Мая Людміла, мая ластаўка, напэўна, таксама нездарма нарадзілася ў нашай хаце. Мы з бацькам увогуле людзі звычайныя. Кароткае яе жаццё было маланкай, заранкай, што ўскалыхнула наша існаванне, напоўніла яго іншым, вышэйшым, сэнсам. Таму я і жыву так, каб апраўдаць гэтае ззянне, што ўварвалася ў нашу хату, дзеля таго, каб не адыходзіў ад нас той, другі, вышэйшы сэнс. Мы проста ўжо не можам жыць іначай.
РАЗМОВА
Ваша праўда — чакаць нядобра, асабліва вось так, у аэрапорце. Ні адлучыцца ў горад, ні паспаць, ні паесці як трэба. Дый я і саромеюся есці пры людзях. Усё здаецца — кавалак не так ухапіла ці жую так, што ўсе чуюць... Гэта ж я ў санаторыі так і прыходзіла — апошняй, калі суседзі ўжо адышліся, наеліся. Спачатку па-давальшчыца сердавала, пасля прывыкла. I я прывыкла: па тэрэнкуру хадзіла, у ванне пялёхалася, і нават рубель навучылася медсястры торкаць, бо казалі, што яны таго нарзану мала нальюць, калі без рубля... Ну і што што маладая? Сэрца — яно цяпер рана балець пачынае: ці то народ такі пайшоў, ці надта яму дастаецца: столькі хіміі ды стрэсаў тых...
Адкуль стрэсы? Ды жыццё, ведаеце, трасе, стрэсвае так, што часам і не ведаеш, адкуль набяжыць. Вы думаеце, я тут толькі лячылася? Лячылася, так. А яшчэ да мужыка ездзіла. Да свайго, канешне. Ну, цяпер ужо не да свайго, чужога. Але ж які ён чужы, калі з ім першым пацалавалася, дачку ад яго нарадзіла — і падобная Алачка мая на яго, як пірожнае на торт, з якога кавалак выражуць.
Параўнанні смешныя? Дык я на хлебазаводзе працую, хлебапёкам. Заводзік невялічкі, колькі таго хлеба на наш гарадок трэба, ну але работы ўсё роўна хапае. Тэхналогія тэхналогіяй, але калі не ўгледзіш, то такія булкі папаўзуць, хоць сама ў тую печ кладзіся, каб назаўтра людзі не папракалі. Гэта там, у вялікім горадзе, што б ты ні натварыў, як бы ні падленаваўся, усё роўна ніхто пальцам не тыцпе, ды і хлеб свой не пазнаеш на прылаўку: іх вунь колькі, магазінаў! А ў нас усе цябе ведаюць і, калі што якое, прама ў вочы рэжуць: «Што ж у цябе, Лара, сумлення няма, што якраз на тваёй змене шнурок дзіцяці на зуб папаўся замест разынак?» Ну і глядзіш, каб сапраўды другі раз такога не было, але ж усё не ўгледзіш, яно таксама праўда...
Дык я вот і кажу — ад мужа зараз еду. Не хацела, не хацела, ды перад самай дарогай дадому думаю сабе: можа, ніколі болей такую пуцёўку не дадуць, а сама я ў гэткую дарогу не выберуся, ды і чаго выбірацца спецыяльна? А так, проста, па дарозе — тут якіх пяцьдзесят кіламетраў убок — заехаць можна. Прыехаў, глянуў і – бывайце здаровы, жывіце багата... Ды яшчэ і ці паеду калі ў санаторый? Надта мне надакучыла тут — людзі хворыя, але нейкая як ліхаманка іх трасе — ухапіць, вырваць хаця трохі, кавалачак хаця, шчасця. А шчасця таго — з мужыком на танцы схадзіць альбо ў рэстаран — з чужым, якому і ты непатрэбная праз тыдзень, ды і ён табе наўрад ці... Мая суседка штоноч праз акно ў пакой вярталася. Кажа: мужык п'яніца, дык хаця тут адгуляю, жанчынай сябе адчую! Яно, можа, і праўда — жанкам цяпер болей за мужчын дастаецца, усё на ёй, але ж маці мая чатырох вырасціла, ды ў вёсцы, дзе жылы рвала на гаспадарцы, і не скардзілася на жыццё, як кабета тая, у якой гэты самы п'яніца мужык ды сын адзіны!
А можа, паветра тут такое ці часу вольнага шмат, што мары аб шчасці так і туманяць галаву? Вось і мне захацелася Мішу ўбачыць, хаця шэсць гадоў без яго жыву і ўспамінаць не жадала. Шэсць? Не, болей. Яшчэ два гады быў ён на пасяленні, але туды ездзіла, калі можна было, усе грошы на дарогу ды на пасылкі траціла. За што на пасяленне трапіў? За дурасць сваю. Напіўся ды п'яны на трактары ездзіць па стэпе ўздумаў. А стэп — ён шырокі, ды і там людзі трапляюцца. Не да смерці, але ж знявечыў чалавека; і загрымеў — на два гады...
