Ён гатовы быў крычаць, маліць гэтую халодную ледзяную прастору, каб яна, забраўшы ягонае жыццё, пакінула Кацярыну. Ён вар'яцеў — і, перахапіўшы ваўчыныя лапы, згубіўшы ў гэтым адчайным скачку сякеру, зразумеў, што павінен зрабіць адзінае... Павінен...
Адчуваючы, як патыхнула ад звера гарачым і смуродным, ён, апошнім намаганнем схапіўшы ваўчыцу за шыю, разам з ёю вываліўся з дрызіны!
Яны выкаціліся шалёным клубком, паляцелі ў адхон, перакульваючыся ў рыхлым снезе. Зграя адразу спыпілася, пасля ваўкі кінуліся назад.
Коратка, здушана закрычала Кацярына. Яна стаяла ў дрызіне, не ведаючы, што прымусіла яе адарвацца ад ратавальнага борта. Ледзяная прастора насунулася на яе — халодная, халодная ледзяная прастора, дзе не было Віктара, і сэрца яе таксама спынілася, захлынулася болем. Сама не ведаючы, што робіць, яна зрабіла крок, другі — і тарганулася ўніз, дзе мільгалі зледзянелыя карычневыя шпалы, якія аднеслі яе ад Віктара, каб памерці разам з ім, таму што навошта жыць адной, без яго?!
Аглушаная ўдарам, яна ў беспрытомнасці ляжала ў снезе, не ведаючы, што зграя не заўважыла яе, што Коля Мігалкін, ад'ехаўшы з кіламетр, вернецца, выратуе яе і шчанюка — той, не ведаючы ні аб чым, усё будзе скуголіць і высоўваць з кажуха сваю цёплую вільготную пысу...
ГУЛ ДАЛЁКІХ СТАГОДДЗЯЎ
ВАЎКАЛАКАМ АБЯРНУСЯ
Куды пайду? Мілы божа!
Пайду ў свет, на раздарожжа,
Ваўкалакам абярнуся...
Хто не ведаў у наваколлі крошынскага каваля? Сам пан здароўкаўся з ім за руку, а ксёндз у сваіх казанях не раз ставіў у прыклад яго добрасумленнасць у рабоце, ціхі і пакорлівы характар, павагу да жонкі. Над апошнім той-сёй пасмейваўся, і было чаму: узяў каваль сабе ў жонкі дзяўчыну, якой бы па гадах дачкой яго звацца, і галоўнае, не з тых, хто баіцца ў дзеўках заседзецца. А на такую прыгажуню калі рука і паднімецца, то толькі для таго, каб пагладзіць на мяккіх плячах, прылашчыць горача! Ды і з чаго не быць міру ў іх сям'і? Вакол толькі і размоў, што пашанцавала дзеўцы — такога ўмельца яшчэ трэба пашукаць. Ён жа на ўсе рукі майстар. I хату сабе паставіў — люба-дорага паглядзець, аканіцы ўсе і налічнікі выразаныя, і ў тых узорах звяры і птушкі розныя, быццам і не просты каваль тут жыве, а сапраўдны пан.
Усё добра ў каваля. Але чаму ў поўнач, калі даўно спяць людзі, трапеча агеньчык лучыны ў хаце каваля Багрыма?
...Сячэ бясконцы асенні дождж. Чутно, як глуха рыпяць над рэчкай старыя вольхі, як вые ў коміне вецер і шалясцяць за вокнамі голыя кусты.
Каваль Паўлюк нацягвае старую сярмягу і, закрываючы галаву мехам, выходзіць з хаты.
Страшна ў такую ноч апынуцца дзе-небудзь удалечыні ад жылля, добры гаспадар і сабаку пашкадуе, пусціць у сенцы. Што ж выгнала з цёплай хаты каваля? Можа, задушна стала, выйшаў падыхаць свежым паветрам? Але не прывучаны да такіх тонкасцяў мясцовыя жыхары, не зразумеюць яны і панскія капрызы Багрыма.
Ён упэўнена прабіраецца напрасткі да рэчкі, садзіцца пад вербай — яе тоўсты, каржакаваты ствол крыху прыкрывае ад дажджу і ветру, і сядзіць, сядзіць... Да таго часу заседзіцца, пакуль не перастане адчуваць свайго цела, пакуль не скачанее да сінявы.
Усхліпвае пад пранізлым ветрам кустаўё, плешча ў травяных берагах вада, і нешта незразумелае, як насланнё, находзіць на Паўлюка. I вось ужо плывуць, плывуць перад ім карціны: плачуць дзеці, галосяць жанчыны, а каля паласатага слупа — «рабога», як празвалі яго ў вёсцы,— б’юць чырвонымі лазінамі хлапчука. Паўлюк бачыць распухлую, усю ў сініх пісягах спіну. Вось адна з палосаў лопнула, расплылася крывёй — і ён адчуў, як балюча закалацілася сэрца і паплылі перад вачыма барвовыя кругі. I тады проста ў галаву ўпіваецца, як шыла, востры прарэзлівы віскат, пасля хрып... Хіба думаў ён тады, што не раз у будучым давядзецца бачыць такое, што змірыцца ён, нарэшце, з тым, як забіваюць на вачах людзей гнуткімі лазінамі да смерці?
Тады, як толькі апрытомнеў, схаваўся на сенавале і да самай зары праседзеў там, затым, прыбегшы дадому, доўга запісваў свае перажыванні, развагі, якія мучылі яго ўсю ноч, а пасля, у хаце, раптоўна выліліся ў вершаваныя радкі.
Ён не помніць зараз тых вершаў, захавалася толькі тое, што пісаў ён пра злых людзей, пра тое, што хоча бегчы ад іх, куды павядуць вочы, каб не бачыць барвовай, акрываўленай спіны сябра свайго Янкі, не ведаць несправядлівасці і гора.