— Я табе гэтую півоню загавару. Каго захочаш — будзе тваім.
— Ды што ёй пра хлопцаў яшчэ думаць! — зноў не ўтрымалася Таццяна, але Алена зіркнула на яе сваімі чорнымі, блізка пасаджанымі вачыма, і тая замоўкла, як папярхнулася. Тады ў хаце зашалясцелі ціхія, але ўпэўненыя словы. Старадаўняй сілай павявала ад іх, і маці з дачкой стаіліся, слухалі, але не маглі разабраць усяго, што шапталі сухія жвавыя вусны.
— Трымай! — аддала Алена кофтачку Веры і загаварыла да яе, як свідруючы сваімі вострымі зрэнкамі: — Не слухай маці. Спяшайся! Вам усім спяшацца трэба. I мне таксама...
Яна павярнулася і, не развітаўшыся, пайшла да
дзвярэй.
Вера і Таццяна абгаварылі тыя дзіўныя словы і амаль адразу забыліся на іх. Надзеўшы матчыну кофту, Вера ў суботу пайшла на вечарынку.
Тую вечарынку яна будзе помніць заўсёды. Ярка гарэлі і ўздрыгвалі ад тупату керасінавыя лямпы. Гарманіст іграў з настроем, з прытупам, час ад часу галёкаў, пазіраючы на пары, што круціліся па хаце. Танцавалі кадрыль, польку, «Лявоніху», весялосць патроху ахоплівала ўсіх, так што нават старыя, якія прыйшлі паназіраць за маладымі, не вытрымлівалі і час ад часу выходзілі ў круг, каб тупнуць і выкінуць якое каленца. Хата была перапоўненая моладдзю, хлопцаў было болей, чым дзяўчат, і таму ніводная дзяўчына не сядзела.
Вера танцавала з Іванам, які амаль не выпускаў яе рукі са сваёй. Рука была цёплая, шырокая, яна трымала Верыну руку моцна, але беражліва. Блакітныя вочы Івана былі асабліва светлыя на загарэлым твары з нечаканымі ямачкамі на шчоках, вусны ўсміхаліся нястрымна і шчасліва, і, мусіць, такая ж неўсвядомленая ўсмешка шчасця была і на яе твары. Пасля яны выйшлі на двор. Маладыя бярозы ледзь чутна шалясцелі, і вечаровая зара ніяк не сыходзіла з пацямтіелага неба, ружовай вузкай палоскай яна ціха гарэла за прысадамі, ад чаго навокал было светла, як пры поўні. Ляталі хрушчы, і каля прызбаў пачаў прабівацца мяккі, пушысты палын. Ноч стаяла цёплая, пахкая, толькі з недалёкага лесу павявала халаднаватай вільгаццю. Яны ішлі на дарозе, Вера зняла пантофлі, каб адпачылі натруджаныя ногі, I пясок лёгенька казытаў падэшвы. Каля грэблі яны спыпіліся, загледзеўшыся на рэчачку, якая павольна струменіла скрозь валуны, што шчыльна перагарадзілі ёй шлях. Тады Іван разняў пальцы, моўчкі ўзяў яе за плечы і няўмела пацалаваў. Яе апякло варам, было сорамна і светла, таму не ведала, ці ўцякаць, ці сказаць што, ці маўчаць, і стаяла, не зводзячы з яго вачэй, а Іван шчасліва засмяяўся і пацалаваў яе яшчэ і яшчэ...
А праз тыдзень пачалася вайна, і ў першы ж дзень, калі немцы прыйшлі ў вёску, яны забілі Алену — за тое, што супраціўлялася і не хацела пакідаць родную хату, дзе меліся сяліцца салдаты. Пасля былі дні і ночы чорныя, як бязрадасная асенняя ноч, напоўненыя страхам і недаўменнем. Пасля аб'явіліся партызаны, і з імі разам аднойчы пайшоў з хаты старэйшы брат Мікола. А ў сорак трэцім прыйшла да іх і тая страшная ноч, калі па даносу суседа, Змітра Асташонка, немцы нячутна абкружылі тры хаты, дзе ў тую ноч спалі партызаны, і расстралялі ўсіх, хто там быў. Адна з тых хат была Аўгінніна, і начавала ў ёй сястра яе, Таццяна. Таццяна і засланіла Аўгінню ад кулі, бо кінулася да дванаццацігадовага Міцькі і не дайшла, павалілася на непрытомную Аўгінню. Незадоўга да гэтага ў хаце была сварка, і на Міцьку з Маняй, як камень, упала мацярынскае пракляцце. Вядома, кляла Аўгіння не са злом, а з роспаччу, баялася за дзяцей, якія былі сувязнымі ў атрадзе, але калі на вачах яе расстралялі абодвух, а яна, выпадкова, засталася жывой, нешта як зрушылася ў кабеты і ніколі ўжо не ўстала на месца... «Божа,— думала зараз Вера,— лёгкую смерць таксама, аказваецца, трэба прасіць у лёсу і, як літасці, можна прасіць і забыцця, якое таксама даецца не кожнаму». Яна глядзела на пунсовую півоню, і ўсмешка порхала на вуснах, нібыта забывала Вера ці не жадала пра тое помніць, што шчасце яе было кароткім.
Яна яшчэ пасядзела так, а потым прыбрала куфар, пераклала некаторыя сукенкі, загарнула ў празрыстую паперу кофтачку, лягла. А калі вярнуліся дзяўчаты, яна ўжо спала, і бачылася ёй у сне, што яны з Іванам стаяць на беразе ракі, якая бурліць з-пад валуноў, і ружовыя водбліскі падаюць на луг і поле — водбліскі зары, што аніяк не хоча адыходзіць у цемру, саступаючы месца будучаму дню. I ёй зноў было і сорамна, і добра ад Іванавай усмешкі, ад дотыку гарачых вуснаў, ад водару язміну, што плыў і плыў над полем...
Раніцай яна, як звычайна, пайшла на ферму. Дзяўчаты не ўставалі — малады, здаровы сон апанаваў іх, і бабка Аўгіння, лежачы на печы, шкадавала будзіць іх на работу. Дый сама яна адчувала сябе нядобра — учарашняе хваляванне забрала сілы, яна ляжала не варушачыся. I толькі калі ў хату, пастукаўшы, зайшоў стараста курса, разам уздрыгнулі: бабка Аўгіння спалохана, дзяўчаты — завішчаўшы ад нечаканасці, ныраючы пад малінавую коўдру.