Як кіпела тады ў Паўлюку нястомная прага ведаць болей, як хацелася яму сваім розумам зазірнуць у далёкае мінулае, вызнаць тое, аб чым пісалі даўнейшыя мудрацы! Якой моцнай была вера ў тое, што лёс яму прызначаны незвычайны, што ёсць у ім дар, які даецца нямногім!
Пра гэты дар не раз гаварыў яму і настаўнік:
— Можа, табе, сын мой, адпушчана першаму расказаць усяму свету пра народ свой?
I была ў яго голасе здзіўленасць і нейкая добрая задуменнасць. А аднойчы запрасіў у свае сціплыя пакоі, паказаў паліцы, на якіх стаялі старадаўнія кнігі, рукапісы (збіраў ксёндз старыя, абгарэлыя, знявечаныя кнігі, пераплятаў іх, вяртаў да жыцця). Папрасіў пачытаць свае вершы. Пасля доўга маўчаў. Паклаў выхаванцу на галаву цяжкую даланю, прапахлую зямлёй і ладапам, і горыч адчулася ў ягоным голасе:
— Міру вучу цябе, дзіця маё, але ведаю — цяжкая доля цябе чакае... Балюча будзе тваёй душы — не тыя песні яна спявае...
Прарочымі аказаліся тыя словы, не раз успамінаў іх Паўлюк. Але тады, выслухаўшы настаўніка, тут жа забыўся на іх — сіла маладосці, няведання кіпела ў ім, не баяўся ён будучыні. А між тым бяда, як чорная хмара, уставала над іх сялом — відаць, бачыў яе стары ксёндз, але не мог нікому сказаць пра тое. Быў і ён паднявольны, ведаў, што перадаюць ягоныя словы каму належыць. Ды і што мог ён тады сказаць малому хлапчуку? Што панна Антаніна Радзівіл, адзіная наследніца князя Мацея, уладара навакольных земляў, выходзіць замуж за шляхціца Станіслава Юрагу, а той вядомы ў ваколіцы сваёй ненасытнай прагавітасцю і драпежнасцю?
Тады ішла вясна. Сакавітай зялёнай травой ляжаў луг, над ракой Шчарай ляталі дзікія гусі. Празрысты, духмяны, лашчыў твары дзяцей ранішпі вецер. Паўлюк, які з братамі вёз з лесу дровы, саскочыў з каня і кульнуўся ў маладую траву — кажуць, перад навальніцай трэба кульнуцца тры разы, тады не заб'е цябе ніякая малання. Устаў — і пачуў крыкі і плач, што несліся з вёскі. А пасля даведаўся аб тым, што пан Юрага, стаўшы гаспадаром наследных земляў панны Радзівіл, вырашыў прыбраць да прагных сваіх рук і крошынцаў. Ведаў ён, што даўно, яшчэ пры Каролю Радзівілу, дадзена была крошынцам вольная, ведаў пра гэта, але загадаў ашуканствам украсці яе ў старасты, і ад таго пасля павесіўся стараста, не вынесшы ганьбы. А пакуль павінны былі крошынцы рабіць на пана Юрагу, як прыгонныя. З вольных у прыгонныя! — не згаджаліся на гэта мужыкі, і таму выклікаў пан Юрага ў Крошын салдат. Не баяўся ён ні суда божага, ні суда свецкага — сваяк яго князь Радзівіл быў маршалкам у Навагрудку!
Прайшлі праз шпіцрутэны амаль усе мужыкі і падлеткі Крошына, а ўлады пачалі пільна прыглядацца да таго, што дзеецца ў парафіяльнай школцы. I дачакаліся — аднойчы прачытаў Паўлюк вершы аб крошынскіх падзеях — кроўю і гневам былі напоены там радкі...
Так ён апынуўся ў салдатах. I гэта было другое яго жыццё, якое ён ужо не спадзяваўся пражыць да канца.
Ды літасцівым быў лёс — вярнуўся Паўлюк у Крошын, завёў гаспадарку, прыдбаў павагу акружаючых. Жыві сабе ды жыві, забудзься на салдатчыну, на шпіцрутэны, на крыўду, якою захлыналася сэрца.
Жыві сабе, Паўлюк!
Нашто ж зноў устае каваль, бярэ ў рукі пяро і спрабуе вывесці нязграбныя, непаслухмяныя літары на кавалку старога пергаменту, выцвілага ад часу, які адшукаў ён у касцельных сховішчах?
Але зноў не тое, не тое! Адчай скажае твар каваля, і ён робіцца страшным, быццам апантаным пякельнай сілай.
Цікаўны сусед, што ўстаў па патрэбе з печы і, не вытрымаўшы, цікаўна зазірнуў у акно, бачыць твар каваля і, спалоханы, хрысціцца, а пасля таропка ідзе прэч.
...I папаўзла па Крошыну чутка, што ўсялілася ў каваля Багрыма нетутэйшая сіла, ператварыўся ён у ваўкалака. Таму і не спіць начамі, і блукае да самых пеўняў у лясах і балотах. I хаця выкаваў ён для боскага касцёла нечувана прыгожую жырандолю, усё роўна не будзе душы яго паратунку...
ПАД НАГАМІ НАШЫМІ
Ішоў па воласці падарожны, і быў той падарожны чарнарызцам. I штогод, вясной і летам, хадзіў па дворышчах і вервях, слухаючы, што дзеецца на свеце, а калі ішло на зіму, вяртаўся ў келлю і пісаў кнігу – летапісам называлі яе.