— Таму і ў дзеўках засталася,— падхапіла Аня.— Не, я не такая. Калі б тут усяго адзін хлопец быў, той бы маім быў, пэўна.
— А Красуля ведаеш колькі малака дала! —- пачала гаворку Галя, якой не хацелася гаварыць пра хлопцаў, таму што яна, па-першае, саромелася ўвогуле многа гаварыць пра іх, а па-другое, крыху пабойвалася вострага языка Ані, якая магла нешта і перавярнуць, перакруціць у размове і пасля бязлітасна выставіць гэта на агульнае абмеркаванне.
— А вунь Віцька за намі бяжыць,— весела азірнулася Аня, і яны, забыўшыся на ўсё, пачалі гаварыць пра тыя дробязныя падзеі, якімі жывуць людзі, абмяркоўваючы ўсё, што здараецца з суседзямі. Курс яшчэ толькі прывыкаў да студэнцкага жыцця, абжыываўся, студэнты пільна прыглядаліся адзін да аднаго, бо разам будуць яны пяць гадоў — цэлая вечнасць наперадзе! I яны ўспаміналі пра Веру і бабку Аўгінню толькі вечарам, вяртаючыся на кватэру, занятыя сваімі клопатамі і тым новым, што прыходзіла кожны дзень.
А дні ішлі, і то распагоджвалася, то зноў усё навокал ахутвала халодная шэрая імгла, і Вера неяк злавіла сябе на думцы, што ўпершыню яна спяшаецца дадому не таму, што там чакае галодная Красуля альбо стогне на печы, грэючы кашчавае, але ўсё яшчэ моцнае цела, старая Аўгіння. У хаце, прасторнай, заўсёды акуратна прыбранай, з белымі сурвэткамі і вышыўкамі на сценах, з вялізным дываном, некалі купленым Верай за прэмію, цяпер было неяк па-новаму цёпла, і яна сумавала, калі Аня і Галя ішлі вечарамі да сябровак ці, па суботах, бегалі на танцы ў сельскі РДК, што быў у суседняй вёсцы Межаве. У трэцюю суботу Вера, падаіўшы карову і павячэраўшы, сядзела ля тэлевізара, пакуль не скончыліся ўсе вячэрнія перадачы, а пасля, пахадзіўшы крыху па хаце і яшчэ раз працершы падлогу, села, як некалі, за вышыўку.
— Спаць бы ішла! — буркнула з печы баба Аўгіння.— Чаго вочы псаваць? Вунь усю хату тымі вышыўкамі закідала!
— Кросны з хаты выжылі, цяпер вышыўка перашкаджае? — нязлосна адклікпулася Вера.
— А каму твае кросны патрэбны? Мужыка яшчэ знайдзі, каб іх начыніць. Ідзі спаць, ідзі, без цябе прыйдуць дзеўкі!
За доўгія гады яны навучыліся ладзіць адна з адной, хаця, беручы пасля вайны адзінокую цётку да сябе, Вера не раз са страхам думала, што не, не ўжыцца ім з Аўгінняй: не адзін раз тая сварылася з раднёй, а болей за ўсіх з Верынай маці, ціхай, нязлоснай Таццянай. «Болей за ўсіх любіла сястру, таму і дурыла,— неяк прызналася яна пляменніцы.— Свае дзеткі адпрэчаць, а Таццяна пачне супакойваць, я адразу і адыходжу». Можа, якраз гэта і прыцягвала яе ў Веры, да якой яна і прыйшла, каб разам дажываць апошнія гады, бо нікога амаль не засталося ў жывых з іхняе радні. I цяпер Вера сядзела, схіліўшыся пад вышыўкай, час ад часу пазіраючы наверх, дзе драмала старая. Не, добра, што жывуць яны разам, родная душа і паспачувае, і гора дапаможа перажыць. Адно толькі — каб не памірала баба Аўгіння, не пакідала яе адну. Зусім адну...
Нітка так і мільгала ў яе руцэ. Даўно не вышывала, ох, даўно. Апошнім часам сталі горай бачыць вочы, прыбавілася нейкіх спраў, а можа, усё ад таго, што не магла яна цяпер так лятаць па хаце, як раней, упраўляцца з работай — і сваёй, па дому, і мужчынскай — рамантаваць дах, заскародзіць соткі... Тады, раней, саўгаса яшчэ не было, на працадзень — мышы не ўкусіць, але ўсё роўна шчыравала яна і дзень, і ноч, забываючы пра сябе, і ад таго ніколі пе хавала вочы, усё жыццё глядзела на людзей адкрыта, з годнасцю. Не было ў яе на сумленні нічога, за што прыйшлося б чырванець, праўда, не было і вялікіх узлётаў, так што калі аднойчы прыехаў пра яе пісаць карэспандэнт раённай газеты, не было чаго казаць Веры: гады зліваліся для яе ў суцэльную чараду, дзе адмецінамі былі святы ды невялікія здарэнні, накшталт прэміі, падарунка ці Красулінага ацёлу. Карэспандэнт паехаў расчараваны, а дарма: трэба было ўбачыць яму Веру, калі яна грэбла сена ці касіла. Тады быццам вырастала яна, постаць яе рабілася гнуткай, вёрткай, рукі мільгалі, як ластаўкі перад дажджом, і ўся яна дыхала адзіным рытмам працы.
I цяпер яна рабіла, забываючыся на ўсё, спяшаючыся, як хто гнаў яе.
Бабка Аўгіння таксама не спала. Яна варочалася, уздыхала. Пасля злезла з печы і села насупраць.
— Паедзеш у раён, таблеткі мне прывязі. Аленнія...
— Эленіум гэта, баба Аўгіння.
— Я і кажу — аленнія. Я тады моцна сплю, нічога не помню.
— Добра, прынясу. Толькі рэцэпт вазьмі ва ўчастковай, цяпер іх не даюць без паперы.
— Папрашу, дзетка. А то блага мне. Заплюшчу вочы, зноў Міцьку ўспамінаю. Не так Маню, як яго. Помню, зваліўся ён са страхі, дык я заместа таго, каб пашкадаваць, лазінай яго, лазінай. Як думаеш, помніць душа яго зло ці ёй усё роўна ўжо?