А можа, гэта ўсё мне толькі здаецца. Але ж нездарма падпольная клічка, якую далі дачцэ, была якраз птушыная: «Ластаўка». Калі, упершыню паддаўшыся на ўгаворы, хворая, дазволіла мне аднесці па нейкім адрасе запіску, дзе прызначаўся камсамольскі падпольны сход, запіска была падпісана менавіта так: «Ластаўка».
— Хто гэта, дачушка? — спыталася я, калі мы дамаўляліся, куды трэба аднесці запіску. Яна неяк збянтэжана паціснула плячыма, ускінула галаву, закідваючы назад касу (была ў яе такая прывычка), і нічога не адказала. Толькі пазней, калі я адносіла яшчэ адну такую пісульку, неахвотна прызналася:
— Гэта мая падпольная клічка. Мне, праўда, здаецца, што гэта занадта прыгожа, а, мама?
— Наадварот. Табе падыходзіць.
— Ты думаеш? — Яна пачырванела і ціхутка прыціснулася да мяне.— Гэта мне хлопцы далі такую клічку.
— О, каб усё гэта хутчэй скончылася! — вырвалася ў мяне.— Люся, давай я вазьму на сябе і гэтую работу. Я моцная, вытрымаю.
— А я што?
— А ты... Навошта табе гэта? Ты маладая, табе пра жыццё думаць трэба.
Яна паківала галавою.
— Мама, ты зараз ілжэш сама сабе. Ты так не думаеш. Не можаш так думаць.
— Магу. Таму што я маці. Кожны раз, калі ты выходзіш з дому, калачуся, і ты гэта ведаеш.
— Я таксама хачу, каб з намі, з табой нічога не здарылася. Але хіба стала б я цябе адгаворваць? Тады, значыць, усё, пра што вы з бацькам казалі, усё гэта — няпраўда. А гэтага не можа быць. Я веру вам, чуеш, веру!
...Мой муж часам абвінавачвае сябе за тое, што, відаць, замнога расказваў нам пра сваё жыццё. А ў ім было многае: грамадзянская вайна, баі, неверагодныя эпізоды, у якіх зліваліся смешнае і трагічнае, героіка і страх. Помніцца, гаварыў ён пра дзяўчынку, якая выскачыла наперад, калі застыглі нашыя перад белай конніцай, выскачыла, закрычала, стала, не баючыся смерці, страляць з кулямёта... I тады ўскочылі хлопцы, апамяталіся — і бой выйгралі... Я яшчэ смяялася:
— Гэта ты, можа, з «Чапаева» ўзяў...
— Не, не з «Чапаева»! — раззлаваўся муж.— Такіх дзяўчатак шмат было. I, ведаеш, скажу табе: калі дзяўчынка трапляла ў мужчынскае акружэнне, старалася сябе пераўзысці, страх дзявочы пераадолець. Ды так старалася, што яшчэ хлопцы перад ёю пасавалі. Калі атака. А так — былі яны звычайныя, і плакалі, бывала, пасля бою...
Люся слухала гэтыя апавяданні, гэтыя гаворкі. I ці ж магла я падумаць, што і яна будзе паднімаць у атаку хлопцаў, не баючыся смерці, не слухаючы папрокаў і папярэджанняў!
А можа, і маё жыццё наводзіла яе на роздум? Можа, мы і самі не заўважалі, чым і як жывілася душа нашай дзяўчынкі?
Я вырасла ў Кранштаце, дзе кожны камень нібыта расказвае пра рэвалюцыю, і мне давялося разам з усімі перажыць тое адчуванне гіганцкага перавароту, агромністай ломкі ўсяго прывычнага ў жыцці, якое сёння мы перадаём не ўнукам, а нават праўнукам. I з мужам мы пазнаёміліся ў Крашнтаце, дзе ён служыў да рэвалюцыі і пасля яе. I брат мой таксама марак, які сорак гадоў праслужыў на флоце і памёр у Ленінградзе. Можа, гэта не так важна на першы погляд, але ж дачка вырасла ў хаце, дзе савецкую ўладу не проста прымалі — але і стваралі, гэтую новую для пасёлка і акружаючых уладу, якую тут, у былой Заходняй Беларусі, да 1939 года ведалі па чутках, а перад вайной ледзь-ледзь паспелі крыху глытнуць яе водару, яе чароўнага адчування роўнасці ўсіх і кожнага, маладой яе прагі праўды і справядлівасці.
Калі я ўслед за мужам прыехала сюды жыць і мы раптоўна, неспадзявана аказаліся як бы адарванымі ад Савецкай Расіі, я думала, што ніколі не змагу тут ужыцца. Марыла, што пры першай жа магчымасці з'еду адсюль. Тут яшчэ па старой прывычцы называлі адзін аднаго «пан», «пані», хаця пані былі ў бедных шарачковых кашулях і спадніцах — андараках. Тут гучала мова, у якой напачатку мне падаваліся знаёмымі толькі асобныя словы, і тут прывыклі гаспадарыць — моцна і з разлікам. Трэба было вучыцца ўпраўляцца з каровай, жаць і палоць, і вэндзіць кумпякі, і хаваць сваю беднасць, як бяду.
Недалёка ад нас быў касцёл, і я бачыла ў святы альбо ў нядзелю, як, падышоўшы да прыкасцельнай плошчы, сяляне мылі ногі каля вадакачкі, а пасля беражліва абуваліся ў боты ці ў пантофлі, якія прыносілі з сабой у торбачцы за плячыма. А жанчыны вымалі аднекуль з шырокіх спадніц святочныя хусты, якія таксама беражна здымалі пасля службы ў ціхім патаемным месцы. Ды пешкам ішлі толькі самыя бедныя, і я радавалася, што мы з мужам бязбожнікі, таму што не прыходзілася чырванець пад здзеклівымі позіркамі тых, хто выходзіў са сваіх моцных, спраўных вазкоў, хто адчуваў сябе гаспадарамі жыцця, упэўнены, што тут, на «крэсах усходніх», будзе заўсёды так, як зараз, што цяперашні парадак — непарушны. Але мы, галота, як нас называлі, кіраваліся ў думках на ўсход — не, не павінна так быць усё жыццё!