Люся была ўжо далёка, паміж двума канваірамі, але той, выхапіўшы з-пад мяне футра і абрус, закрычаў ім нешта, замахаў рукамі... Нелюдзь, ён лаяўся і потым, калі падышоў да нас, усё паўтараў: «Хочуць, сволачы, каб мы тут парадак навялі, а самі што робяць!» — і, у апошні раз таргануўшы Люсю за плячо, крыкнуў, каб яна тут жа сабрала ўсе свае анучы і, калі ёй так пашанцавала, хай едзе ў гэтую самую... вялікую Германію, хаця ён асабіста расстраляў бы яе на месцы без усялякага шкадавання, таму што толькі так можна ваяваць з бандытамі!
Я ўсё яшчэ не паднімалася з каленяў і толькі няўцямна глядзела на яго, тупа стараючыся зразумець: нашто яму яе жыццё, яе кроў? Няўжо не шкада дзяўчынку, якая па ўзросту амаль што дачка яму? У яго быў прыгожы яшчэ, сыты твар, чорныя бровы, што зрасліся на пераноссі, а пальцы чамусьці акрываўленыя — можа, параніўся аб нешта, і вочы мае не маглі адарвацца ад гэтых пальцаў. Ён заўважыў мой пагляд, нахмурыўся і, апошні раз вылаяўшыся, пайшоў за хату, а Люся падскочыла да мяне і, паднімаючы з каленяў, закрычала, як быццам не яе толькі што вялі расстрэльваць, як быццам не ёй трэба было б зараз маўчаць, хавацца ад ліхіх вачэй:
— Ды ці варты яны таго, мама! Ды яны і падэшвы тваёй не варты!
— Ты лягчэй! — пагрозліва закрычаў на яе другі паліцай. Ён быў яшчэ малады, таму не навучыўся, відаць, у поўнай меры драпежніцтву, саромеўся, мабыць, сабачай сваёй пасады. Але і яго закранулі яе словы.— А то зараз назад вернем! Вунь, яма чакае!
Яміна, магіла, сапраўды яшчэ чакала — вярталіся мужчыны з рыдлёўкамі, на якіх вільготна жаўцела гліна. У мужчын былі павязкі на рукавах і нядобрыя вочы. Тады адразу прайшло здранцвенне. Я хутка сабрала ўсе раскіданыя па зямлі рэчы, сунула Люсі ў рукі сувой і пацягнула яе далей ад праклятага месца. Яна пакорліва ішла.
— Ты, матка, не забудзь сабраць сваю прыгажуню! — крыкнуў мне ўслед той жа паліцай.— У Германіі яе апранаць і абуваць не будуць! Там сваім не хапае!
Ён нешта злосна засіпеў услед, але мы не азіраліся, і я не выпускала даччыной рукі. Няхай сабе і ў Германію, але ж галоўнае — яе пакінулі жывою, не расстралялі!
— У Германію не паеду,— спынілася раптам Люся.
— Што ты тут крычыш! Дадому пойдзем. Дачушка ж ты мая!
Я не вытрымала, прастагнала гэтыя словы. Здавалася — яшчэ імгненне, і я заплачу, заб’юся аб зямлю. Тады Люся, як схамянуўшыся, схапіла мяне за плячо, паглядзела ў вочы і хутка пайшла дамоў. I толькі там, сеўшы на крэсла і скінуўшы тапачкі, сказала жорстка:
— Можа, табе забаліць ад гэтага, мама. Але прашу — ніколі не рабі так, як сёння.
— А што я такога зрабіла? Упала на калені перад немцам? Калі ў цябе ў самой будзе дзіця, ты зразумееш, што самае галоўнае.
— Я і цяпер разумею. Але ўсё роўна не хачу, зразумей ты мяне, не хачу, каб жыццё мне дарылі гэтыя... гэтыя гады!
— Жыццё, Люсечка, адно, яго берагчы трэба. Не дарыць, а забраць яго могуць.
— Пастараюся, каб не забралі.
Я зразумела, пра што яна гаворыць. Але было так многа перагаворана, так набалела, што не трэба было ніякіх слоў. Мы абедзве былі сувязнымі, але яна ніяк не хацела зразумець, чаму я стараюся ўзяць на сябе яе даручэнне. «Мама, я ж маладзейшая, таму лаўчэйшая,— казала мне неаднойчы.— Цябе ж схопяць хутчэй». А тое, што ў мяне вопыт, што ёсць асцярожнасць — разумная асцярожнасць! — што я, нарэшце, маці, якой самой лягчэй зрабіць тое, з-за чаго дачка можа пайсці на смерць, гэтага яна разумець не хацела. I я паднялася. Што гаварыць? Трэба збіраць яе ў чужы, далёкі край...
— Вярнуся — выкраіш мне з гэтага сувойчыка кашулю. А я вышыю,— блакітныя вочы заіскрыліся, пажвавелі.
Я толькі кіўнула ў адказ. Адчувала, што ўсё мацней і настойлівей да горла падступае даўкі камяк. Для чаго вырывала яе з варожых рук, для чаго прыпадала да зямлі ў смяртэльнай знямозе, калі трэба тут жа, зараз, развітвацца з ёю, пасылаць на чужыну? Ці ўбачымся? Ці вытрымае яна, ці даедзе хаця да той Германіі з такім характарам?