— Віця, ты папрасі яе, хай дазволіць мне паказацца ў «Феі»,— гучыць ласкавы галасок, які я пазнаю — Каця Слаўкова, дублёрка.
— Табе ж яна не адмовіць,— падхоплівае нехта з хлопцаў.
Віктар гаворыць у адказ усяго чатыры словы, але яны — як аплявуха па твары, як крапіва, якая абпальвае, калі прабіраешся па лузе, як нечаканая падножка, калі бяжыш, падскокваючы, па вуліцы:
— Што точна, дык точна!
Можа, вінаватыя не самі словы, вінаватая толькі інтанацыя — зухаватая, самаўпэўненая, лянотная? Калі так, то я буду цяпер ведаць, што забіваць могуць не толькі словы, але — і інтанацыя...
Вахцёр каля ўваходу паглядзеў на мяне са здзіўленнем. У лёгкай сукеначцы — на холад? Вераснёўскі вечар прыняў мяне ў абдымкі, я ўляцела ў яго, як камета. На цёмным, ужо вільготным асфальце ляжыць цяжкое жоўтае лісце клёнаў, вяршаліны шумяць пакорліва і ціха, нібыта скардзячыся камусьці ў вышыні, поўны раўнадушны месяц прабіваецца скрозь галіны, кладзецца на руку светлым лістком серабра... Сукенка на спіне прамакае ад вільготнай таполі, ля якой я стала, нібы стараючыся выстаяць... Мае першыя страты! Першыя... Колькі іх яшчэ будзе на маім шляху? А спектакль нават яшчэ не скончыўся!
«Я табе казала, дачка, ідзі лепей у тэхнікум! — сказала б мама цяпер.— Вунь Аня маладзейшая, а ў яе хата якая! А Валодзька? Таксама маладзейшы, а ўжо «Масквіч» купіў, дзеўку якую выбраў. Тут табе адна калгатня!»
Чую твой голас, мама, і таму не скажу табе анічога. Проста, можа, прыціснуся да тваёй рукі, заплюшчу вочы, Я сама выбрала сабе дарогу і гатовая прыняць усё, што выпадзе на мой лёс. Прыняць, і змагацца, і пераадольваць боль у сэрцы, і страчваць!
Далёкія зоркі ледзьве бачны на туманным гарадскім небе. Ім, каб яны маглі чуць мяне, было б смешна: столькі абяцанняў, столькі клятваў ім даводзіцца чуць скрозь далёкі шэпт вечнасці! Але ўсё роўна кідаю вам выклік — я, маленькая, слабая пясчынка, таму што адбываецца і адбудзецца — маё ўласнае жыццё, адзінае і непаўторнае.
Дык хай адбываецца ўсё, што наканавана!
— Вагуміла Антонаўна! Вас клічуць. Антракт канчаецца!
Кліч здаецца далёкім, але ў рэшце рэшт насцігае мяне. Уваходжу ў тэатр, іду за памочніцай. Насустрач стратам. Насустрач маёй першай прэм'еры...
ЗАЧАРАВАНАЯ ПІВОНЯ
Трэці дзень ішлі дажджы, і дзяўчаткі, што кватаравалі ў Веры, прыходзілі запэцканыя вязкай карычневай глінай, з чырвонымі замерзлымі рукамі, якімі яны цэлы дзень корпаліся ў зямлі, выбіраючы бульбу. Веры дзяўчаткі падабаліся, асабліва адна са студэнтак, Галя — ціхая, нясмелая дзяўчына з доўгімі русымі косамі, у пушыстым світэры шчыльнай хатняй вязкі, які ладненька ляжаў на яе худзенькіх плячах. Другая, Аня, была байчэйшая, прыходзячы, рагатала, расказвала пра ўсё, што адбывалася на полі, прытым з гумарам, умеючы ўбачыць смешнае ці недарэчнае. Бабка Аўгіння палюбіла болей Аню — тая, павячэраўшы, сядала бліжэй да яе, з цікавасцю гледзячы, як белыя касмылі поўсці ператвараюцца ў тонкую, зграбную нітку. Вера, хаця жыла ў хаце ўдзвюх з цёткай, якую звыкла клікала бабуляй, трымала карову і авечак, робячы, як сама казала, сабе клопат. У вёсцы кароў ужо трымалі нямногія, бо ў саўгасе была ферма, а для ўласнай каровы даставаць і рыхтаваць сена было складана. Але Вера не ўяўляла сабе жыцця без сваёй Красулі, без яе ціхага мыкання на досвітку, без ласкавых дотыкаў шурпатым языком, нетаропкасці, з якою ішла карова ў хлеў, не чакаючы, пакуль яе туды загоняць. Вера ўвогуле любіла ўсё жывое — заядла, самаахвярна, як быццам усё жывое, што тыцкалася, мітусілася, корпалася каля хаты, мацней звязвала яе з жыццём, лягчэйшай рабіла адзіноту. Галя некалькі разоў прасілася разам з ёю ў хлеў, каб падаіць Красулю, і карова, на вялікае здзіўленне, падпусціла дзяўчыну да сябе і цярпліва стаяла ўвесь час, чакаючы, пакуль тонкія Галіны пальцы не вызваляць яе ад цяжкага, што напаўняла ўсё яе вялікае вымя, малака.
— Глянь, слухаецца цябе, дзеўка! — здзівілася Вера, і худы, пасечаны маршчынамі твар яе засвяціўся ўсмешкай.— Гарадская, а даіць адкуль умееш?
— У цёткі карова ёсць, вось і навучылася,— Галя ласкава пагладзіла карову, падняла вядро.
— А дзе ж твая цётка? — працягвала роспыт Вера. Ёй было прыемна гаварыць з дзяўчынай, і яна не спяшалася ў хату.
— На Алтаі, цёця Вера.
— Гля-я, ажно на Алтаі! А ці там таксама кароў трымаюць?
— Чаму ж не? Там лета яшчэ больш гарачае, чым у нас,—- Галя апусціла вядро, Красуля падышла да яе, ласкава тыцнулася пысай у спадніцу.