Кацярына ўвесь час засоўвала яго назад — яна баялася, што шчанюк адмарозіць нос. Віктар смяяўся з яе — ды гэта ж паўночны сабака, ён прывык спаць у снезе!
— Пасля,—пярэчыла Кацярына.— Пасля, калі акрэпне. А цяпер, бач, які маленькі і кволы!
Найда не хацела аддаваць шчанюка — ён быў апошнім, ён заставаўся з ёю і тады, калі адзін за адным зніклі астатнія пяць, і яго яна наважылася не аддаваць. Алдрэй Сямёнавіч зачыніў яе ў будан, і, ад'язджаючы, яны чулі, як працяжна і стомлена выла яна ўслед, драпаючы моцнымі лапамі тоўстыя сцены будана.
Разгарачаныя пасля гасціны, Віктар і Каця не спяшаліся, але Андрэй Сямёнавіч прыспешваў іх:
— Або начуйце ў мяне, альбо едзьце хутчэй. Ноч ужо!
— Дык жа якая гэта поч, Сямёнавіч,— жартаваў Віктар,— вунь сонца з неба не сыходзіць!
— Усё роўна,— спяшаўся пасадзіць іх Сямёнавіч, ухутваючы Кацярыніны валёнкі кажухом. Апошні раз пагладзіўшы шчанюка, ён усміхнуўся добрай усмешкай:
— Заместа блаславення вам. На вяселле ўсё роўна старая не адпусціць, баіцца, што кіну, маладую знайду. А і знайду! Як думаеш?
I Кацярына ў адказ засмяялася, пажартавала:
— Нашто вам маладая? У вас і свая гаспадыня яшчэ хоць куды!
— Мы з ёю трыццаць гадоў душа ў душу жывём,— прызнаўся Андрэй Сямёнавіч.— Вам жадаю так пражыць, дзеці...
Коля Мігалкін маўкліва завёў матор, і дрызіна пабегла, перавальваючыся на стыках, як жывая істота. Шчанюк мякка тыцкаўся ў Кацярыніны грудзі і то вішчаў — тоненька і працягла, як быццам скардзячыся, то маўкліва туліўся да яе, і яна адчувала, як нешта цёплае і добрае хвалямі прабягае па ёй — ці то радасць ад таго, што дамаглася свайго, ці проста звінела ўсё ў ёй і спявала — ад таго, што побач Віктар, што спяшаўся ён выканаць яе жаданне — набыць шчанюка, што іх жыццё пачынаецца так шчасліва і добра...
Шчанюк для яе быў пе прыхамаць — з дзяцінства Кацярына жыла ў цесным суседстве з іншымі жывымі істотамі. Была ў іх у Валеўцы карова Зорка — ціхманая, з вялікімі ласкавымі вачамі, жыў кот Валацуга, у двары — руды дварняк, што прыбіўся з суседняй вёскі напалоханым мокрым шчанюком. За хатай, ля балотца, купаліся ў пяску куры і гускі і, заўважыўшы Кацярыну, беглі да яе, махаючы крыллем і выцягваючы шыі. Тут, на Поўначы, яна найбольш сумавала па гэтых. штодзённых клопатах пра жывое — бывала, прачнецца рана з думкай, што трэба падаіць Зорку і выпусціць на двор курэй, а пасля спахопіцца, што нічога гэтага тут няма, што можна цэлы дзень валяцца ў ложку, не клапоцячыся ні пра што, апроч заўтрашняй змены, на якую трэба ўставаць раненька. Яна не заўважала, што паступова глухла ў ёй патрэба апекавацца аб некім і нечым, ажно пакуль не ўбачыла Найду,—- і тады загарэлася ў ёй гэтае ўпартае жаданне — мець хаця б вось такую пушыстую, з разумнымі вачамі лайку, вырасціць яе, каб чакала са змены яе і Віктара.
Віктар пакепліваў і з гэтага — невядома, колькі яны тут будуць. А што, калі надакучыць? Праз два гады можна ехаць дадому, і што тады рабіць з лайкай? Але Кацярыніна прыхамаць не праходзіла, а яму хацелася дагадзіць ёй. Вельмі хацелася...
Чырвоны круг сонца нагадваў вялізную дзірку, прапаленую скрозь бледна-сіні покрыў. Пры поглядзе на яго мроілася, што недзе там, за гэтым покрывам, палае-гарыць агромністы атамны рэактар, а сюды даходзіць толькі слабы, прыпагаслы ўжо водбліск. На снезе — і далёка ўперадзе, і па баках — клаліся доўгія хударлявыя цені лістоўніц і сасонак. Нягледзячы на лютыя маразы, на доўгія, па паўгода, палярныя ночы, яны раслі насуперак усяму і позняй вясной гэтак жа, як іх сёстры на поўдні, выпускалі тонкія светла-зялёныя парасткі, на якіх высыпалі жаўтаватыя скупыя кветкі, пасыпаныя амаль непрыкметным для вока пылком. Зараз, аблітыя, быццам глазурай, падталым за дзень лядком, пад чырванаватым святлом начнога сонца, ствалы здаваліся людзьмі, што скамянелі пад чарамі, і чамусьці абодвум падумалася, што яны як сочаць за дрызінай сотнямі вачэй, нібыта спадзеючыся на дапамогу. Віктар доўга глядзеў па баках, пасля задумліва адвёў позірк і павярнуў галаву да Кацярыны.
Яму была відна яе шчака, налітая марозным румянцам, ледзь прыпухлыя вусны і белыя валасы, што выбіваліся з-пад шэрай заечай шапкі. Ён ведаў, што шэрае ёй да твару — нібыта дае нейкае адценне шэрым вачам, дробным залацістым вяснушкам. Кацярына злавіла ягоны пагляд, усміхнулася, прыслухоўваючыся да таго, як шкрабецца моцнымі лапамі шчанюк, зноў высоўваючы сваю чорную вільготпую пысу на мароз.
...Ваўкоў яны ўбачылі адначасна, яны як вынырнулі з чырвонага снегу проста пасярэдзіне вялікай прагаліны, што заставалася ззаду. Гэта была, відаць, тая зграя, што гадзіну назад, калі яны трохі ад'ехаліся ад станцыі, неслася за аленем. Але тады, калі Коля, павярнуўшы галаву, заўважыў буднічным голасам, што, аднак, спяшацца трэба, таму што снег цяпер рыхлы і, калі ваўкі не дагоняць аленя, то, раз'юшаныя, могуць пагнацца за імі. Яны пасмяяліся з Колевых слоў — чорныя імклівыя кроплі мільгалі так далёка, алень, за якім яны несліся, быў, здаецца, амаль у ваўчынай уладзе. Яны пашкадавалі аленя, але нічым памагчы яму было нельга, і яны паспадзяваліся толькі на тое, што снег сапраўды рыхлы і легканогі алень, падхліснуты смяротным жахам, здолее перагнаць зграю.