Выбрать главу

Яны самі садзілі гэты парк — тады на яго месцы была пустэча, хмыз густа рос над балотцамі, у якіх летам гудзела бозліч камар'я, мошак. Неяк вясной сюды прыйшло мноства машын, балотцы былі закіданы пяском і торфам, і школьнікі з бліжніх школ садзілі маладыя тапалёчкі ў загадзя прыгатаваныя некім лункі. Яны тады былі васьмікласнікамі, і якраз там Каця, неяк ноўпрыкметку падышоўшы да яго, калі ён выбіраў з купкі саджанцаў танклявае дрэўца, праспявала крышку насмешліва, але з выклікам:

— Будзеш сюды да мяне на спатканні прыходзіць...

— Яшчэ чаго! — буркнуў ён зняважліва, але чырвань так і пыхнула па твары.— Смаркачка ты яшчэ, каб пра гэта думаць!

— Будзеш! — ужо грамчэй заявіла Каця, і карычневыя яе вочы звузіліся і заблішчалі, як у раззлаванай кошкі, а хлопец сумеўся, пакруціў галавой і, падхапіўшы свой саджанец, хутчэй павалок яго да прыгатаванай лункі.

Каця была тады ў палітэчку, дзве латкі — амаль што непрыкметныя — былі пастаўлены Антонавай маці, на нагах у яе былі матчыны, амаль новенькія боцікі, а на галаве, ледзь насунутая на густыя каштанавыя валасы, чырванела шапачка — яе звязала Каця вечарамі зноў жа пад наглядам Антонавай маці, калі прыходзіла да іх рыхтаваць урокі.

Прыходзіла яна часта — Каця жыла з айчымам і маці, у сям'і выпівалі, часта сварыліся і нават біліся. Тады дзяўчынка ўцякала з дому і прыбягала да Антонавай маці і дзеда — жылі яны непадалёку. Бывала, што па Кацю прыходзіла маці — ускудлачаная, яна плакала ў кухні п'янымі слязьмі і скардзілася на сваё жыццё, а дачка, стаіўшыся, як звярок, цікавала за ёю быстрымі, злымі вочкамі і чмыхала ў самых трагічных мясцінах матчыных скаргаў. Тады тая перапыпяла гаворку і спрабавала злавіць дачку і, калі ёй гэта ўдавалася, цягала тую за густыя каштанлвыя кудзеры і лаялася, а Антонава маці бараніла дзяўчынку...

Усё гэта ўспамінаў Антон, калі надвячоркам ішоў у парк, да густога бярозавага гаёчку наводшыбе, там, дзе глуха цямлела агароджа вайсковай часці і, амаль непрыкметныя з дарогі, стаялі тры пні — іх чамусьці не выкарчавалі пры расчыстцы, калі засаджвалі тут новыя дрэўцы. Месца тое даўно прыгледзела Каця і, тайком прынёсшы некалькі бярэзінак, высадзіла іх навокал. На паўнеба гарэла ласкавая ружовая зара, і дзіўны мяккі водсвет клаўся на пажоўклыя, амаль без лістоў бярозкі, на высокую бурую траву, на вільготныя пні, што трохі адблісквалі ў жаўтаватым святле, як рыбіны, што плывуць у светлай вадзе вялікай ракі... Антон агледзеўся. У парку амаль нікога не было, тут бывала людна толькі ў выхадныя дні, а звычайна блукалі закаханыя пары ды шамацелі па кустах выпівохі. Сёння ж і зусім было пустэльна, ад таго самотна. Ён выняў два лісты цыраты, паслаў на пнях. На вялікім, які ўзвышаўся над другімі, як стол, паслаў газету, паставіў бутэльку шампанскага і дзве пластмасавыя чаркі. Усё гэта — і белыя непразрыстыя чаркі, і лёгкія відэльцы, якія займаюць мала месца, і дзве талеркі з фольгі, у якіх звычайна трымаюць заліўное,— засталося ад тых часоў, калі яны з Кацяй бесклапотна ездзілі на электрычцы на прыроду, хаця на іхняй вуліцы той прыроды было — хоць захлыніся, вандравалі ў выхад-ныя па аселіцах горада ці з'язджалі ў якое запаветнае месца. У вобласці такіх гарадкоў і раённых цэнтраў з гістарычнымі мясцінамі было нямала. Тады, пасля дзесяцігодкі, калі Каця паступіла ў гандлёвы тэхнікум, а ён пайшоў на завод, яны рашылі пачакаць з год, а пасля жаніцца.

— Паглядзім, якая складзецца сітуацыя,— разважала Каця.— Трэба будзе, відаць, цябе ў нас прапісваць, а гэтая,— Каця заўсёды называла так маці,— можа не даць згоды. А калі пайду да цябе, яны ў мяне маю законную частку адцягаюць.

— Што ў нас, няма дзе жыць? — спрабаваў давесці Антон.— Пераязджай, хай яны жывуць сабе як хочуць.

— Ты што? — жахалася Каця.— Каб я ім аддала за так сабе дом? Я ж бачу, што робіцца: ён ужо і яе выжывае. Не, пачакаем. Пагляджу.

Але нечакана памёр айчым — дужы звераваты мужык, ад якога ў пісагах хадзіла не толькі Каціна маці, але, бывала, і сама Каця. I толькі тады яны падалі заяву ў загс...

Ён паціху раскладваў на газеце хлеб, рэзаў сала, і ўспаміны аб тых гадах, калі яны, як маладзёны, жылі сабе ўдваіх, яму ж здавалася — увогуле ўдваіх на цэлым свеце — разгладжвалі раннія, але жорсткія маршчыны ля вуснаў, ён усміхаўся, як быццам плыў у цёплым, густым тумане. Усё — нават белы непрыгожы кубачак — выклікала ў ім радасць. А раптам нешта зменіцца? Можа, Каця зразумее, як блага без яе, як не хапае Антону яе смеху, жывых. іскрынак у вачах? Кубак у руках Антона засвяціўся, як крыштальны. Крыштальны келіх надзеі. Чароўны келіх прымірэння, які яны паднімуць сёння... Антон не заўваяшў, як падышла Каця, яе голас прагучаў нечакана і разам з тым як водгук таго голасу і тых успамінаў, якія замружылі яму вочы.