Выбрать главу

— Як жа я забяру цябе? У мяне ж толькі адзін рубель застаўся. Не хопіць...

I дастаю з сумкі рубель скамечаны, той самы, адзіны, і Мішу на далоні працягваю. Нашто так зрабіла? — спытайцеся, дык і не адкажу... Ён глядзіць на далонь, і ўсе глядзяць. А пасля цесць Мішын і кажа — спакойна, як нічога і не было:

— Ну то давайце яшчэ вып'ем...

I ўсе зарухаліся, загаманілі, чокнуліся шклянкамі — яны там віно, аказваецца, у шклянках падаюць, і я свой рубель назад схавала. А Міша апусціў галаву ды ў суседні пакой пайшоў — заснуў там хутка, бо выпіў, відаць, зашмат. Праўда, раней яго гэткае віно салодкае не ўзяло б так хутка. Ці то піў за гэтыя гады шмат, ці то здароўе пачало падводзіць...

А назаўтра я і паехала. Развіталася з імі — па-добраму, як быццам і сапраўды сваячка. Дальняя, праўда. Былі на сэрцы і смутак, і шкода, і палёгка нейкая... Не магла я разабрацца, што са мною, толькі калі ехала ў аўтобусе, усё шкадавала, што не магу выйсці з яго ды галавой у адзін з кустоў уткнуцца і ляжаць так, ні аб чым не думаючы...

А зараз сяджу і разважаю — можа, усё ж трэба было яго забраць? Пераступіць нешта ў сабе, дараваць, усё-такі дзяцей у яго ад той, ціхай, няма. Не! Занадта я любіла яго, усю сябе аддавала, да кропелькі. Затое ж і ад яго такога ж патрабавала.

Кажаце, што трэба было і мне завесці некага. Не, не трэба. Хадзілі і каля мяне мужыкі, хадзілі. Але як падумаю, што нейчыя другія рукі мяне абдымуць, не Мішыны, то... такое са мной робіцца! I другое яшчэ. Вы мне скажыце: ёсць вернасць на свеце? Ёсць, кажаце. I я так думаю. Не можа быць, каб яе выдумалі. А калі ёсць яна, калі душу грэе, то хай і будзе, хай жыве з намі. Ну і што, што ён не варты? Няўжо ад таго, што нехта варты, а нехта не варты, можна вернасць пераварочваць — як табе выгадней?! Эх, бедныя словы — хіба выкажаш імі ўсё, што варочаецца ў табе, стогне ці пратэстуе?

...Канешне, дарма чакаць самалёт — цяжка. Ды я чамусьці сяджу, і мне радасна, што ён, самалёт наш, затрымліваецца. Гэта ж я тут, блізка ад Мішы майго, яшчэ пабуду... Паветрам гэтым падыхаю...

...А ЦЯГНІК ГРУКОЧА

Мы беларусы, абое з Іркай з Гродна.

Прыгожы горад. Старадаўнія касцёлы, будынкі з глухімі дворыкамі і аркамі. Замкавая гара, дзе ажно два замкі глядзяць адзін на аднаго — адзін глухі, пануры — Стэфана Баторыя, другі прыгожы, з ільвамі і калонамі — караля Аўгуста.

Здзіўляецеся, што я гісторыю ведаю? Пра ўсё гэта Ірка расказвала. Яна ж з мясцовых. А мы, хаця пражылі ў горадзе трыццаць адзін год — не я, канешне, мне ўсяго дваццаць два, а мае бацькі — мы не надта ў каралях ды эпохах разбіраліся. Бацька мой шафёрам на далёкіх рэйсах укалваў, кожную капейку адкладваў, пакуль домік над рэчкай не пабудаваў. Не дом — палац! Дарожкі заасфальтаваныя, цяпліца, ганак з мармуровай крошкі, а падпол — з цэменту, у які каляровыя шклінкі ўмураваныя... Хто ні заходзіў да нас — толькі пакрэхтваў ды дзівіўся. Было з чаго. У бацькі рукі залатыя ды нейкая прага неўтаймоўная да работы. Ні дня, бывала, не пасядзіць спакойна — усё шчыруе ды шчыруе. Маці, бедную, заганяў. Яна ў нас нейкім ценем зрабілася, не відно яе, не чутно, як быццам у хаце само сабой усё робіцца. Толькі праз сон, бывала, пачуеш, як нешта ціха шкрабецца на кухні, як быццам мышына. Ну, думаеш, маці і паспаць не дасць! Ужо ўсхапілася, а на дварэ ж яшчэ цемень, ноч яшчэ! Затое, калі ўстанеш, снеданне на стале, і ўсё такое смачнае, чысценькае, прыгожае. Паесці бацька любіў, асабліва ў апошнія гады, калі дастатнасць у хату прыйшла. Раней, як помню, усё бульба з алеем ды бульба з алеем. Неяк, прыйшоўшы са школы, скрывіўся я над місай: «Зноў гэная бульба!», дык ён мяне як пагнаў з-за стала ды загадаў маці нічога не даваць, ані лусты хлеба, анічога, дык я, згаладнеўшы, назаўтра ледзь не чыгунок той бульбы ўмяў і болей ніколі не азываўся за сталом... Круты мой бацька, слова ўпоперак не пацерпіць!

Гляньце, Ірка як спіць. Колы грукацяць, калоціцца вагон, а ёй усё нічога. Як дзіцё. Прыгожая яна, праўда?

Тарганулася, ну спі, спі, я толькі крыху коўдру папраўлю, а то ад акна дзьме... А цягнік усё грукоча...

Мы з ёю разам яшчэ ў школе вучыліся. З першага класа. Спачатку біліся — ну, гэта я такі задзіра быў і чамусьці ўсё яе задзіраў, ажно неяк як штурхану, яна паляцела і галаву разбіла аб камень. Кроў палілася, я ад страху дедзь не самлеў: думаю, дасць бацька лупцоўку! А ёй настаўніца галаву перавязвае, рукі дрыжаць, і пытаецца: «Хто штурхануў?» Ірка бледная, кроў з пальцаў сцірае; толькі рот адкрыла, як глянула на мяне — і кажа: «Я сама». Тут дзеці закрычалі: «Гэта Пецька, Пецька!» — «Няпраўда,- кажа Ірка,— я сама!»