Той сакавік быў доўгім, суровым, халодным, вясна ніяк не наступала, і Люся, крадком прыходзячы дадому, гладзіла бярозу, што расла ля ганка, і ўсё прыгаворвала:
— Замерзла, мая мілая, стамілася ад холаду. Нічога, хутка вясна прыйдзе і лета, мы яго дачакаемся, праўда?
Як быццам упрошвала кагосьці — дачакацца, дажыць...
Бяроза і зараз жыве на тым старым месцы, дзе была хата, толькі белая аксамітавая кара яе стала жоўтай і зморшчанай ды галіны нахіліліся да самай зямлі, як у вярбы, нібыта і яна ўвабрала ў сябе ўсё гора, што бачыла вакол сябе,— а гора было агромністым, яно, здаецца, крычала на ўвесь свет...
Помню яе, бярозу, маленькім зялёным парасткам, што праклюнуўся ля ганка ў той першы год, які я сустракала разам з мужам тут, на Прынямонні, толькі вучылася гаспадарыць, вучылася жыць. Адкуль я ведала, што чакае мяне тут, якую меру радасці і страт зазнаю ў будучым, але, калі б і ведала, хіба магло гэта пешта змяніць? I ўсё ж я радавалася жыццю, і яно было добрым да мяне. У верасні трыццаць дзевятага, пасля вызвалення, мяне прынялі на работу ў пракуратуру. Ішлі справы аб нападзе па актывістаў, аб звярыных расправах з маладымі спецыялістамі. Было неспакойна. Чакала мужа з трывогай, клалася спаць не іначай як з пісталетам пад падушкай. Але жыццё бурліла, у ім былі выклік і барацьба — тое, што дае адчуванне паўпаты ўласнага існавання. I — трагізму.
Помніцца ноч, агромністая чырвоная поўня, што застыгла пад хатай, стагі ў далёкім лузе, што былі падобныя да шлемаў, насунутых на самыя вочы старадаўніх рыцараў. Да нас зайшлі маладыя міліцыянеры, каб папіць вады. Яны прыехалі на фурманцы, дзе ляжаў мёртвы настаўнік, якога забілі ў час сходу, з цемры, абрэзам, амаль ва ўпор. Яны расказвалі нам падрабязнасці, прагна п’ючы ваду. Я заўважыла, што рукаў у аднаго разарваны і шышкі дзядоўніку чэпка ўпіліся ў скуру, але нічога не сказала, каб не бянтэжыць хлопца. Люся слухала іх моўчкі, пасля выйшла з хаты, нахілілася над целам, прыўзняла брызент. Я стаяла наводдаль. Маўчала. Міліцыянеры выйшлі з хаты, падзякавалі, пасля паселі навокал, амаль побач з забітым. Твары іх былі стомленымі і строгімі. Люся ўсё стаяла, глядзела на забітага, пасля асцярожна прыкрыла яго. Фурманка кранулася з месца, але вочы аднаго з хлопцаў доўга не адрываліся ад постаці маёй дзяўчынкі — задуменныя і журботныя вочы чалавека, які сутыкаецца з жорсткасцю і бядой.
— Сволачы! Знайшлі на кім вымяшчаць нянавісць — на настаўніку! — сказала я.
— Настаўнік, мама, гэта самы першы агітатар. Ён вучыць добраму, справядліваму. Калі ён стане баяцца, гэта ўжо не настаўнік.
Люся тады якраз падала заяву з просьбай прыняць яе ў камсамол, хадзіла ўзбуджаная, імклівая. I таму наступныя мае словы прыняла з ноткай пратэсту.
— Я думаю, што, калі ты пойдзеш вучыцца на настаўніцу, табе не трэба будзе баяцца абрэзаў.
— Спакойна жыць ніколі не буду! — у голасе яе прагучала страснасць.— А барацьбы хопіць заўсёды. Сцвярджаць новае — заўсёды барацьба.
— Тады ідзі ў актрысы, бо там заўсёды сцвярджаюць нешта новае, як ты гаворыш. Навошта сапраўды табе быць настаўніцай?
Я хітрыла. У тыя гады настаўнічаць было проста небяспечна, і невядома было, калі ўсё гэта скончыцца. Я ўсёй душой хацела, каб яна пайшла некуды, дзе не будзе абрэзаў, варожых вачэй з-за суседняй хаты, з-за дрэва. Але дзе знойдзеш ціхае месца? Мы ўсе былі навідавоку, любы спецыяліст быў для бандытаў небяспечным чалавекам, «агітатарам». А вось тэатральны мог бы даць маёй дачцэ магчымасць паехаць у сталіцу, далей ад стрэлаў уначы, ад крыві, якая ўсё яшчэ лілася.
— Але ж ты ведаеш, мама,— я ніколі не буду актрысай.
...Яна заўсёды гаварыла так — крыху катэгарычна, цвёрда, нібыта абдумвала ўсё адзін раз і назаўсёды. Дзіўным было ў ёй спалучэнне мяккасці і дабрыні, настойлівасці і жорсткасці. Маладая дзяўчына, яна здзіўляла нас з бацькам сваім характарам, які ляпіўся пакрысе, непрыкметна, але вось выявіўся і паказаў сябе такім цвёрдым і пастаянным, як у чалавека, які многа перажыў. Але хіба ведаем мы, якія думкі вырашаюць для сябе маладыя, чым жывяць яны сваю душу? Усе нашы знаёмыя, а яшчэ раней — настаўнікі, верылі, што ў яе вялікі талент. Можа, гэта былі проста здольнасці, ды, як заведзена ў невялікіх гарадках і пасёлках, усе верылі ў тое, што менавіта тут нараджаюцца будучыя славутасці. А спявала яна і на самай справе цудоўна. Голас нізкі, чысты, і гітара ў яе руках таксама, здавалася, спявала сама, без намаганняў... Яна і граць навучылася неяк непрыкметна, і непрыкметна ўнесла ў наш дом музыку і песні, так што яны паступова сталі таксама неабходнасцю, як і яе весялосць, упартасць, яе маленькія прыхамаці. Але ж музыка, якраз музыка, першы раз і ўратавала яе ад смерці. Гэта было тады, калі яе павялі на расстрэл. Канечне, не было б нашых просьбаў, падарункаў і іншага, можа, і гэта б не падзейнічала. Але ўсё разам і адвяло ад яе кулю. Першы раз...