Збіраючы параскіданыя рэчы і перавязваючы іх знойдзеным у багажніку шпагатам, ён успамінаў размову, якая адбылася ў іх з Ірынай пасля вечарынкі, калі яны сядзелі разам з масквічамі і кішынёўцамі, з якімі атабарыліся разам у зарасніках дзікага тутаўніку, на беразе лімана, вандруючы ў пошуках ціхага месца ў наседжаных і поўных народу краях.
Сабраўшыся ля вогнішча, што расклалі на адкрытым месцы, далей ад машын, яны пілі маладое віно, спявалі, а пасля пусціліся ў скокі, Ірына танцавала лепей за ўсіх. Раскрываючы абдымкі — начы, вогнішчу ці нечаму, што жыло ў ёй, яна ліхаманкава торгалася ў такт хуткім рытмам, грацыёзна і крышку незнарок, як пасміхаючыся, а белыя яе валасы матляліся ўслед за ёй. Яна ўся гарэла, і суседзі — цыбаты Вася з Кішынёва і высокі, крыху нехлямяжы Ігар — нейкі начальнік цэха з Масквы — увесь час запрашалі яе, зухавата вырабляючы каленцы, а іх жонкі сцішана назіралі за імі, стараючыся капіраваць у танцы яе зграбныя, лёгкія рухі.
— Ну, гэтыя беларускі! — ухвальна гаварыў пасля танцаў Вася, выціраючы лоб.— Ціхія-ціхія, а глядзі ты! Ты, Міша, рызыкоўны чалавек. Глядзі, каб жонку не ўкралі!
— Ды нашых дзяўчат крадуць і так,— смяяўся, крыху захмялеўшы, Міхась.— Куды, брат, ні паеду — усюды жонкі-беларускі. На Каўказе, у Чэркесіі, па Поўначы!
— Значыць, шчасце сваё шукаюць,— азвалася Ірына, якая сядзела каля вогнішча, задумліва гледзячы на чырвоныя зыркія вуголлі.
— А што вам, дома дрэнна? — наліваючы яшчэ віна, пытаўся ён і, не чакаючы адказу, палез чокацца з Ігарам і Васем.
Пасля, калі яны ляглі .спаць, Ірына нечакана спыталася:
— А ты мяне любіш, Міхась?
— Чаго? — сонна прамармытаў ён.— Канечне, люблю. Ты ж у мяне прыгожая!
— А калі б не была прыгожая?
— Ну, не ведаю... Спаць хочацца. Хадзі сюды!
Ён хацеў абняць яе, але яна адхіснулася, села, апусціўшы шкло.
— Ігар любіць сваю Таню, а яна ж непрыгожая. Паглядзі, як ён руку ёй перавязваў, калі апякла!
— Сказала — Таню! Ты ў мяне вунь якая.
— Ты любіш мяне паказваць. Як ляльку!
— Ірка, не дуры! — Ён павярнуўся, адкінуўшы коўдру.— Чаго табе хочацца, ну, скажы? Усё зраблю, усё дастану! I не трэба гэтага слюнцяйства: «люблю», «не люблю»!
— Тады дастань мне яблык.
— Што?
— Залаты яблык на сярэбраным сподку.
ЁН прыўзняўся, уважліва паглядзеў на жонку. Твар яе быў сумным, засяроджаным. Куды падзелася ліхаманкавая, сутаргавая нават весялосць. Ірына зараз выглядала старэйшай за свае гады. Ён паспрабаваў пажартаваць:
— У цябе, ведаеш, апетыт!
— Ты ж усё можаш дастаць. Вось і дастань мне тое, што прашу!
Ён зноў лёг, пацягнуўся. Сон праходзіў, прыходзіла прыкрасць. Над ліманамі віселі буйныя, блізкія зоркі, шапатлівая хваля ляніва торкалася ў бераг, як сытае цяля ў цёплы каровін жывот. Далёка над мысам, што клінам урэзаўся ў раку, гарэў пражэктар, і блакітнае святло вялізным веерам вісела над ліманам. Недзе гудзеў катэр. Над тутаўнікам, нябачным у цемры, шалясцеў вецер, і скрозь прагалы чырванела полымя чужога вогнішча і чуўся дзявочы рогат.
— Ладна, калі-небудзь дастану табе і гэта.