Але шытво і кройка пасля не раз дапамагалі, калі прыходзілася дацягваць да стыпендыі. Дзяўчатам заўсёды патрэбны ўборы, і, хаця я высакародна адмаўлялася ад платы, тым не менш галадаць мне ніколі не даводзілася. Краўчыха і парыкмахерка, манікюршчыца ды гандлярка — такія прафесіі, якім даступна ўсё, што іншым смяротным недаступна, хаця б, скажам, білеты на гастролі маскоўскіх тэатраў, ужо не кажучы пра патрэбы менш духоўныя. I ўсё ж я рвалася да ежы духоўнай.
Дзівам было, што мяне ўвогуле прынялі ў інстытут. Калі параўноўваць тое, што ведалі многія мае гараджане-аднакурснікі і засвоіла са школьнай праграмы я, то на мой кошт адносіцца калі ўжо і не круглы нуль, то нешта накшталт гэтага. Вакол завязваліся гутаркі, спрэчкі, называліся імёны, але я маўчала, сціскаючы зубы, не звяртаючы ўвагу на насмешлівыя позіркі і ўсмешкі. Праўда, гэтак было на першым і другім курсах, а на чацвёртым сціскаць сківіцы даводзілася ўжо іншым — тым маім дзяўчаткам, якія, скокнуўшы ў тэатральны, лічылі, што галоўны абавязак іх перад жыццём выкананы. Гадзіны, якія яны трацілі на нікчэмныя спрэчкі і жвачку, якую жуюць ва ўсіх зборышчах так званых «слівак грамадства», я праседжвала ў бібліятэцы, ездзіла ў Маскву амаль на ўсе новыя спектаклі любімых тэатраў і, хаця пасля адрабляла ўсе гэтыя паездкі, не шкадавала ні аб чым. Дый лёс быў літасцівы да мяне. Праўда, праўда! Іначай я не сустрэла б яго, Маланіна.
Так, яго — вядомага ў мінулым рэжысёра, а цяпер прафесара. Ды не, зараз ужо і не прафесара, і не рэжысёра... Я еду на могілкі заўсёды адна, каб нічыё слова ці жэст не перашкодзілі пабыць з ім, зноў убачыць яго, Уладзіміра Нічыпаравіча, успомніць, як углядаўся ён у няўмелую, смешную, але, відаць, даволі нахабнаватую абітурыентку. Я была нахабнай ад боязі, ішла напралом, як ідзе спалоханае цяля, не заўважаючы ні калючак, ні цвёрдых галін... Што ён разгледзеў ува мне, калі я чытала вершы? Рызыкуючы выклікаць незадавальненне прыёмнай камісіі, усё пытаўся: як уяўляю сабе тую ці іншую сцэну спектакля, як ацэньваю дэкарацыі ў апошняй пастаноўцы нашага акадэмічнага? Дзякуй богу, я глядзела ўсе спектаклі, якія ішлі ў тэатрах горада, і, можа, якраз гэта паказала яму, што ёсць ува мне нейкая ўтрапёнасць, што не проста хачу паказаць сябе на сцэне — у некаторых гэта было проста на твары напісана — самалюбаванне, як у павы якой. Хаця і тое праўда — я ж таксама паказвала сябе, умудрыўшыся паказацца перад камісіяй у доўгім цыганістым адзенні, з чырвонымі таннымі каралямі вакол шыі, з аголенымі рукамі і распушчанымі валасамі. О, тады мне здавалася, што я выглядаю ледзь не гераіняй нейкай п'есы, тым болей, я рыхтавалася чытаць трагічныя маналогі аб каханні — а як жа іх было чытаць у міні-спадніцы? Але Маланін нешта ж убачыў скрозь гэтае смешнае, канешне ж, недарэчнае аблічча, нездарма ён так доўга мучыў мяне і камісію, углядаючыся, як бы стараючыся нешта ўбачыць... а пасля нечакана прапанаваў пайсці да яго на рэжысуру.
Пра рэжысуру я неяк зусім не думала. Можа, таму, што, паланіўшыся цудоўнай ілюзіяй жыцця, якую падарыў нам неяк абласны тэатр, зазірнуўшы падчас гастроляў у вялікую суседнюю вёску, я думала толькі пра тых, каго ўбачыла на сцэне. Не тое каб зусім не ведала, што такое рэжысёр, але неяк не звязвала яго з чарадзействам, якое пераўтварае свет, якім мне ўяўляўся спектакль. Але калі Маланін суха паведаміў, што наўрад ці прайду на акцёрскі факультэт, я перастала сумнявацца. Ды і хіба ведала я тады, што рэжысёр — гэта стваральнік, што ягоным рукам паслухмяныя вобразы — усе новыя вобразы бясконцых персанажаў, якімі суцяшае сябе чалавецтва вось ужо тысячагоддзі? I ад яго залежыць, што ўбачыш ты ў спектаклі? Што гэта ён чытае і перакладае твой крык, тваё патрабаванне жыццю?!