Мае акцёры чакаюць мяне. Гэта — сапраўды мае акцёры. З многімі я вучылася разам, і як няпроста было прымусіць іх успрымаць сябе як настаўніка. Як творцу! Але надзіва гэта ўдалося. Можа, ідзе такое ад мамы, якая таксама невядома як, але ўмудраецца заўсёды і ўсюды падпарадкаваць сабе абставіны. А імкненне да справы бескарыснай, ілюзорнай, з яе погляду,— гэта чыё? Можа, бацькава? Маме многае ў маёй рабоце не зразумела, яна жыве ў цвёрдым, рэальным свеце, але ж любіла яна бацьку — яна, такая цвярозая, такая рэальная! Значыць, свету мы патрэбныя, значыць, ён сапраўды чагосьці шукае, хай нават насуперак свайму жаданню! А пакуль такое будзе ў чалавечай душы — няхай жывуць Арлекіна, дзівакі, што аддаюць на тое, каб распаліць агонь ілюзіі, гарэнне душы!
— Мілка, цябе можна?
Азіраюся — і нібыта спатыкаюся на лёдзе. Валянціна! Навошта ёй было прыходзіць? У хаце б ёй сядзець, каля тэлевізара, каб не думаць пра сённяшняе, каб не з'ядала горыч ад таго, што свой шанс у гэтым тэатры яна страціла — шанс, дадзены мною, падораны ёй дзеля нашага сяброўства...
— Я не затрымаю...
Голас Валянціны дрыжыць, на твары такі боль, што глядзець на яго немагчыма. Валька, з якой мы пяць гадоў жылі ў адным пакоі, дзелячы ўсе радасці і цяжкасці студэнцкага жыцця, просіць, каб я з ёй пагаварыла! Скажы нам хтосьці, што наступіць такая хвіліна,— ды мы засмяяліся б, зарагаталі, як вар'яткі! Ужо напачатку было вырашана, што будзем прасіцца ў адзін тэатр, куды б ні прапанавалі, але ў адзін. Разам будзем працаваць — не да сёмага — да сто сёмага поту! Каб сказаць сваё слова ў мастацтве, каб выказаць тое, на што толькі ты здатны і нават на што не здатны... Што ж, свае абяцанні я выканала. Настояла, каб узялі яе ў гэты тэатр — сталічны, хаця жанчын і ў ім, як усюды, процьма. Тэатр гэты, праўда, самы небяснечны. Актрыса тут часцей іграе дзяцей. Тут патрэбны гнуткасць, грацыёзнасць і асабліва — маладосць. Болей чым дзесьці...
— Паслухай, дай мне Прынцэсу. У наступны спектакль. Га?
Здаецца ж, усё перагаворана. Нашто ў соты раз пачынаць размову, якая не дасць вынікаў? Яна не хоча прымірыцца з тым, што сама страціла свой шанс.
— Мы гаварылі аб гэтым.
— Але чаму, Міла? Да наступнага спектакля — тыдзень. Я дакажу табе!
— Не, ужо не дакажаш.
Валянціна была, бадай што, самай таленавітай на курсе. Ёй цяжка прывыкнуць да таго, што талент — гэта не ўсё. Патрэбна работа.
— Я цябе ўключыла ў спектакль. Паставіла першай выканаўцай, Бялецкую — другой. Чаму яна выцесніла цябе, а не наадварот?
Яна мыкнулася, але змоўчала. А я працягваю, ужо не шкадуючы ні яе, ні сябе:
— Таму што яна працавала як апантаная. Брала ўрокі харэаграфіі. Апроч таго, у свае дваццаць восем штодзень бегае кросы, трымае фігуру, а ты...
— У мяне дзіця, ты ж ведаеш!
Каму, як не мне, гэта і ведаць?! Хто купляў пялюшкі, бегаў у раддом з бясконцымі пакупкамі і ўрачыста выносіў з прыёмнага пакоя Белку, каб уручыць шчасліваму бацьку? Але ніхто з тых, хто будзе глядзець спектакль, не захоча ведаць, што ў актрысы дома — маленькае дзіця, затое ўсе будуць бачыць, што яна скаваная, няўклюдная, запінаецца і забывае словы. Ніхто не будзе пытацца — чаму? Валянціна не справілася з роллю. I тое, што Прынцэсу будзе прадстаўляць не яна, а Бялецкая — справядліва. Але чаму я стаю перад ёю і жадаю сабе праваліцца куды-небудзь — хаця б пават у пекла? Валька, якая карміла мяне, хворую, з лыжачкі і дзялілася апошнім! Яе вялікія блакітныя вочы наліваюцца слязьмі, і яна робіцца прыгожай. Мне хочацца забыцца на тое, што яна вечна ўцякала з рэпетыцый, што фігура яе стала амаль бясформеннай, што ўсе мае спробы займацца з ёю асобна яна проста тапіла ў мяккасці, нейкай бабскай гуллівасці («Пасядзім, успомпім студэнцтва, а я назаймаюся пасля, сама!»). Але ж як забудзешся? Як дасі ёй іграць ролю, якую не прыме ніводзін мастацкі савет? Рэжысёр — ён не бог. Над ім столькі яшчэ ўсякіх бажкоў! Дый сама б сабе я не дазволіла выпусціць яе на сцэну. Чатыры месяцы падрыхтоўкі паказалі мне яскрава: на сцэну ёй увогуле цяпер нельга.
Але ж што ёй рабіць? Чым займацца? Хатняй гаспадаркай? Гатаваць стравы свайму Мікалаю? Вазіцца з пялюшкамі? Валянціна жахаецца гэтага. Жахаецца — і не працуе, нібы спадзяецца, што усё прыйдзе само сабой. Не прыйдзе, дарагая, не прыйдзе! I я казала табе гэта дзесяткі разоў.