Выбрать главу

Праходзячы каля нейкага сяльца, зайшоў ён да златакаваля Другіні, сына Ізмаравага.

Вялікую славу прарочылі таму майстру, здзіўляў ён усіх умельствам сваім. I стаяла імя яго на вырабах, якія куплялі ў князя нават іншаземныя гандляры.

Шмат дзён і начэй гасціў там падарожны, а калі сабраўся ў дарогу, прыйшла ў сяльцо бяда: наляцелі на яго чужынцы-варагі.

Нікога не шкадавалі яны — ні дзяцей, ні старых, і ўпаў, паранены паганай стралой, падарожны, але яшчэ бачыў ён, як абараняўся малады майстра, пакуль не скалолі яго так, што не засталося на целе жывога месца.

У старога ж рана аказалася лёгкаю — у плячо,— і ён ачуняў і пайшоў далей ад папялішча.

А калі вяртаўся ў манастыр, убачыў у беднай істобцы падлетка, і той, трымаючы ў руках наруч, вугалем змалёўваў з яго ўзоры, а ўнутры гэтага шырокага бранзалета стаяў знак майстра Другіні.

На пытанне: «Дзе ўзяў наруч і навошта так робіць?» адказаў отрак, што знайшлі яго ў забітага ворага і ўразіла яго ўмельства майстра.

Вярнуўся падарожны ў манастыр і пра ўсё, што бачыў, расказаў ігумену Пафнуцію і прасіў яго дазволу напісаць пра гэта.

Але пасмяяўся з яго ігумен і сказаў, што чакае манаха кара, калі не тое, што патрабуецца, не тое, што дазволена, будзе запісана ў летапісу.

I напісаў летапісец пра звады княжацкія, пра ззянне невядомага свяціла, пра гасцей заморскіх.

А пра майстра Другіню не напісаў.

А вечарам, седзячы ў трапезнай за міскай журу, адчуў ён у сэрцы вялікую журбу і, не вытрымаўшы, казаў браціі:

— Вось ідзём мы па дарогах, і шмат касцей чала-ечых пад нагамі нашымі...

Тыя, што пракладалі дарогі,— што засталося ад іх? Адны косці, і тыя трухлеюць і рассыпаюцца...

Можа, ішлі яны таксама, поўныя сіл, і думалі, што будуць жыць вечна і што слава іх дасягне нябёсаў...

Ашукаліся — ды хіба дарэмна ішлі? Вось крочым цяпер мы, успамінаем іх і ўдзячныя назаўсёды ім, першым...

Хай мы слабыя духам, адступаем — што з таго? Царствы рассыплюцца, вецер развее каменныя збудаванні, а след, які праклалі першыя, застаўся... I хаця імёны іх і вобразы сцёрліся — што з таго?

СВЯТАСЛАВА

Лось, якога высачылі яшчэ з учарашняга дня і амаль загналі княжацкія дружыннікі, знік, нібыта скрозь зямлю праваліўся. I хаця Рагвалод, прышпорыўшы каня, усё яшчэ шалёна гнаў яго між высачэзных соснаў, увесь час прыгінаючыся, каб не выбіў вочы які сук ці галінка, прадчуванне ўдачы знікала, шырокі ласіны круп, што мільгаў у маладым сасняку, болей не паказваўся.

Рагвалод рэзка нацягнуў повад і спыніў каня, які цяжка дыхаў, кусаў жалезную вуздзечку, і крывавая пена ляцела на зямлю.

Не чуваць было ні хрыплага гаўкання ганчакоў, ні крыкаў загоншчыкаў. Сосны, абкружаныя пабляклымі кронамі асін і бяроз, кустоўнікам, зараснікамі маліны, мерна пагойдваліся, і там, уверсе, нешта бесперастанна гудзела, як бы і на самай справе жыло там нешта жывое, магутнае... Грыдні адсталі ад княжыча, і ён неспадзявана для сябе самога апынуўся ў лесе адзін.

Рагвалод выняў з сядзельнай торбы рог. Працяжны покліч як ускалыхнуў нетры: з дрэваў пырхнулі птушкі, нешта вогненна-рыжае мільганула ў кустах, мацней затрымцелі лісты асіны. Але адказу не было: далёка ад сваіх адарваўся княжыч, у глухое, нежылое месца завяла яго пагоня! Стаміўшыся, ён апусціў руку, праехаў яшчэ наперад, аглядаючыся,— і нечакана ўбачыў непадалёк дзяўчыну. У кабаце, што быў накінуты на грубую кашулю, падол якой пакрывалі пырскі балотнай твані, у лапцях, яна трымала ў руках лубянку з журавінамі. Танны металічны абручык на галаве блішчаў паміж позніх асенніх кветак. Дзяўчына стаяла, прыхіліўшыся да сасны, і княжыч не адразу ўбачыў калчан са стрэламі, які вісеў на яе плячы. Ён пад'ехаў бліжэй.

— Гэй ты! — крыкнуў ён.— Ці далёка да горада?

Яна ўсміхнулася прыветліва, спакойна адказала:

— Княжычу трэба павярнуцца ад сонца і ехаць увесь час, каб глядзеў Ярыла яму ў патыліцу. Не справа, не злева, а ззаду!

Яна абвяла свабоднай рукой паўкруг, паказваючы, як трэба яму ехаць, і тады ён убачыў, што калчан, з якога тырчалі жалезныя стрэлы, упрыгожаны касцяной накладкай такой тонкай работы, якая павінна была ўпрыгожваць хіба толькі яго рэчы — яго, наследнага княжыча, а не яе, дачкі смерда. З-за пляча ў яе тырчаў лук, і гэта напомніла яму гісторыю пра нейкую паганскую багіню, якая таксама палявала на звяроў і птушак, а ўрэшце зацкавала сабакамі юнака, які падгледзеў яе ў час купання. Гісторыю тую расказаў вясёлы госць, што прыехаў з далёкіх арабскіх краін мяняць тканіны, сасуды з духмянасцямі і ўпрыгожанні на лён, скуры і воск. Княжыч прыпомніў яго расказы і ўсміхнуўся такому параўнанню. А дзяўчына тым часам адвярнулася ад яго, каб пайсці сваёй дарогай, нібыта кожны дзень бачыла яна перад сабой знатных людзей.