Выбрать главу

Мама, у сваім чырвоным крымпленавым уборы, з закатанымі рукавамі, стаіць у пакойчыку буфетчыцы. З нершага позірку бачу, што наша буфетчыца, бой-баба, якую, кажуць, дзесяць гадоў не можа злавіць за руку ніводзін рэвізор, яўна спасавала перад мамай і ледзь пе адчытваецца перад ёю, як школьніца. Справа ў тым, што сёння пасля прэм'еры тут, унізе, павінна адбыцца нешта накшталт званага вечара, як кажуць, «а-ля фуршэт» (мама, дарэчы, так і не запомпіла гэтае слова, толькі пасмяялася, што народ будзе стаяць і глытаць ежу, маўляў, будуць усё рабіць на хаду, як цюцькі). Але яна затое выразна зразумела, колькі трэба бутэрбродаў і ўсяго, што заказана, на тую суму, якую я змагла наскрэбці са свайго сціплага бюджэту. (Дарэчы, мех з бульбай, як заўсёды, будзе мяне выручаць да палучкі.) I цяпер матуля, імгненна перамножыўшы ўсё ў галаве, выбівае з нашай буфетчыцы Лізаветы ўсё, чаго не хапае. Мама не проста ведае цану кожнай капейкі: яна літаральна адчувае яе жывую сілу, таямнічую здольнасць прыцягваць да сябе другія капейкі, мама — прыроджаны эканаміст, ды яшчэ такі, якому прыйшлося галадаць у цяжкія ваенныя гады, а ў пасляваенныя гарбом сваім збіраць на хату, карову, на нас траіх і ў дадатак яшчэ і на бацьку, які час ад часу вынырваў з загадкавых далячыняў сваіх паўночных адысей і вяртаўся дадому, падобна блуднаму сыну,— без рубля, але з абавязковым кульком цукерак для нас з сястрой і Валодзькі.

Калі я ўспамінаю бацьку, то думаю адначасна і пра іншае. Тады прыходзіць здагадка, што, напэўна, ніхто ў свеце не кідаў так ахвотна і беззваротна родныя мясціны, як беларусы, то адыходзячы на заробкі, то на пошукі цуда, адыходзячы ад бяссілля катаржнай працы і дарэмных намаганняў — і так было стагоддзямі. I гэты даўні дух вандровак і пошукаў цуда асядаў у нашай крыві яшчэ з даўніх часоў — калі слалі на Нямізе «крывавыя снапы», калі прыходзілі да нас век за векам — то крыжакі, то татары, то суседзі — бліжнія і дальнія... Што толку было ўзводзіць, калі тут жа гулі вогнішчы, ці варта было сеяць, калі кожную гадзіну маглі гэта патаптаць, знішчыць? I ўсё-такі, думаецца мне, калі б быў у маім народзе толькі гэты — журбы і адчаю настрой — даўно б рассыпаўся ён пяском і не ўзышлі на нашым полі сённяшнія ўсходы!

Я гляджу на маму. У яе на мезенцы шрам — ад сярпа, якім паласапула па руцэ, калі пачула мой плач і, спяшаючыся, дажынала паласу... На правай скроні, схаваная сівой пасмай, няроўная палоска — гэта калі яна брала ваду з калодзежа, а Валодзька падбег з крыкам, што бацька, як перадалі на тэлефоне, загінуў недзе на лесараспрацоўках... Відаць, усё ж моцна любіла яна нашага шалапутнага сінявокага бацьку, калі не ўстаяла на нагах, знепрытомнела, ударыўшыся скроняй аб вільготны бетонны выступ калодзежа!

...Мама злавіла мой позірк, заспяшалася:

— Ідзі, ідзі сабе, дачушка! Тут я сама ўсё зраблю. Ліза мне паможа.

Лізавета, відаць, пасябравала з мамай, таму што яна, папраўляючы пышны абясколераны начос на галаве, прыветліва мне кіўнула, і я прачытала ў яе позірку «Вось ужо не думала, што ў цябе, такой недарэкі, гэткая маці!» Чым жа мама яе ўзяла? Можа, тым, што Лізавета — таксама з вёскі і закранулася нешта ў ёй самае-самае, глыбіннае, дарагое... Сапраўды, паш горад-феномен шліфуе па-сапраўднаму толькі, відаць, у другім пакаленні... Імклівае засяленне яго ў пасляваенныя гады стварыла своеасаблівага гараджаніна, які ў суботу альбо нядзелю, сабраўшыся сем'ямі, спявае вясковыя песні — ажно на ўвесь мікрараён, а на вяселле запрашае падчас не гуллівы эстрадны ансамблік, а невядома адкуль узяты аркестрык з басэтляй, скрыпкай і бубнам.

Таму ў суботу на шашы амаль не ўбачыш машын, якія едуць у горад — усе едуць «дадому», з горада. Так і кажуць: «Паехалі дадому», хаця дом даўно ўжо тут, у горадзе. Вось і я часта кажу сабе: «Паеду дамоў», хаця добра ведаю, што дамоў вяртання няма, я ўжо даўно, шэсць гадоў, гараджанка. Шэсць гадоў — гэта чвэртка майго жыцця, прычым самая мэтанакіраваная, свядомая. А жаданне, якое мною кіравала, спраўдзілася — я стала гараджанкай. О, як упарта я «выбівалася» ў гэтыя гараджанкі! Першы раз не паступіла ў інстытут — пайшла на будоўлю рознарабочай. А ў дадатак запісалася ў гурток бальнага танца пры аўтазаводзе, у секцыю кройкі і шытва ды яшчэ — у музычную студыю. Тры класы музычнай школы я скончыла яшчэ ў нашай вёсцы — тады толькі што яе адкрылі ўвогуле, набіралі ўсіх, у каго быў больш-менш слых. Я пайшла першай, бо марыла быць ні кім іншым, як актрысай. Тады я гаварыла «артысткай», і, хаця мае аднакласнікі падсмейваліся, кажучы, што для партнёра мне трэба будзе шукаць нешта накшталт Эйфелевай башні, я цвёрда ведала: «Памру, але буду на сцэне!» Канешне, дурасцю было лезці яшчэ ў гурток кройкі і шытва, лепей бы трапіць у які драматычны калектыў, але мне тады сніліся па начах каралева Гертруда і лэдзі Макбет, якая, як-ніяк, таксама была амаль каралевай, і я раздумвала над тым, што, калі перш-наперш не навучуся хадзіць так, як у Козінцава ходзіць Эльза Радзіне, то ў лепшым выпадку мне давядзецца іграць славутае «Есці пададзена, мадам». А гэтага мне не хацелася. Начамі я ставіла сабе на галаву вузел, у які запіхвала адзенне, і хадзіла па калідоры з гэтай ношай на галаве, чуйна слухаючы, ці не зарыпіць дзе маснічка. Вузел падаў з галавы ўсё радзей, але аднойчы, закалыханая поспехам, я стала яшчэ і шаптаць маналог Афеліі, і Надзя-тынкоўшчыца, якая нячутна лезла ў інтэрнат праз акно, «застукала» мяне на месцы. Тады мара перастала быць таямніцай, брыгадзір стаў часцей пакрыкваць на мяне, тут жа ўслых шкадуючы, што нічога добрага з мяне не атрымаецца, з гэтай «артысткі пагарэлага тэатра», а хлопцы, адразу засумаваўшы, дружна звярнулі ўвагу на іншых дзяўчат.