— Ты... пачакай! — разгублена крыкнуў ёй услед княжыч. I — раззлаваўся: — Чаму не пакланілася? Не бачыш, хто перад табой?!
Яна спынілася, здзіўлена абярнулася.
— Ну! Я табе кажу — на калені!
— Я не рабыня твая, княжыч! — Яна бліснула гнеўным поглядам, матнула галавой, горда папраўляючы лук за спіной. I гэта раззлавала яго яшчэ болей. Ірвануўшы каня, ён у імгненне апыпуўся каля непакорнай і замахнуўся цяжкім скураным бізуном.
Яна не спалохалася, не адхіснулася, толькі на кароткую хвілю звузіліся яе вочы — светлыя, колеру чыстага веснавога неба, і палыхнулі на загарэлым твары гневам і абурэннем. I чамусьці апусцілася паднятая яго рука.
Глядзі ты — яна прыгожая! Сапраўдная красуня! Не параўнаць з ёю Васількоўну, дачку суседняга князя, да якой нядаўна адпраўлялі сватоў! Ён чамусьці аблізнуў перасохлыя вусны, спытаўся, каб парушыць злавесную цішыню:
— Бач якая... Клічуць цябе як, дачка чыя?
— Святаслава, княжыч. А бацьку з маці не назаву табе, не хачу бяду ліхую наклікаць на іх галовы.
— Не ліхаімец я, пашто мне караць тваіх бацькоў! А імя чаму табе далі мужчынскае, ды такое, якое баярыну прыстала, а не простай халопцы? Няўжо хрысцілі цябе ў царкве?
— Маці хрысціла, употай ад бацькі. Была яна дачкою багатага купца, а палюбіла бацьку — і пайшла за ім у лясы дрымучыя... Імя ж мужчынскае таму, што сына вельмі чакаў бацька і не хацеў ён змірыцца з тым, што дачка нарадзілася.
Яна адказвала складна, так, як быццам і сапраўды не баялася яго, і твар яе стаў інакшым — зноўку прыветлівым і простым. А пасля падхапіла лубянку, якую паставіла на асеннюю зямлю, і наважылася ісці далей.
Не ведаў ён, пра што яшчэ гаварыць, каб засталася, каб вочы яе зноў сталі светлымі і ласкавымі. Юным быў яшчэ княжыч, а яна, хаця і здавалася равесніцаю, гаварыла, як сталая з малым яшчэ хлапчанём... Конь ціха ўжо ішоў за ёю, і гэтаму таксама падзівіўся княжыч — надта прывык ён, нягледзячы на маладосць, што чырванеюць баярскія дочкі, сустракаючыся поглядам, што халопкі робяцца ніжайшымі, калі ён праходзіць міма, і конь яго быў капрызлівы, гарачы, па аднаму знаку гаспадара мог збіць магутнымі грудзьмі чалавека і, як ні ў чым не бывала, праскочыць далей па безданаможнаму целу!
— А ў лесе адна не баішся? — загаварыў ён нарэшце.
— А хіба адна я, княжа? — коратка глянула на яго дзяўчына і лёгка тарганула плечуком, на якім вісеў лук.— Маю добрага абаронцу і сябра!
— Няўжо ён так добра аберагае?
— I не толькі ён. Племя наша пайшло ад Сварожыча, і не можа з намі бяда якая здарыцца ў лесе.
— Няўжо і мядзведзь нікога не задзірае, і воўк каля вашага племені ягнём робіцца?
— Не смейся, княжыч. Мядзведзь задзірае ці воўк — гэта Сварожыч гневаецца, значыць. Аднак загаварылася я з табою — дзед мой, відаць, зачакаўся. Будзе мне ад яго!
— Пастой! — яшчэ раз закрычаў услед Рагвалод.— Дзе жыве тваё племя?
Яна адмоўна хітнула галавой і так хутка знікла ў пажоўклым бярэзніку, які рос каля сцяжынкі, што ён не паспеў спыніць яе ці заўважыць, куды накіравалася дзяўчына. Разгублены, доўга стаяў Рагвалод каля сцяжынкі, глядзеў на тое месца, дзе лёгка матлянулася па сухіх сцяблінах іван-чаю грубая кашуля Святаславы...
Дабраўся ў горад ён толькі глыбокай ноччу. Ярка асветленыя, нягледзячы на паўночны час, стаялі княжыя палаты, чэлядзь і грыдні з палаючымі смалякамі бегалі па двары: толькі што прыехаў з пагароддзя стары князь, і на двары білі начальніка атрада, што суправаджаў княжыча на паляванне і ўпусціў яго... Рагвалода сустрэлі аглушальнымі крыкамі радасці — яшчэ не вярнуліся першыя дружыннікі, што былі пасланыя ва ўсе бакі з наказам адшукаць яго. Не звяртаючы ні на каго ўвагі, малады княжыч прайшоў у свае пакоі, і там, у спальні, асцярожна зняў з яго, соннага, адзенне і чырвоныя саф'янавыя боты дзядзька-чалядзінец, і сонныя дваровыя дзеўкі пры святле лучын мылі і чысцілі прапахлы потам каптан, бярозавым дзёгцем начышчалі новыя — чорныя боты, якія паставілі ўжо на світанні пад дзверы святліцы.
Прачнуўся Рагвалод позна, і адразу ўзнікла ў ягонай памяці сустрэча ў лесе, размова з дзяўчынай, раптоўнае яе знікненне. Але адразу апякла крыўда на Святаславу і помслівы гнеў — не сказала, дзе жыве яе племя, не пакланілася на развітанне, а самае галоўнае — не захацела, відаць, болей бачыць яго і пайшла сабе гордая, незалежная, як быццам і не жыве на свеце ён, Рагвалод, наследнік княства, пасля бацькі гаспадар пад тутэйшай зямлёй і ўсім, што жыве на ёй, што расце, дыхае!