Відаць, так яно і адбылося. I, раз’юшаная няўдачай, зграя павярнула туды, дзе параўнаўча нетаропка, калываючыся па стыках, ехала дрызіна — невысокая цялежка, і жалобна скуголіў шчанюк, высоўваючы на мароз свой цікаўны нос.
— Пяць,— чамусьці шэптам сказала Кацярына.
I хаця Коля наўрад ці мог яе пачуць, ён раптоўна азірнуўся, і смуглявы яго твар перакрывіўся ў спалоханай і адначасна жалобнай грымасе. Пасля ён хутка пахіліўся, нешта знайшоў пад нагамі і кінуў пад ногі Віктару сякеру — адпаліраванае тапарышча бліснула ў чырвоным святле коратка і рэзка. Пасля павярнуўся, і плечы яго захадзілі пад дахой, быццам ён упрошваў матор, сіліўся выціснуць з яго што можна.
I Віктар, разумеючы гэта, крыкнуў яму — адчайна, страшна:
Хутчэй! Жмі, Коля!
— Нельга! Выкіне! — данеслася з-пад дахі, і Коліны плечы яшчэ хутчэй захадзілі пад дахой. Ён болей не азіраўся, і Кацярына, нямеючы ад жаху, зразум-ла — Віктар і яна павінны абараніць і Колева жыццё таксама, таму што цяпер уся надзея на іх ды яшчэ на дрызіну, якая відавочна наскорыла хуткасць, так што хістаць іх пачало яшчэ мацней і няўмольней.
Ваўкі беглі не так хутка, як раней. Відаць было, што глыбокі снег і гонка ўжо выматалі іх, але сіла, якая гнала іх цяпер за дрызінай, была мацнейшая за стому — раз'ятраная воля і разлік адчуваліся ў мерным, да жаху раўнамерным ваўчыным бегу.
Наперадзе, ужо заскочыўшы на шпалы і прынароўваючыся да іх дробнага перабору, бегла невялікая, з упалымі бакамі ваўчыца. Гэта Віктар і Кацярына зразумелі адразу — іншыя былі буйнейшыя, больш марудныя. Яны ўжо раздзяляліся па баках, каб абкружыць дрызіну, і нехта першы рыхтаваўся ўхапіць вострымі бязлітаснымі зубамі здабычу, якая б яна ні была.
Віктар машынальна, не адрываючыся паглядам ад ваўчыцы, сцягнуў рукавіцу, і рука яго ямчэй ухапіла ледзяное тапарышча. Яно балюча апякло далонь, але холаду ён не адчуў — шэрая, з чарнаватымі падпалінамі ваўчыца была ўжо зусім недалёка. Яна чакала, і дыханне яе штуршкамі вырывалася ў прастору — такую агромністую, бяздонную, што ў яго зацяла дыханне. Іх пасёлак, вуліцы, вагончык — усё гэта было далёка, так далёка, што ў яго на момант мільганула шалёная думка — а ці было гэта на самай справе? Усё цёплае, тое, што сагравала іх, давала раўнавагу жыццю, як быццам пакінула іх, заставаліся бязлюдная пустыня і ваўкі... Не зводзячы вачэй з ваўчыцы, ён убачыў Кацярыну — твар яе быў, як бальнічная сцяна, і толькі, ледзь скошаныя, ззялі нясцерпным святлом поўныя жаху вочы. Яна сядзела бокам, дзвюма рукамі намёртва ўчапілася ў борт.
I гэта як ускалыхнула яго, прымусіла скінуць здранцвенне. Ён раптоўна — усёй скурай — адчуў, што ён мужчына, што спрадвечна, заўсёды было і будзе так — жанчына павінна быць пад ягонай аховай, за ягонай спіной.
— Сядзь прама! — загадаў ён.— Адбівайся нагамі, з усяе сілы. I трымайся. Галоўнае — не вываліцца!
— Ой, Віценька,— нібыта дачакаўшыся гэтых слоў, загаласіла яна, тоненька і безнадзейна,.— Яны ж дагоняць нас... О госпадзі-і!
Не выпускаючы з рук сякеру, ён пасунуўся да краю дрызіны — там, амаль кранаючыся яе носам, бегла ваўчыца. Але тая, нібыта разгадаўшы намер, абагнала дрызіну. Яна кіравалася да Кацярыны, беспамылковым інстынктам звера ўгадаўшы, хто слабейшы! А можа, прыцягнула яе скавытанне шчанюка — яно тонка і адчайна праразала цішыню, таму што — Віктар адзначыў гэта неяк машынальна, падсвядома — апроч стукату матора, вакол панавала цішыня — такая, якая бывае перад навальніцай, калі чорная кіпучая хмара вось-вось выблісне асляпляльным, аглушальным раскатам!
Ваўкі абкружылі дрызіну, высокі касцісты звер скокнуў першым. Але абвостраны небяспекай інстынкт Віктара падказаў яму скачок — ён, коратка і востра размахнуўшыся, ударыў сякерай. Воўк паспеў вывернуцца, і сякера звонка, аглушальна звонка ўдарылася ў металічны борт, так што на імгненне выбліснуў сноп іскраў.
Другі скачок — ваўчыцы — ён угадаў таксама, ірвануўся наперарэз, таму што там, дзе цэлілася ваўчыца, была Кацярына. Шаленства ахапіла яго, але мацней за ўсё, нават за страх небяспекі, была адна думка — уратаваць Кацярыну! Яна, яна павінна застацца жывою. Хаця б яна!