Нядаўна яны з Віктарам падалі заяву ў мясцовы загс. Іх маглі распісаць у той жа дзень, але загадчыца загса, выконваючы нядаўна атрыманую інструкцыю аб тэрмінах, якія дадуць магчымасць маладым яшчэ раз узважыць сваё рашэнне, заявіла ім:
— Праз месяц распішам.
— Чаму праз месяц?! — абурыўся Віктар.— Вы ж пазаўчора Івана распісвалі, а яны з Алкай у той жа дзень заяву давалі!
— А вас — праз месяц,— заявіла загадчыца, падціскаючы тонкія вусны.— Новая інструкцыя!
I яны пайшлі назад, трымаючыся за рукі і нялоўка пасміхаючыся са свайго імпэту і з інструкцый, якія абавязвалі іх месяц падумаць над тым, ці жадаюць яны жыць разам, разам несці на сабе і цяжар жыцця і яго радасці.
А калі выйшлі з загса, насустрач ім трапіўся верталётчык Семянцоў і запытаўся:
— Ці забраў ты сваю лайку, Віця?
— Не-е,— разгублена працягнуў Віктар, адразу сцяміўшы, што гаворка ішла пра шчанюка, якога павінна была вось-вось прынесці Найда — славутая на ўвесь пасёлак лайка, якою валодаў начальнік недалёкай адсюль чыгуначнай станцыі.
Начальнік — гэта было занадта для чалавека, які сумяшчаў абавязкі і стрэлачніка, і рамонтніка, і машыніста па гэтай маленькай чыгуначнай ветцы на чыгунцы, па якой вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў хадзіла толькі дрызіна. З кожным годам усё болей расхіствала на ёй рэйкі, усё болей размывалі веснавыя і асеннія дажджы ўпартую няласкавую зямлю. Дарога згубіла сваё прызначэнне яшчэ ў пяцідзесятыя гады, людзі, што будавалі яе, вярнуліся дадому, так што ля яе адзінока жылі цяпер толькі пуцявыя абходчыкі, падпраўляючы, ажыўляючы, ратуючы тое, што яшчэ можна было выратаваць. Дарога магла спатрэбіцца — ішло новае асваенне гэтых бязлюдных мясцін.
У пасёлку яшчэ жылі легенды аб тым, як адзінока жыў ля ракі нейкі стары — былы інжынер. Дзесяцігоддзямі рабіў ён справу, якая здавалася абсаліотна непатрэбнай: вымяраў узровень вады, хуткасць плыні ў розныя месяцы, дзень за днём, месяц за месяцам. Але раптам ажылі тутэйшыя мясціны, рака стала судаходнай, і ўзялі яго на работу гідраметэаролагам — разам з усімі яго запісамі і рэкамендацыямі. Стаў Кандрацюк вядомым спецыялістам — а было яму тады роўна восемдзесят гадоў...
Надзеяй, што яшчэ спатрэбяцца яго вопыт у поўнай меры, жыў і Андрэй Сямёнавіч, якога ўсе называлі начальнікам станцыі. Немалады, але рухавы і вёрткі, ён прыязджаў у пасёлак на сваіх ездавых сабаках, купляў у краме прадукты і абавязкова прыходзіў да некага ў госці — каб пасядзець вечар, пагаманіць, згуляць у карты. Ён любіў, калі прыязджалі і да яго, але ехаць на станцыю трэба было на дрызіне, якую вадзіў якут Коля Мігалкін, а той амаль заўсёды быў п'яны, дый дрызіна хадзіла толькі па асабістаму распараджэнню Андрэя Сямёнавіча.
Калі Кацярына ўпершыню ўбачыла Найду, яна замерла на месцы і, не зводзячы вачэй з вупражкі, сачыла, як бегла паперадзе іншых, быццам сцелячыся па зямлі, выцягваючы ўперад тонкую разумную морду, высокая, шырокая ў косці сучка, і ўся вупражка, усе астатнія сем сабак, падпарадкоўваючыся яе імкліваму рытму, беглі зладжана і прыгожа. Прахожыя спыняліся і сачылі за вупражкай, Андрэй Сямёнавіч, у шапцы з собаля, у пушыстай дасе і унтах, трымаў лейцы і час ад часу злёгку пакрыкваў на сабак, хаця ў гэтым, здаецца, не было ніякай патрэбы.
З таго часу і «захварэла» Кацярына па шчанюка: дастань ды дастань. Віктар аднойчы сустрэў Андрэя Сямёнавіча і, саромеючыся, загаварыў аб тым, што хацеў бы купіць шчанюка ад Найды, калі яна ашчэніцца.
— Колькі папросіце, столькі і аддамо,— закончыў ён.
— Ты што!— пакрыўдзіўся Андрэй Сямёнавіч.— Я шчанюка і за дзве сотні не аддам абы ў чые рукі. Мне б толькі ведаць, што любіць сабаку будзеце, што радасць ад яе будзе. А ад Найды, сапраўды, добрыя шчанюкі будуць, яна ў Маскве прыз возьме, калі павязу. Мяне ўжо даўно атакуюць, Петрыкоўскія ажно стогнуць, ды ім аддаваць не буду, а то яны і так усю вясну птушку і звера б'юць, дарваліся, а без ніякага паняцця, што і калі.
...I цяпер яны ехалі, амаль праз год пасля той размовы, са станцыі і везлі з сабою шчанюка ад Найды.
Шчанюк быў маленькі, пушысты, з вільготным чорным носам і карымі, вельмі яснымі вочкамі. Шэрая поўсць яго ільснілася, а цікаўная, ужо разумная, амаль як у Найды, мордачка ўвесь час імкнулася наверх, туды, дзе гузік ад кажуха быў расшпілены і можна было, высунуўшы пысу, цікаваць за тым, што робіцца навокал.