Маё сэрца прадчувала бяду яшчэ тады, калі ён упершыню на тую халтуру, на сезонную працу, брыгаду скалачваў. Перад самым ад'ездам сядзім мы з ім, абняўшыся — а мы добра жылі, у павазе ды любові,— я і кажу: «Не ездзі ты, Мішанька! Што тыя грошы! Усё роўна ўсіх не заробіш. Хіба табе тут дрэнна? Вунь у нас азёры якія, ажно з Ленінграда ды Масквы едуць, што цябе цягне ў белы свет? Алачка маленькая зусім». Ды так заплакала, заплакала... ён ажно ўсхапіўся, прыказаў: «Каб слёз тваіх не бачыў! Душу яны мне выварочваюць! Сама ж ведаеш, усё дамоўлена, на заўтра білеты ўзятыя... Сорамна перад хлопцамі!»
Як быццам нельга здаць тыя білеты, а то і хай бы яны зусім прапалі, праклятыя! Не, тут у другім справа была — захацелася белы свет пабачыць, прыгожа пажыць, а на зарплату не шыканеш, на працоўныя, заробленыя, яны і тут заробленыя, але ж калі трапляе адразу такая сума да мужчыны, не прывучанага да грошай, то ён як шалее ўсё адно. Будзе кідаць рублі навокал, ды так лёгка, як быццам ім цаны няма. А я бачыла тую цану — днямі стаяць пад сонцам палючым ды цагліны перад сабой у сцяну выстройваюць. Цяжкая работа. I што дзіўна - звычайныя хлопцы, выраслі проста, як усе мы, але чым прасцей рос, тым болей грошы кідае, як купец які, што гатовы на анучы сабе аксаміт драць! Нічога я прыгожага ў тым прыгожым жыцці не знаходзіла, нават калі з Мішам кожны дзень у рэстаране сядзела, быў такі ў іх тыдзень «перакуру». Едзеш туды па спякоце, у горад, млееш у туфлях ды сукенцы святочнай — і ўсё дзеля таго, каб табе на брудны абрус кінулі смажаніну, ды такую, што ў нас і сабака адмовіцца ад яе. А танцы — яно б і нічога, спачатку можна і танцаваць, але ж пад канец усё гэта скача, гопае так, што прагінаецца падлога, і ўсе п'янае, вытарашчанае, няўцямнае! Як пабачыла, што дзяўчаты, гуртам скачучы, задамі мужчын суседніх на хаду піхаюць,— ці то жартам, ці то знарок,— свету не ўбачыла. «Хадзем, кажу, Мішанька, адсюль!» Не на Марсе і я нарадзілася, бачыце, сама цяпер куру, разумею, што, можа, пры сённяшнім раўнапраўі яно ўжо і не сорамна для жанчыны мужчыну самой у ложак цягнуць. Але ж адно разумець, а другое бачыць, як дзяўчаткі, якім дзе-небудзь на рэчцы з хлопцам на зоркі глядзець ці кветкі збіраць, сядзяць вакол бутэлек з вачыма пасалавелымі, як у заўзятых п'яніц, хлопцаў аглядаюць ўсёй кампаніяй ды такія заўвагі пра іх робяць, што наш вартаўнік дзед Васька, які слова без мата не вымавіць, зачырванеўся б тут, як півоня! Пасля я гэтых дзяўчатак у пасёлку бачыла. Стаяць сабе за прылаўкам ці ў кафэ — нармальныя, сціплыя як быццам, і вочы ясныя. Але было ўжо мне зразумела: не будзе нічога добрага там, дзе жанчыны да ўзроўню п'яных мужыкоў апусціліся і не толькі іх душой не паднімаюць, але, наадварот, на благое штурхаюць. Калі сваё прызначэнне на зямлі не выконваюць. Якое прызначэнне, пытаецеся вы? Ды такое, што сіла на зямлі — ад мужчын, пяшчота і прыгажосць — ад нас з вамі. Што, можа, занадта па-кніжнаму гавару? Што ж, я і праўда шмат цяпер чытаю. Дачка ў дзевятым класе, кнігі прыносіць, і я з ёю — Талстой, Дастаеўскі, Кузьма Чорны. Праўда, многа не разумею, ало ж не параўнаць, як у школе чытала — тады прамільгнула гэта ўсё для мяне, як сон. А цяпер чытаю і над кожным сказам думаю. Не паспяваю — дачка злуецца, забірае кнігі, дык я прыйду са змены — і ноччу. За акном мяцеліца, снег уецца, і так добра пра ўсё думаецца. I пра тых, хто цяпер адзінокі, як і я, і хто, можа, брыдзе дарогай снежнай кудысьці да цяпла, і што мала яго, цяпла таго, каб усіх, каму яно трэба, сагрэць... А яшчэ пра тое, што жывуць жа людзі, як глухія і сляпыя, не думаючы ні пра што, толькі — паесці, апрануцца ды перад іншымі пакрасавацца. I так да самай смерці... Я, з Мішам жывучы, таксама пра гэта не думала. Але ж маладая была, дый каханне нас сляпіла. О, як сляпіла! Бывала, стаю, гляджу, як ён агароджу чыніць ці вёдры з калодзежа нясе — і вочы слязой засцілае ад любасці. Здаецца, кожную жылку ягоную перацалавала б, бінтом бы абярнулася, каб самую маленькую драпіну яму перабінтаваць! Але колькі помню, усё роўна свет нам каханне не засцілала, помнілі і пра іншых, і не раз Міша за інваліда Пятровіча дровы пілаваў яму на двары, студню ўдаве Макарысе чысціў і — каму што трэба было — не адмаўляўся. I гэта добрае, што мы рабілі для другіх, як бы і наша каханне мацавала, свет рабіла яшчэ чысцейшым, дабрэйшым...