Выбрать главу

— Спіце лепей. Не думайце глупствы. Спіце, а я сама заўтра доктарку папрашу, каб рэцэпт выпісала.

Бабка Аўгіння нешта прамармытала, палезла на печ. Ляжала, гледзячы на лямпачку выцвілымі вачыма, нешта шаптала.

— Бабка,— загаварыла Вера.— Хопіць труціць сябе. Усё прайшло, прамінула. А калі што і было, перапакутавала.

— Я не сабе адпрошваю,— азвалася з печы старая.— Я ж у іх, маіх дзетак, прашу, каб зло даравалі.

— Вы што ж, думаеце, каб не праклялі, то нехта жывым бы застаўся? А маму маю хто праклінаў? А палова вёскі чаму на той свет пайшла? Вайна была, цётка. Вайна.

— Дык жа каб не пракляцце, можа, хто-небудзь бы застаўся. Хоць адно дзіця. Адно! I нашто ж я іх трымала? Думала, маладыя яшчэ, куды ім у партызаны ісці? А яно вунь як атрымалася... Каб вы, кажу, адтуль жывымі не вярнуліся, з тых партызан! I не вярнуліся...

Вера ўстала, адкінула вышыванне.

— Жыццё прайшло. Не трэба мёртвых трывожыць. Ніхто не вінаваты, што лёс такі нам выпаў. Не мы яго шукалі, а ён нас. Спіце.

Бабка ўсё круцілася на печы, як быццам ёй муляла, але змоўкла. Было толькі чутно, як нешта нібыта дрыжыць у ёй — не то плач, не то стогн. Пасля яна супакоілася, заціхла, і зноў апусцілася цішьшя. Але яна была ўжо іншай, як быццам словы старой кабеты нешта страсянулі ў прасторы і ажылі, заварушыліся амаль бясплотныя цені.

Вера села, пасля зноў захадзіла па хаце, стараючыся крочыць нячутна. Пасля роздуму яна падышла да куфра, ціха адкінула яго цяжкое, каванае вечка. У куфры ляжалі яе сукенкі, пасляваенныя, з прамымі, нягнуткімі плячамі пінжакі — бацькі і брата Міколы. У асобным белым вузельчыку мясцілася тое, што прыпасла сабе Аўгіння — на смерць, як яна казала: квяцісты андарак, кофта. Цьмяна бліснулі цвёрдыя, з пругкім гумавым вобадам тапачкі. Але яна шукала другое. Крыху пакорпаўшыся ў грудзе адзення, яна, нарэшце, выцягнула маленькі скрутачак. Сумна ўсміхаючыся, асцярожна развярнула тонкую папяросную паперу.

На руку ёй лягла етарая кофта. Але старой яна была толькі па лёгкай жаўцізне, па нежылому, як бы музейнаму выгляду. Раскінутая на ложку, яна як бы патроху ажывала. Пругкі крэмавы шоўк адліваў пад лямпачкай тонкім бляскам. Вера, усхваляваная, села побач з ложкам на крэсла.

Гэты цяжкі, прахалодны шоўк купляла на кірмашы маці, Таццяна. Вера помніла, як заходзілі яны пад павець, дзе гандлявалі шоўкам, як выбіралі прыдатную матэрыю — а вакол пахла пернікамі, зялёным прывялым лісцем сёмухі — маладой і вясёлай. Маці таксама была маладой, пругкай, і хуткай была яе паходка, і калі яна схілялася над вышываннем, у маладой яе галаве, схіленай над шытвом, была асаблівая дабрыня і ласкавасць. Вера помніла і свята, на якім маці разам з бацькам танцавала ў калгасным клубе, сарамліва ўсміхаючыся дачцэ. На ёй была гэтая кофтачка, а на рукавах і каўнерыку ішлі пунсовыя кветачкі. На грудзях палымнела півоня — якраз такая, якая расла ў гародчыку перад хатай. Бацька, таксама малады, бязвусы, туліў маці да грудзей, і півоня, здавалася, палымнела яшчэ адчайней, так, што асвятляла ўвесь той клуб, бо не было там пары прыгажэйшай, чым маці з бацькам. Так думала тады маленькая Вера, і шчасце шчымліва падступала да вачэй. Ішлі гады, думалася: вось падрасце, і будзе гэтак жа, як маці, кружыцца пад музыку, смяяцца, і такі ж будзе побач з ёю прыгажун, як бацька. А пасля кофтачку паклалі ў куфар, і Таццяна, ласкава і мудра ўсміхаючыся, накінула перад гэтым шоўк на Веру:

— Табе ў пасаг пойдзе, мая дачушка. А я ўжо састарэлася.

...А перад самай вайной у хату да іх зазірнула Алена. Цяжка абапіраючыся на кіёк, яна прысела ў куце, адабральна зірнула на Веру.

— Прыгожая ў цябе дзеўка, Таццяна.

— Прыгожая — дык што з таго? Даў бы ёй госпад шчасця! — адгукнулася маці.

— Шчасця? Яно таксама рознае. А. ты якога хочаш — у багацці жыць ці каханай быць? — Алена глыбока зазірнула ў Верыны вочы, і тая, пыхнуўшы, як кветка, хутка апусціла іх.

— Значыць, каханай хочаш быць,— заўсміхалася Алена, і чорныя вялікія вочы яе на момант памаладзелі.— Што ж, дапамагу табе.

— Рыгораўна, не суроч мне дзеўку! — спалохана загаварыла Верына маці.— Яна ж яшчэ толькі ўбіраецца ў дзеўкі, бач, дзіця амаль!

Алена гнеўна ўскінула галаву:

— Ты бачыла калі ад мяне злое? Ці хто другі?

— Не бачыла, цётка Алена! — схамянулася Таццяна.— Даруй. Але...

Вера сядзела на лаве, трымаючы ў руках матчыну кофту. Яна толькі што дастала яе з куфра, прымерала, прыкінула, якой будзе ў ёй у суботу на вечарынцы, як будзе глядзець на яе Іван... Алена ўзяла ў рукі пругкі шоўк, памацала півоню. Пальцы яе былі танклявыя, дзіўна пажоўклыя, але гнуткія, маладыя.