Яна апусціла вочы. Куртка была з фірменным знакам. Гэткім жа, як пазначаным кляймом, было ўсё на ёй — і стракатая кашулька, і пантофлі, і ў модных кнопках, гузіках джынсы. Недзе ходзяць тысячы дзяўчат, у якіх тыя ж знакі, тыя ж адмеціны — на кашульках, на пантофлях, на джынсах. Ёй раптам здалося, што ўся яна скрозь таксама пазначана нейкім кляймом, што Міхасю, у рэшце рэшт, можна, калі што, спакойна падсунуць другую — такую ж светлавалосую, высокую, тоненькую — і ці заўважыць ён падмену? I чаму так холадна ў гэтым летнім дні, у гэтым жоўтым бярэзніку, які яшчэ ледзь кранула блізкая восень?
— Лялька, ну, даруй мне! — пачуўся ззаду голас Міхася. Ён, аднак, не абняў яе, і калі Ірына на момант азірнулася, яна ўбачыла, што твар у яго жорсткі, а вочы халодныя і таксама нейкія жорсткія.— Нам заўсёды так добра было разам, так лёгка!
Яна рэзка ўстала на яго дарозе.
— Бо я не замінала табе, праўда? Бо толькі спажывала разам з табой.
— Ну і што? — Ён таксама закрычаў уголас— Што тут дрэннага? Усё гэта чэсна зароблена!
— Мы зараблялі — і гублялі.
— Каго гублялі? — Ён сутаргава ўсхліпнуў.—-Што?
— Сябе! Мы — гэта мы ці нехта іншы, пад каго мы абое падрабляемся, таму што так лягчэй, затое ў цябе — грошы, у мяне — ты!
— Калі ты так будзеш грызці мяне, то...
— То ты пашукаеш іншую?.
Ірына адчувала, што некуды знік яе заўсёдны страх, што ёй лёгка як ніколі. Цудам застацца ў жывых — каб усё было так, як раней?
— I знайду! Такіх, як ты,— процьма!
Яна ўсміхнулася горкай усмешкай, і ён заўважыў, што пад вачамі ў яе цені згусціліся і ляглі трывала і ўпэўнена, а лоб прарэзала маршчынка.
— А гэты сакрэт я ўжо адкрыла. Таму і крычу. Ды мне ўжо трыццаць. Час выбірацца з процьмы... Час быць самой сабой. Адзінай...
Ён махнуў рукой і пайшоў да машыны. Сіратліва і страшнавата чарнелі вывернутыя яе вантробы. Ірына стаяла нерухома. Ля ног, прыбітыя басаножкамі, паволі распрамляліся ярка-зялёныя лісточкі сунічніку, пругкія сцябліны дзеразы. Яна хадзіла тут, тапталася, месячы сваімі. «платформамі» гэтыя сцябліны, а яны ўсё роўна пружынілі, выпростваліся, як быццам прырода наўмысна стварыла іх і пасяліла тут, ля павароткі, дзе, як казалі сёння многія, пастаянна адбываюцца аварыі...
МЫШКА У КАПЕЛЮШЫ
Мама прывезла мех бульбы і поўную торбу прысмакаў — гарбузовых семак, маку, кмену... Калі ляснулі дзверкі таксі і я ўбачыла, як дзелавіта выцягвае яна з багажніка мех і сеткі, я зразумела, што гэта ж, пэўна, мне прыйдзецца зараз, узваліўшы груз на плечы, ісці міма бабулек, што, нібыта куры на седале, сядзяць на лаўцы перад домам. Яны будуць страшэнна здзіўленыя; заўсёды ж бачаць мяне, што называецца, пры «парадзе» — на шпільках, якія ўваходзяць у моду, у вязанай спадніцы і аксамітавым пінжачку, пры ўсялякіх там вісюльках і браслетах. Яны так неадабральна праводзяць мяне вачамі, так гучна абгаворваюць чарговую «вісюльку», што цяпер, пэўна, будуць прыемна ўражаны тым, што я, аказваецца, усё ж свая, вясковая... Таму што хаця мама яшчэ маладая і дужая, і крымпленавая сукенка на ёй такая ж, як носяць тут, у сталіцы, тым не менш твар яе такога чырванавата-бурага колеру і валасы, сабраныя ў вузельчык, так выгаралі каля скроняў, а паходка такая размашыстая, што кожнаму ясна: у хату яна заходзіць толькі позна вечарам, калі падаіла карову і насекла дроў. Адразу адчуваецца, што дні свае праводзіць яна ў полі. Болей звыклыя нагам кірзавыя боты, чым новенькія пантофлі хаця і на невысокім, але ўсё ж абцасіку. У гэтых пантофлях яна нейкая як звязаная. Ідзе ззаду, бойка гаворачы пра навіны, і ўсё ж, адчуваю, пазірае на мяне з нейкім здзіўленнем, як на знаёмага чалавека, які ўзяў ды ўразіў нечым новым і нечаканым.
Мама прыехала да мяне на прэм'еру — вялікі дзень, які сцвердзіць яшчэ аднаго рэжысёра, пакажа яго капрызнай багіні — Крытыцы, заваюе мне прыхільнікаў — калі, безумоўна, спектакль не праваліцца. Я веру, што гэтага не здарыцца, бо яго зацвердзілі на мастацкім савеце, а там прысутнічалі і работнікі міністэрства. Але гэтага мала. Павінна сказаць сваё слова і грамадскасць. Асабліва крытыка.
Усім вядома, што калі яе ацэнка адмоўная, то яна, гэтая ацэнка, будзе гадамі вісець пад няўдачнікамі — акцёрамі ці рэжысёрамі, апярэджаючы кожнае іх пачынанне. Але яшчэ горай, калі над табой павісла яе маўчанне. Бо, калі цябе хваляць ці ганяць, гэта ўсё ж азначае, што цябе бачаць. Калі маўчаць — значыць, ты шэрасць, нішто. Чалавек-невідзімка. I ты колькі хочаш можаш гаварыць пра мастацтва і яго вялікую місію — усе, хто маўкліва слухаюць цябе, ведаюць, што пра цябе м а ў ч а ц ь, і добра, калі ў адказ на твае пыхлівыя дэкларацыі цябе па п'янцы не аблаюць бяздарнасцю альбо і горай! У нашым асяроддзі не надта цырымоняцца адзін з адным, таму што словы ўсім надакучылі, як надакучылі. і ўсе геніяльныя прадбачанні і абяцанні. Ад цябе патрабуецца толькі адно — справа.