— Хай бы хоць здалёку паглядзела на яе! — казала мне хворая.— Няхай бы вось прыйшла, вунь там у куце села. Я ж вырасціла яе, ты ведаеш, як я апошні кавалак ёй аддавала! Унукам маім, дзецям, забараніла сюды прыходзіць, дык яны ўпотай да акна падбягуць, але ж баяцца заходзіць!
Я пайшла да дачкі, таму што нельга, каб чалавек ішоў з жыцця ў адчаі, каб думаў, што ўсё, чым жыў, дыхаў, у што верыў, аказалася дарэмным, не закранула нічыёй душы, не абудзіла ніводнага сэрца!
Дзіўна: Люся і сёння як быццам нечаму вучыць мяне, раіць, гаворыць. Яе жыццё, такое немагчыма кароткае, усяго дваццаць з нечым, было прыгожым, яно — усё на ўзлёце, на вышыні, на адным дыханні, без фальшу, якім часам абрастаем мы, што жывём, так, як абрастаюць у лесе, з паўночнага боку, шэрым мохам дрэвы. Яна пражыла сваё жыццё сумленна, а гэта даецца не многім...
Адзін з тых, хто быў з ёю ў атрадзе, расказваў, як упершыню разам з начальнікам разведкі даваў Люсі заданне. Хаця спачатку задання не даваў, проста раіўся з ёю, сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі, хто з іх, хлопцаў і дзяўчат, можа пайсці на разведку ў Вераскава, дзе размясціўся варожы гарнізон.
— Чаму «нехта» пойдзе? Канечне, лепей за ўсё ісці мне,— адказала тады Люся.
— Ты занадта прыкметная,— не ўтрымаўся ён.
— Нічога! — падхапіў камандзір разведкі.— Яна ж рыхтавалася ў артысткі, хай цяпер паказвае, на што здольная.
— А мне сапраўды будзе лягчэй, чым каму,— не прымаючы іх жартаў, адказала Люся.— Я ж там не раз бывала. I на аглядах самадзейнасці, і ўвогуле.
— Любоў Яравую іграла! — зноў не вытрымаў адзін з хлопцаў — відаць, сам Мікола Грабёнкін. Быў ён адчайным, рызыкоўным хлопцам, любіў у людзях тую ж смеласць і рызыку, а таму і парэкамендаваў камандзіру разведкі сустрэцца з Люсяй, каб вырашыць усе пытанні. Але яна прыняла заданне як заданне сабе асабіста, нібыта гэта павінна было нешта вырашыць у яе жыцці, і настойвала, пакуль не дабілася свайго. Камандзір разведкі гаварыў цяпер мякка, падрабязна ўсё тлумачыў, а калі Люся пайшла, з захапленнем сказаў:
— Ну і дзяўчаты ў вас, Мікола! Нават не верыцца: у вас жа савецкай улады амаль не было, адкуль магло ўсё гэта ўзяцца? Бач ты яе, сама рвецца ў разведку, і не проста ад рызыкі. Тут іншае, брат, я адчуваю...
Пасля камандзір — мы ўжо звалі яго проста Міхаілам — усё гэта пераказваў і мне. А я расказвала яму, што тут, на гэтай зямлі, было магутнае асяроддзе людзей, што сядзелі ў турмах, што павялі за сабой тысячы людзей, патрабуючы вызвалення, а савецкая ўлада, нябачная, была побач, за кардонам, і мы бачылі ў ёй і надзею, і нешта большае — казку, якая вось-вось здзейсніцца. Я расказвала ім ужо аб с в а ё й зямлі, і яны слухалі зацікаўлена. А я разумела, адкуль у тутэйшых насцярожанасць да чужога: за трыццаць гадоў улада мянялася неаднойчы, таму і тлумачыла, што не варта думаць, быццам гэта і ёсць сутнасць мясцовых людзей. Не, пераконвала я хлопцаў, вы ўбачыце не раз, на што здольныя людзі навокал, што гэта за зямля, дзе воляй лёсу вам суджана пражыць ваенныя гады. Я не гаварыла таго, што было за словамі: а было нейкае шчымлівае прадчуванне, што, відаць, многім з іх суджана застацца ў гэтай зямлі, па якой так лёгка і ўпэўнена ходзяць яны, белазубыя прыгожыя хлопцы-партызаны. Так яно і здарылася...
Міхаіл, весялун-сібірак, пад паглядамі якога млела не адна дзяўчына, асабліва калі на якой вочарынцы танцаваў свой каронны нумар — сербіянку, загінуў у Вераскаве. Расказвалі пасля, што ён адбіваўся так адчайна, што, калі немцы хацелі зняць з яго, мёртвага, скуранку, нейкі іх афіцэр не дазволіў, маўляў, няхай пахаваюць рускага смельчака ў тым, у чым ён апрануты. Тады яшчэ яны дэманстравалі сваім салдатам храбрасць нашых хлопцаў, відаць, каб паказаць, чаго вартыя перамогі над такімі, але ішлі месяцы, і пасля, у канцы вайны, здзекі чыніліся ўжо і з мёртвых — можа, якраз таму, што былі ашуканыя ўсе іх падзеі і заставалася толькі злосць і нянавісць да нас, няскораных.