Выбрать главу

— Ну, Пятрова і Асташонак, вы даеце! — загаварыў стараста, кучаравы нетаропкі Антон.—Усе вас чакаюць, думалі — можа, захварэлі.

— Не, мы здаровыя! — азвалася з-пад коўдры Аня.— Ты выйдзі, праз хвіліну ўстанем.

Антон выйшаў, дзяўчаты імгненна ўскочылі, ліхаманкава замітусіліся па хаце. Бабка Аўгіння села, звесіўшы ногі ўніз.

— Гэта ж хто з вас Асташонкава? — загаварыла яна глуха.

— Я, бабуля! — хуценька заплятаючы касу, азвалася Галя.— А што?

— А бацьку твайго як звалі?

— Сцяпан.

— Сцяпан? А маці часам не Улляна?

— А вы іх ведаеце, бабуля? — бесклапотна здзівілася Галя, а Аня мімаходзь зіркнула на старую і застыгла, гледзячы на твар, але пасля войкнула і кінулася апранаць куртку.

— А дзядзька і цётка твае, значыцца, на Алтаі? — Усё пыталася Аўгіння, і голыя жоўтыя яе ногі смешна боўталіся па белай тынкоўцы, як быццам яна ішла па дарозе.

— Ды я ж казала, бабуля, на Алтаі! — Галя спяшалася. Яна ўжо дапляла касу і цяпер, намазаўшы маслам два кавалкі хлеба, торкала іх у поліэтыленавы мяшэчак.— Я спяшаюся, вы ўжо не сварыцеся, што мы такі вэрхал узнялі.

I дзяўчаты амаль пабеглі з хаты, гучна гахнуўшы дзвярыма і не азіраючыся на старую, якая аслупянела сядзела на печы, гледзячы ім услед.

У абед на ферму зазірпуў брыгадзір.

— Ты чаго гэта, маладзіца, дзяўчат з кватэры гоніш? — запытаўся ён у Веры.-- Пачакала б ужо. Колькі дзён засталося.

— Якіх дзяўчат? — не адразу сцяміла Вера.

— Якіх? Студэнтак сваіх. Чым яны ўжо табе так дапяклі?

— Ды не... гэта няпраўда, я ж не ганю...— загаварыла Вера, і кроў кінулася ёй у твар.— Хто вам сказаў?

— Хто? Стараста,— брыгадзір глядзеў на Веру здзіўлена.—- Мусіць, то бабка твая ваду каламуціць! — нарэшце як здагадаўся ён.— Ну і шкодная старая, ніяк ёй не дагадзіць!

Вера кінула прыграбаць гной, заспяшалася дадому. Яшчэ з парога заўважыла: шафа адчынена, рэчы кватарантак — курткі, сукенкі — зніклі з вешалак.

— Ты што ж гэта, бабка? — накінулася яна на старую.— Ты чаго мяне сарамаціш? Што табе дзяўчаты зрабілі?

Аўгіння сядзела ля стала, паклаўшы на калені вялікія для яе худзенькай постаці рукі.

— Я тую, другую, не гнала. Толькі Асташонкаву,

— Якую Асташонкаву?

— Гальку.

— За што?

— Ты што, не ведаеш? — бабка Аўгіння сядзела прама, толькі вялікія яе рукі трымцелі дробнай, несціханай дрыготкай.— Кажу табе — Асташонкава яна! Дачка маладога таго, Віцькі. Ну, брата Змітрака. А яна, Галька, пляменніца яму, значыцца!

Вера стаяла аглушаная. Яна ўспомніла: Змітрок, старэйшы, паехаў, адбыўшы пакаранне, кудысьці далёка, а Віцьку тады было гадоў дзесяць, ён паехаў у горад і таксама як згінуў, ніколі пасля не прыязджаў у Рубяжэвічы. Галя — ягоная дачка?

— Дык жа яна, нябось, нічога не ведае,— вырвалася ў Веры.

— Ведае — не ведае, а семя асташонкаўскае ў сваёй хаце не сцярплю!

Вера, як была, у ботах, прайшла да стала, таксама села. Позірк яе ўпёрся ў бабчыны зрэнкі, і яна, першай, апусціла вочы.

— Чатыры дні ім тут засталося.

— Не-е, дачушка мая, і чатыры гадзіны не сцярплю! Сама б лепей з хаты пайшла. Ты, можа, і не помніш усяго, маладая была, а я... Не ты Міцьку халоднага на руках трымала, не па табе Маньчына і Таццяніна кроў лілася...

Яна раптоўна асунулася на падлогу. Вера паспела падхапіць цяжкае яе, непрытомнае цела і здзівіцца: Аўгіння была худзенькай, малой, а які цяжар цягне яе да зямлі? Усклаўшы бабку на ложак, Вера прынесла вады, папырскала на скроні, на сівыя валасы, што амаль павылазілі над ілбом, расшпіліла чорную паркалёвую кофту на зморшчанай шыі. Худыя ногі старой былі абутыя ў дзіцячыя тапачкі, і Вера са шкадаваннем падумала чамусьці пра тое, што ў хаце сёння неймаверна холадна, хаця паліла яе як звычайна. Можа, ад таго холадна, што вецер перамяніўся, а дзверы ўнізе трухлявыя, прапускаюць халады, трэба адрамантаваць іх ці замяніць новымі...

Праз тры дні студэнты сабраліся ехаць. Той раніцай халодная малінавая зара вісела над дальнімі хатамі, дзьмуў рэзкі, перадзімовы вецер.

Бабка Аўгіння ўсё не ўставала, і тую працу, якую яна так-сяк рабіла ў хаце, даводзілася цяпер узвальваць на свае плечы. Таму Вера ўстала крыху раней, каб управіцца на ферме і паспець да ад'езду студэнтаў.