— Свята,— уздыхнула маці, і журботныя вочы яе асвяціліся радасцю.
Антон як упершыню ўбачыў успышкі салютаў, што налягалі на цемру, нібыта прымушалі яе раз за разам адступаць. Ён сутаргова глытнуў, як чалавек, што вынырнуў па паверхню са шчыльнай, аглушальнай глыбіні.
Усё было як заўсёды.
ЛАСТАЎКА
Я заўсёды прачынаюся на досвітку, у той глухі, пераходны час, калі яшчэ маўчаць птушкі і цемра ахутвае ўсё вакол і сон так падобны да явы, што не адразу разумееш, дзе ты і што з табой. Прачынаюся цяжка і адразу ж спрабую заснуць нанова. Часам гэта ўдаецца, і я зноў правальваюся ў сон, правальваюся з палёгкай, з радасцю. Але часцей — ды амаль заўсёды! — страх перад абуджэннем працінае з такой сілай, што сон імгненна, як спалоханы гэтым жахам, уцякае, і я альбо ўстаю — першая ў гарадку, таму што вокны наўкол доўга яшчэ застаюцца цёмнымі,— альбо ляжу, баючыся разбудзіць мужа, які, калі ўстаю, таксама не засынае, і бурчыць, і злуецца, хаця вельмі добра ведае, чаму я не сплю, а можа, якраз ад таго, што ведае.
Абое мы ведаем. Толькі мне чамусьці здаецца, што ён, як усе мужчыны, спакайнейшы. Ён змірыўся. Я змірыцца не магу. Мне здаецца: як толькі зміруся, супакоюся, Люся знікне — цяпер ужо назусім, канчаткова, і я забуду яе голас, забудуся, якія ў яе валасы, як яна ўсміхалася, гаварыла. Забыла я многае з таго, што, здаецца, забываць немагчыма: малады твар мужа, забыла, як ён выглядаў, калі мы распісваліся з ім у прасторным халодным ленінградскім загсе, забылася на твары лепшых сябровак — помняцца толькі ўчынкі, нейкія асобныя моманты, хваляванні... я не памятаю твараў суседак, з якімі пражыла многія гады. А калі Люся адыдзе, як буду гаварыць з тымі, хто кожны год прыязджае, прыходзіць да нас, у Любчу, каб сустрэцца са мною, каб яшчэ і яшчэ раз пачуць пра Люсю?
Калі б я пастаянна не бачыла яе перад сабой, калі б кожны раз, калі расказваю пра яе, не адчувала сябе так, што вось нанова сустрэлася, пабачылася з дачкой,— я, відаць, не вытрымала б усе гэтыя даўгія, цяжкія гады.
Ведаю і спрабую супакойваць сябе тым, што дзяцей у гады вайны страчвалі многія — о, як многа іх, бацькоў, што перажылі сваіх дзяцей! Але веданне, што гэты боль, гэты жах страты перажылі многія, супакойвае толькі трохі — так, як быццам безнадзейна хвораму даюць укол, што супакойвае на нейкі час. Супакойвае — таму што пераносяць жа ішныя, у іншых хапае мужнасці і сілы волі. Але ўсе кажуць, што хапае яе і ў мяне. I тады я думаю — другія, можа быць, гэтак жа прачынаюцца на досвітку і ляжаць, гледзячы на акно, якое сінее — ох, як павольна яно сінее, пасля святлее, гэтае акно! — і кідаюць у агромністае бяздоннае неба адчайны, безнадзейны кліч, быццам спрабуюць абудзіць нешта ў прасторы, выклікаць, вырваць... А пасля днём, як і я, патанаюць у мітусні будзённасці і забываюцца на ўсё і радуюцца сонцу, чырванаватым яго водбліскам на жоўтай, чыста памытай падлозе і першай расцвітаючай галіне яблыні, якая быццам працягвае насустрач светлыя пругкія пялёсткі з бліскучай кропелькай, што дрыжыць і пераліваецца на сонцы... I ўсміхаюцца суседцы, і гамоняць пра нейкія дробязі, і прыбіраюць хату, якая днём зусім не здаецца такой
вялікай, як ноччу,— не, не ноччу, а перад світаннем, калі як быццам ажываюць прывіды і бязгучна слізгаюць па пакоі. Дзіўна — Люся ніколі не брыла па хаце прывідам. Яна прыходзіла проста, вельмі будзённа, так, як уваходзіла ў хату заўсёды. I нахілялася нада мной, і нешта весела гаварыла, а я заўсёды радавалася ёй і разам з тым разумела, што гэта ўсяго толькі сон, і адчайна баялася, зноў баялася прачнуцца...
Яе сарочка ляжыць у школьным музеі. Сарочка з беленага льну, які я ткала амаль сорак гадоў назад. Сувой даваўся мне ў знакі, я не надта звыклая да такой работы, але хацелася, каб усё было як у людзей, каб мяне не лічылі тут чужаніцай, і я кожную свабодную хвіліну прысаджвалася за кросны і ткала, шчыравала над імі. Затое як радасна было потым бяліць разам з суседкамі свой сувойчык — на досвітку, рассцілаючы на вільготным, ужо дымлівым лузе сваю ўласную дарожку — крыху рудаватую, натапырлівую! Жанчыны перагаворваліся паміж сабой, маё ткацтва прыдзірліва разглядалі з усіх бакоў, а пасля Ганна, суседка, пахвальна засмяялася: «Глядзі ты, не падкачала Міхайлаўна!» Я ціха радавалася яе словам, і хіба магло прыйсці ў галаву, што збіраць буду сваю запаветную дарожку плачучы, рукі будуць дрыжаць, а ў скронях стукаць адно: «Вайна, вайна». Няўжо сэрца адчувала, што вайна, пра якую толькі што аб'явілі, навісла над пашымі галовамі, над гэтымі белымі, бялюткімі сувоямі, што стануць не толькі адзеннем, але і саванам? Як мне хацелася ўберагчы свой сувойчык ад пылу, як асцярожна несла яго дадому, трымаючы на плячы, стараючыся не ўздымаць за сабой пясок на дарозе, каб не прыліпалі да вільготнага палатна пясчынкі. Ён прасох, стаў бялюткім, чыстым. Але як грэбліва адкінуў яго нагой немец, калі я ўпала яму ў ногі, заклінаючы адпусціць дачку, а сабранае абы-як сямейнае дабро распаўзалася ў мяне ў руках, падала на пясок. Ён агледзеў усё ўважліва, паглядам паказаў другому на футра з вавёрчыных шкурак, на чырвоны аксамітавы абрус і пайшоў у дом, не гледзячы болей на мяне.