэрні гравёрам, спадзеючыся з цягам часу перайсці на другі, больш сур'ёзны кругаварот, пачаць рабіць сапраўднае. Пасля, з гадамі, яго работа рабілася ўсё больш патрэбнай, складвалася кола сяброў-кліентаў, усё пашыралася, і цяжэй было пачынаць тое сур'ёзнае, надзея на якое так сагравала яго спачатку. Наадварот, рабілася страшна ад будучага халоднага водгуку, які мог забіць тую надзею, і ён усё адкладваў, адкладваў... А жыццё пачынала з гадамі набіраць паскарэнне, і не было ў ім часу ні на што іншае, апроч бясконцых заказаў, грошай, якіх з кожным годам рабілася ўсё болей і болей, і таго кола, вырвацца з якога ён ужо не імкнуўся... Вось толькі Ірына апошні час стала дзіўнай — нешта чытае, ходзіць на выстаўкі, завяла нейкі дзённік. Можа, ад таго ўсё гэта, што дачка падрасла і часу стала крыху болей, а побыт ужо не патрабуе тых намаганняў, як калісьці, і стала магчымым нарэшце прыдбаць машыну, на якой тры гады запар яны ездзяць на поўдзень.