Але ішлі гады. Падрастала Люся, і адзінай нашай радасцю было тое, што яе называлі ў школе «пярэлка», і я ўжо прывыкла да гэтых слоў і ведала, што «пярэлка» — гэта значыць «жамчужына». Я прывыкла і да іншага. Да новага свайго дома. Да людзей. Падрасталі маладыя сасонкі за хатай, і Люся гадзінамі любіла сядзець у хвойніку, пра нешта думаючы, засяроджана рыхтуючыся да ўрокаў ці проста корпаючыся ў кнігах. Заўсёды, калі ў хаце не гучаў яе голас, я ведала, што дачка ў сасняку. Малодшая, Арыядна, таксама ўслед за Люсяй, смешна перавальваючыся на тоўстых ножках, любіла бавіцца сярод зялёных калючых дрэўцаў, якія ўвесну пахлі так смаліста, так радасна, што з новай сілай хацелася жыць, гадаваць дзяцей, верыць у будучае... Я ж была тады зусім яшчэ маладая, мне хацелася будучага, і я спадзявалася, што будзе яно светлым і радасным...
...Цяпер там сасновы бор, у шурпатыя, ужо немаладыя ствалы соснаў дзе-нідзе ўрэзаліся глыбокія шрамы, жывіцай заплылі варонкі, якія пакідалі выбухі. Тут таксама ішлі баі, гарэлі лясы, і муж, Павел Іосіфавіч, хадзіў у такія дні засяроджаны, хмуры.
— Вось скончыцца вайна, і колькі ж гэта сіл спатрэбіцца, каб зноў аднавіць, як было! — аднойчы загаварыў ён ледзь не са слязьмі. (Да вайны ён працаваў начальнікам будаўнічага ўчастка непадалёку, работы было шмат, але ён любіў яе, любіў лес, і таму работа была яму, што называецца, у ахвоту.)
— Лес шкадуеш. А людзей колькі гіне вакол! — папікнула яго.
— Дрэвы — яны як людзі, толькі гаварыць не ўмеюць! — як закрычаў ён у адказ.— Я і людзей шкадую, толькі лес таксама. Яго шкадаваць няма каму!
— Ці ты па службе яго шкадуеш? Дык цяпер ні службы няма, ні ўлады. Сам сабе гаспадар.
Я паспрабавала пажартаваць, толькі жартаў на гэты конт ніякіх ён не прызнаваў. Адвярнуўся, замоўк, але запомніў размову, не раз папікаў мяне ёю ў апошнія гады. Дый нельга было жартаваць з ім пра лес. У Люсі таксама яўна выяўлялася гэтая, як спадчынная, рыса. Нічога і нікога не баялася ў лесе, як быццам ён сапраўды мог абараніць у цяжкую хвіліну. Вучыцца пайшла ў сельскагаспадарчы інстытут, ды толькі хутка пачалася вайна, і ёй давялося з'ехаць з Вільні, дзе быў той інстытут, амаль не спадзеючыся прабіцца да сваіх. Тры гады вайны чамусьці павярнулі яе ў другі бок — стала марыць, што пойдзе працаваць настаўніцай. Я маўчала. Думалася — хай толькі застанецца жывой, хай толькі застанецца — а там будзе бачна, што ёй па душы! Пасля расказаў мне хлопец, які партызаніў у суседнім атрадзе, што не раз гаварыла яму дачка:
— Скончыцца вайна — будзеш дырэктарам (Мікола скончыў да вайны курс настаўніцкай семінарыі ў Навагрудку), а я пайду да цябе завучам. Дзяцей хачу бачыць вакол сябе — многа, многа дзяцей!
Можа, гаварыла ў ёй спрадвечная цяга да мацярынства, можа, сапраўды пасталела і прачнулася прызванне? Прызванне, якому не суджана было спраўдзіцца.
I ўсё-ткі... Усё-ткі Люся вучыць. Кожны год у школе пачынаецца ўрокам мужнасці. На гэтым уроку Мікола, які стаў дырэктарам школы так, як і прадказвала яму Люся, расказвае пра маю дачку, пра яе апошні бой. I музей арганізаваў у школе. Туды аддала я пасля ванны яе сарочку — з таго льну, што ткала, што бяліла перад вайной...
...Прайшло світанне, даводзіцца ўставаць. I я ўстаю, і жыву, таму што жыццё заўсёды бярэ сваё, і пішу лісты — ці дачцэ, Арыядне, якая з мужам жыве ў Ленінградзе, ці родным — іх засталося зусім няшмат. Адыходзяць гады, адыходзяць людзі, жывой застаецца, бадай, толькі памяць. На нашым доме яе знак — пяцікутная чырвоная зорачка, якая сведчыць, што тут жыве сям'я загінуўшага воіна. Наша дачка была ж таксама воінам...
Да нас часта прыходзяць дзеці, і мы радуемся ім, таму што абое любім дзяцей, радуемся іх чысціні, іх пакуль што неўсвядомленай гармоніі з навакольным светам. На маіх вачах выраслі многія з пасялкоўцаў, і бачыцца са шкадаваннем, як, падрастаючы, дзеці паступова зашываюцца ў сваё шкарлупінне, як засвойваюць ад нас, дарослых, не самае лепшае — адкідаюць якраз тое, што перапакутавана, перадумана бяссоннымі начамі мацярок. Бачыла пазаўчора, як адзін з хлапчукоў, які жыў на суседняй вуліцы, Толік, здаецца, груба крычаў на жанчыну ў магазіне. А я ж помню, якія былі ў яго вачаняты, калі ішоў у першы клас, і, тоўпячыся вакол, гэтак жа глядзелі яго аднакласнікі — на нас, на настаўнікаў, на жыццё! Ён напомніў мне майго сына, і я доўга глядзела на яго, любуючыся; хацелася абняць стрыжаную галоўку, гладзіць яе і так хацелася, каб ён, вырастаючы, нёс у навакольны свет дабрыню! З другога боку, лаянка ў магазіне — яна можа быць выпадковай, можа, яму самому пасля было сорамна і гэта болей не паўторыцца. Як жа мы падчас не шкадуем адзін другога, як мучым з-за дробязі, з-за нейкага слова! Нядаўна хадзіла ў бальніцу, каб наведаць знаёмую — тая памірала адна, у пакутах, у адчаі, таму што дачка баіцца і як бы грэбуе сваёй маці і не прыходзіць у бальніцу, адно пасылае туды перадачы.