Дый штосьці ўсё ж не даходзілі мае прамовы, відаць, спадзявалася, што ў апошнюю хвіліну возьме верх сяброўства, што будзе яна іграць Прынцэсу, нікуды, маўляў, не дзенецца рэжысёр! I думка такая робіць мяне каменнай.
— А ты верыш, што будзь я на тваім месцы, то ўсё роўна займалася б як проклятая?
— То ты!
— А ты чым горшая?
За гады, праведзеныя сярод тэатралаў, не раз даводзілася бачыць геніяў, што спіліся, так і не здзейсніўшыся. Нешта заўсёды перашкаджала: то не было кватэры, то грошай, то дрэнная жонка, то вось, як цяпер, дзіця...
Стоп! — абрываю сваю злосць. Можа, сапраўды я занадта жорсткая? Але што рабіць у такім становішчы, што? Валянціна пастаянна спадзявалася, што за мной яна — як за каменнай сцяной, што я — вечны рухавік яе таленту. Усё! Скончыўся вечны рухавік!
— Ты можаш атрымаць другую ролю. Пазней, як здам гэты спектакль.
— Другую! Гэта толькі абяцанка! Не, ты павінна пакінуць мне Прынцэсу! Хаця б падменай Бялецкай!
Бяру яе за руку - бязвольную мяккую руку, цягну па калідоры. Валянціна міргае цёмнымі вейкамі, маўчыць.
— Што ты сёння рабіла?
— Я? — яна прыпамінае.— Ну, устала. Белку карміла. Прыбірала. Чытала са старых лекцый.
Мы спыняемся каля ўборнай, дзе Бялецкая, ужо ў сукенцы Прынцэсы, не ў поўную сілу, але працягвае свае бясконцыя па. Яна круціцца па пакойчыку, уваяжліва, халаднавата вывучаючы сябе ў люстры. Вось падцягнула складку, задумалася. Пасля ўстала на пуанты, балюча зморшчылася, але перамагла сябе, какетліва ўсміхнулася і закружылася зноўку.
— Так вось павінна была б рабіць і ты. З анучай, з каструляй. З чым заўгодна, але каб пасля не падаць з пуантаў, не забываць словы ролі. Калі зразумееш гэта — прыходзь.
Яна вырывае руку і, скажаючы грымасай прыгожы твар, віскліва шэпча:
— Ты таму... таму ўзяла Бялецкую, што ў яе муж заслужаны артыст. А я... я ніхто! Толькі таму! I не прыкрывайся салодкімі словамі! Я заўсёды ведала, што ты, калі трэба, і па трупах пойдзеш, абы зрабіць сабе кар'еру!
Яна ўжо крычыць. З суседніх пакояў выглядваюць артысты. Валянціна плача, закрываючы твар рукамі. Я хацела абняць яе, але яна тарганулася з усіх сіл, крыкнула:
— Пакінь мяне ў спакоі! Чуеш!
Штосьці нібыта абрываецца ўва мне — павольна, але балюча, так, што мне хочацца закрычаць ад болю. Але тут выскоквае Пачвара і, беручы Валянціну, нешта шэпча ёй. I гэта міжволі нагадвае мне сцэну, дзе маленькая Мышка бегае ў капелюшы Велікана і ніяк не можа выскачыць адтуль. Я тады тлумачыла стан Мышкі:
— Яна ў паніцы, і ўвесь свет звузіўся для яе, ён набыў памеры капелюша. Шмат намаганняў трэба зрабіць Мышцы, пакуль яна зразумее, што ёсць па-за капелюўом вялікі, прасторны свет...
Наіўная дзіцячая казка з глыбокім падтэкстам! Божа мой, мы маем справу з казкамі, але ці ведаем мы, што сучасная навука ў казках знаходзіць тлумачэнне касмічных з'яў, што залатое яйка, знесенае шэрай курачкай — Сонца, народжанае космасам, каб сагрэць чалавечую душу? Цемрай старадаўніх патаемных ведаў дыхае казка — такая няпростая, такая даступная для ўсіх...
Валянціну павялі прэч. Азіраюся, гавару знарок сухавата, быццам нічога не здарылася:
— Спектакль праз дваццаць хвілін. Усе гатовыя?
I ўсе ківаюць галовамі, разыходзяцца па грыміровачных пакоях. Што яны думаюць самі сабе, чым будуць абменьвацца пасля? Папракнуць мяне могуць толькі за тое, што я сапраўды цягнула Валянціну, як, відаць, некалі цягнулі лодку па валоках. А лодка яшчэ і ўпіралася...
Крычу апраўданні: у нас у тэатры шмат актрыс, якім я павінна была б прапанаваць гэтую ролю ў першую чаргу — ім, а не ўчарашняй вынускніцы! Але калі апраўдваюся — значыць, у нечым адчуваю сябе вінаватай!
Яшчэ і спектакля не было, але вось адарвалася ад сэрца нешта, страта чаго будзе адгукацца і адгукацца... Было такое: каб будучы звон гучаў лепей, у плаўку пырскалі чалавечую кроў...
— Багуміла Антонаўна, вас да дырэктара.
...Дырэктар падцягнуты, сухаваты і надта дзелавіты. Ён цудоўна ведае, што ўсё ў парадку, але тым не мепш усчынае сапраўдны допыт: «Дэкарацыі не пашкоджаны? Акцёры гатовы? Пачвара,— тут ён папраўляецца,— артыст Фармовіч — без лішняй весялосці? Як касцюмы?» I гэтак далей, да бясконцасці. Яму нібыта хочацца лішні раз падстрахавацца, за ўсё, што б цяпер ні здарылася, адказваю я адна, ён жа ўсё прадугледзеў, праверыў... Нават тую абставіну, што артыст Фармовіч можа нават і каўтануць перад спектаклем якую чарку. Ужо двойчы з'яўлялася чарка, але Фармовічу пакуль усё даруецца, таму што ходзіць упарты слых, што ў яго там, «наверсе», нехта ёсць, а дырэктар наш ой як не любіць псаваць адносіны з любым начальствам. Вось калі б я ўзяла на сябе гэтага Фармовіча, тут бы ён падтрымаў мяне ад душы... Але Фармовіч, на шчасце, цвярозы, як сляза. Ён надта хацеў атрымаць гэтую ролю і шчыра ўдзячны мне за тое, што не паслухалася нікога і не дала яму вось ужо трэці месяц быць у прастоі. Ён добры хлопец, Фармовіч, але любіць часам выпіць, а калі хоць крыху вып'е, рэжа ўсім праўду ў вочы. Вось у чым сакрэт яго непераможнасці: зачапі — ён такое пра цябе выкладзе ўсяму свету! I я дакладна ведаю — няма ў яго нікога «наверсе», але ўсё роўна наш асцярожны дырэктар маўкліва чакае, ці не «з'есць» Фармовіча хто з рэжысёраў. Ну, гэтым людаедам буду не я! I, дарэчы, мне час: да спектакля засталося пяць хвілін! А трэба яшчэ пасадзіць маму: без мяне яна не сядзе нізавошта. Побач з ёю ў ложы я пасадзіла плойму нашых інстытуцкіх, яны хоць і былі на здачы, але захацелі паглядзець, як пройдзе прэм'ера. Перш чым пакінуць ложу, паспяваю перакінуцца з імі апошнімі навінамі: хто, дзе, каго...