— А я ж была прыгожая, прыгожая, пе тое што цяпер, як стары пянёк! — гаварыла сястра Антоля, а маладая жанчына гушкала Васілька, думала пра сваё. Часам кажан, разляцеўшыся, з маху чапляўся за белы покрыў і тут жа пікіраваў уверх, спалоханы гнеўным жэстам Алены. Было ціха-ціха, і спакой панаваў у Аленінай душы, толькі недзе глыбока, як пастаянны боль, да якога прыцярпелася, свідравала думка пра Васіля.
— Выпі ты,— час ад часу падавала кубачак вартаўніца.— Гэта малага. Табе можна.
— Што вы, цётачка! — неяк адмахнулася Алена.— Не буду я!
— «Цётачка»... Эх ты, вёска! — захмялелы, нейкі разгладжаны твар вартаўніцы ўсміхаўся, але вочы яе туманіліся ўспамінамі, і яна, робячы паўзу, зноў пачынала гаварыць, гаварыць... Шалясцела парадзелая лістота, з шоргатам падалі і падалі на белую старожку кляновыя лісты, на ціхай вулачцы гулка цокалі крокі загулялага прахожага. Часам з недалёкага рова даносілася журчанне ручая, што губляўся ўнізе ў гушчары дзядоўніку і шчаўя. Свежым халаднаватым вецярком, што ішоў з Нёмана, абдувала плечы сястры Антолі. Яна ўставала, зачыняла дзверы, але хутка ізноў адчыняла іх — ёй заўсёды не хапала паветра, цяжкае ўдушша прымушала яе курчыцца і стагнаць, і тады спалоханая Алена ўкладвала яе тут жа, на лаве, і махала хусткай.
Але аднойчы пад вечар сястра Антоля прыйшла да Алены сама.
— Вайна пачалася, ты ведаеш? — сказала яна спалохана.
— Вайна? — сэрца ў Алены здрыганулася, яна хутка зірнула па ложак, дзе спаў сын.
— Немцы ідуць, чуеш? А нашы як зайцы. Што ж гэта робіцца? — Антоля выглядала пастарэлай, зняможанай.
— Куды ж мы? — ціха прашаптала Алена.
— Нас не выганяць. Мы пры любых варунках выжывем. Але ж калі айчыну чужыя боты топчуць...— сястра Антоля не дагаварыла, твар яе зрабіўся жорсткі.— А табе трэба будзе месца шукаць. Чула я гаворку. У такі час трымаць жонку бальшавіка. Ідзі, дзяўчына, шукай сабе шчасця. Не чакай, покуль папросяць.
— Няма мне куды ісці! — з адчаем загаварыла Алена.— Можа, хіба Васіля выпусцяць.
— Хто яго выпусціць? Бальшавікі — яны і для немцаў як зараза. Не, ніхто яго не вынусціць. Так і памрэ ў турме.
Сястра Антоля паўтарала гэта з шаленствам, худзенькі тварык яе перакрывіла.
— Гэта яны вінаватыя! Яны! Радзіму прадалі немцам!
— Што вы гаворыце! — Алена хацела, па звычцы, змоўчаць, але нешта таксама паднімалася ў ёй — адчай ці нянавісць, яна не ведала.— Ці ж мой Васіль — прадаваў радзіму?!
— Вы, вы вінаватыя! Вы! — ужо амаль крычала сястра Антоля.
Толькі цяпер заўважыла Алена, што вочы яе несвядома туманяцца, а шчокі ліхаманкава гараць. Яна здзівілася і таму, што асцярожнасць пакінула сястру Антолю, і нават пашкадавала яе.
— Што змоўкла? — падступалася тая да Алены.— Знаеш, што вінаватая! I каб нагі тваёй болей не было ў маёй старожцы! Чуеш?
Алена моўчкі адступіла. Злосць яе прайшла, разгубленасць падступала ўсё болей і болей пад грудзі, як даўкі камяк, які ні праглынуць, ні перацярпець. Сястра Антоля, пахістваючыся, пайшла прэч.
