— Бедненькі, ты тут замучыўся!
Яна імгненна распакавала сваю сінюю, з белымі літарамі сумку, ссунула сала і хлеб убок, разлажыла баначку кетавай ікры, ужо адкрытую недзе, масла і печань траскі, пірог з карыцай.
— Багата жывеш,— заўважыў Антон.
— Не краду ж. А ты не шкадуй — сёння ж свята.
— Я не шкадую, але нашто лішняе?
— Усё такі ж... Мужык! — яна не то панікнула, не то пажартавала.
— На мужыку зямля трымаецца,— ён таксама адказаў не то жартам, не то ўсур'ёз.
Ішла дзіўная размова, пры якой словы былі ўжо не проста словамі. Яны ўдваіх як бы выпрабоўвалі адзін аднаго, як бы баяліся сказаць тое, што хвалявала па-сапраўднаму, што балела кожнаму з іх, бо якраз гэтаму, што балела, не было тут месца. I, можа, таму яны гаварылі, як чужыя, як выпадковыя людзі, што крадком сабраліся, каб урваць нешта сваё, патаемнае, саромнае. Таму паступова, не заўважыўшы таго, яны перайшлі на паўшэпт.
— Ну ты што? — Каця лоўка раскруціла цынкавую сетку, што аблытвала корак, не даючы яму выстраліць.— Пачнём!
Гахпула, корак вылецеў высока, упаў у кустах. Жаўтаватую пенлівую вадкасць яна хуценька разліла ў пластмасавыя кубачкі, таропка глынула. Антон таксама заспяшаўся — шампанскае пенілася, ірвалася з кубка і таму таксама здавалася несапраўдным, гэткім жа, якімі былі сённяшнія сустрэча і радасць, што, нягледзячы ні на што, трымалася ў ім зараз. Праўда, была яна, тая радасць, як атручаная... Але шампанскае нечакана ўдарыла ў галаву, затуманіла вочы, і ён успомніў, што з самай раніцы, апроч аладак, нічога не еў, а жыў толькі будучым спатканнем.
— Давай яшчэ! — зноў Каця паліла ў кубачкі, і зноў ён пакорліва выпіў шампанскага.
Ружовае ласкавае святло знікла, дрэвы вакол згубілі свае чоткія абрысы, мацней запахла вільгаццю і прэлым лісцем. Чорны сенбернар, няўклюдна, як медзведзяня, цяжка прывалюхаў да пня, абнюхваючы іх. Калі Каця віскнула, ён уздрыгнуў, пасля ветліва замахаў хвастом. Следам паказаўся гаспадар, ён строга паклікаў сабаку, і той памкнуўся ад гасціны, ды тут Каця закрычала:
— Не сварыцеся на яго, давайце лепей вып'емце з намі!
Гаспадар спыніўся, пасля наблізіўся да іх.
— Вам тут весела,— сказаў ён з некаторай зайздрасцю.— А мае ўсе паехалі, дык я адзін з Дзікам.
— I праўда, выпіце з намі,— запрасіў яго і Антон. Ён ведаў гэтую Каціну звычку — каля яе заўсёды было шумна і весела, яна ўмела абыходзіцца з людзьмі, камандаваць, кіраваць любой кампаніяй, як вопытны дырыжор — аркестрам. Вось і цяпер — яна імгненна наліла з бутэлькі гаспадару сабакі (сенбернар, павільваючы хвастом, мясціўся ўжо ля Каціных ног), ухвальна забіла ў ладкі, калі мужчына, высока задзіраючы галаву, асцярожна выпіў шампанскага. Быў ён яшчэ не стары, валюхасты, з поглядам стомленым і спакойным.
— Вясёлая ў вас жонка,— сказаў ён Антону. --Гэта і добра. Пакуль маладыя — весяліцеся, радуйцеся жыццю. Кароткае яно, халера.
— Кароткае? — здзівілася Кацн. - Ой, а мне, наадварот, здаецца: дні цягнуцца-цягнуцца, месяцы ажно паўзуць...
— Гэта пакуль,— усміхнуўся госць.— Пакуль паўзуць. Пасля пачнуць набіраць хуткасць, а пасля заскачуць, як шалёныя, не паспяваеш іх ні палічыць, ні ўхапіць! Ну, мне час ісці, не буду вам перашкаджаць.
Ён падзякаваў, паклікаў за сабой Дзіка. Той неахвотна пабег, азіраючыся на Кацю.
— Бачыш, нават сабакі мяне любяць!
Нейкі папрок прагучаў у яе голасе, але Антон змоўчаў, таму што папрок адносіўся да таго, аб чым гаварыць яны не маглі. I ўсё-ткі Каця пераступіла тую забарону:
— А чаму ты... ты мяне не любіш?!
— Не трэба,— прамармытаў ён, памкнуўшыся ўстаць. Але яна сама паднялася, заступіла дарогу, кінула рукі на плечы, наблізіла твар:
— Паедзем адсюль, Антон, міленькі! Паедзем! Абмяняю сваю палову, у любы горад паеду, абы з табой!
Было цёмна, і твар яе бледным паўкругам уставаў над чарнатою паліто — твар, які ён столькі разоў накрываў пацалункамі, дзе ведаў, здаецца, кожную клетачку... Ад яе патыхала нейкімі духамі,— у іх адчувалася горыч раздаўденых хрызантэм,— Каціным цяплом, гэткім жа знаёмым, як кожны яе рух, кожная інтанацыя ў звонкім, шчабятлівым голасе! Ён з сілай адвёў яе рукі, прагаварыў хрыпла:
— Позна ўжо. Пойдзем.
— I зноў як не чуў! Зноў як быццам нічога не гаварыла! Скажы хаця нешта!
— Столькі ўжо гаворана.
— О, я ненавіджу яе! Яна ўсё нам перакрэсліла! Няхай бы яна памерла!
Яна адпусціла яго плечы, закрыла твар рукамі, затрэслася ў плачы.