Маладая маці спалохана стала збіраць свае няхітрыя пажыткі. Калі ўжо ціхая сястра Антоля загаварыла гэтак, то што ж скажуць іншыя? Яна ўзяла Васілька на рукі, закінула торбачку за плечы і выйшла на двор.
Халодны, непрыветлівы, канаў дзень. Ружовы захад гарэў і дыхаў пагрозай. Каменныя сцёртыя пліткі ярка блішчалі пад апошнімі праменнямі. Бліскучы глянцавы каштан сарваўся з дрэва, што расло за агароджай, упаў да яе ног. Яна з цяжкасцю нагнулася, падняла свабоднай рукой, адчуваючы прахалоду яго цёмна-карычневай спінкі.
— Вось і цацка табе гатовая, сынку. Восень падарунак прыслала...
Вецер біўся аб сцены кляштара, ірваў канцы хусты, якой яна абвязалася. Асцярожна прыціскаючы да сябе хлопчыка, яна прысела на халодную дубовую лаву каля брамы. Сястра Антоля зыркнула з акна, але змоўчала. Дзіця заплакала, Алена павольна заспявала, стрымліваючы слёзы:
— А-а, мой каток... Ты не плач, мой залаты. Пакуль сонца ўзыдзе, твой бацька прыйдзе...
Ёй здавалася — цемра ўсё шчылыіей ахутвае яе нечым задухлівым, чорным і ў халодным пустэльным свеце для яе толькі дзве жывыя мясцінкі — там, дзе б'ецца сэрца яе Васіля, і тут, дзе ляжыць цёплы камячок. Дзіця, відаць, сагрэлася і змоўкла, пасопваючы крыху прастуджаным носікам. Здалёку, ад сэрца Васіля, нібыта ішоў промень цеплыні, саграючы і яе і сына, і ёй рабілася страшна, калі ўяўлялася, як мала трэба, каб перарваўся той тоненькі, як іголка, праменьчык. А можа, калі яна пойдзе адсюль, яму, праменьчыку Васілёвай цеплыні, цяжэй будзе іх шукаць у вялікім горадзе? Тут што ні кажы, а ўсяго некалькі кварталаў да турмы... Яна сядзела, калыхаючыся ў такт песні, і заплюшчвала вочы, стараючыся як мага больш ясна і чотка ўбачыць мужа. Вось ён прыйшоў з работы, мыецца. Яна, Алена, палівае з вялікага збана ваду яму на шыю, а ён чмыхае ад задавальнення, выгінаецца, каб дастаць абмылкам сніну, а мышцы так і ходзяць пад смуглявай скурай... Яна заўсёды была дзіўна гарачай, ягоная скура,— і тады, калі ён прыходзіў з фабрыкі змёрзлы, у кажушку, які яна цыравала, колючы пальцы, і летам, калі ішоў з першай змены, трымаючы пад пахай палатняную торбу, куды яна клала яму ежу — па ёй цёмнымі плямамі расцякаўся пот. Мінулай зімой, калі над каменнымі сутарэннямі горада дзіка завывала завіруха, яна часта не спала па начах, прыціскаючыся да мужавых грудзей, адчуваючы, як роўна б'ецца ягонае сэрца, і шчымлівыя слёзы выступалі на яе вачах. У іх не было горычы, наадварот — шкадаванне, надзея і нешта галавакружнае як закіпалі ў грудзях. Ёй здавалася, што так заяўляе нра сябе цяжарнасць, і яна здзіўлялася толькі аднаму: заўсёды казалі жанкі, што няма нікога раднейшага за дзіця, але ці мог ёй быць хто раднейшым за Васіля?! Яна старалася не думаць пра тое, што яны так і не маглі ажаніцца — не давалі на гэта дазволу таму, што яны з мужам былі рознай веры,— а проста спадзявалася, што ўсё адбудзецца неяк само сабой.