Выбрать главу

Крыкнуў чалядзінца. А калі ўбег той у святліцу, прыніжана згінаючыся ў паклоне, загадаў прывесці да сябе сына тысяцкага, самага хітрага і пранырлівага воя з усёй дружыны. Ведаў Мядзведзь таемныя сцяжынкі, па якіх прыходзілі ў горад з цёмных акружных лясоў вольныя людзі, прыносілі на продаж воск, лён, свае няхітрыя вырабы, Але не самі прадавалі іх — перакупшчыкі нажывалі на тым нямала грыўнаў, бо не асмельваліся паказвацца ў гандлёвых радах людзі, якія дзесяцігоддзямі хаваліся ад княжацкіх пабораў і хцівасці. Ведаў хітры сын тысяцкага многіх са жрацоў, што спраўлялі свае трэбы ў патаемных капішчах Перуна, Сварога, Дажбога, ведаў і тых, у чыіх сем'ях на бацькоўскую суботу ці дзяды закрываліся ручнікамі твары праваслаўных святых і вымаліся са сховішчаў драўляныя ці касцяныя паганскія богі,— але маўчаў, таму што тайнае веданне — вялікая сіла, і дае яна вострую асалоду ад думкі, што, калі спатрэбіцца, ведае ён, на што націснуць, каб зрабіўся ў ягоных руках самы цвёрды, жалезны чалавек мякчэйшым за воск...

Праз два дні ехаў Рагвалод разам з Мядзведзем у лес. Ведаў ён цяпер, што жыла Святаслава ўдваіх з дзедам: маці памерла пры родах, а бацьку яе, паляўнічага, загрызла мядзведзіца. Жыла дзяўчына ў самай глушэчы, асобна ад племені, і даводзілася дзеду яе, Няжыле, дапамагаць унучцы пры рабоце, хаця ён амаль аслепнуў і хадзіў, тыцкаючы перад сабой палачкай. Але каб адшукаць лагчыну, дзе адзінока стаяла хата і пуня, нямала давялося паблукаць па лесе нават хітраму Мядзведзю! Збянтэжаны, ён быў наважаўся вярнуцца, не паднімаючы вачэй на княжыча, але зусім нечакана ўбачылі лагчыну і рачулку побач.

Коні імгненна дамчалі іх да хацінкі, і Рагвалод таропка рвануў пахілыя, счарнелыя дзверы.

Спачатку здалося — у хаце нікога няма. Але паступова вочы прывыклі да цемры, і тады ўбачыў княжыч нізкуіо печ, складзеную з гліны і рачных камянёў, якую палілі па-чорнаму, няўклюдны драўляны тапчан, які закрывалі цяжкія аўчыны. А побач з тапчапам, на пачарнелым дубовым кругляку, сядзела яна, Святаслава, закусіўшы вусны, глядзела на няпрошаных гасцей. На ёй была тая ж кашуля, толькі на галаве цяпер быў замест абручыка вузкі палатняны ручнічок. З-пад пасконіны выглядалі вузкія ступні, па каленях яе, расстаўленых шырока, па-мужчынску, ляжалі раскідзістыя ласіныя рогі. На лаве, перад Святаславай, дымілася варам ендава [1], у якой ляжала пекалькі зрэзаных атожылкаў. Тут жа ляжалі лучковы бураўчык са скураной цецівой, жалезны цыркуль, некалькі каменных разцоў — усё, што патрэбна для рэзчыка. Насупраць печы, пад бажніцай, на стале ляжалі ўжо гатовыя вырабы: грабеньчыкі з разьбянымі спінкамі, прыгожыя касцяныя гузікі, накладкі на калчаны ці шчыты. Стаяў Дажбог, выразаны з белага буку і ўжо задымлены. Рагвалод, сустрэўшы яго сляпы погляд, здрыгануўся — такой грознай і ўпартай сілай павеяла ад шырока расстаўленых вачэй паганскага бога.

Ён уладна махнуў рукой Мядзведзю, што паказаўся на парозе, відаць, спачатку прывязаўшы коней, і той адступіў у сенцы. Чутно было, як ён пайшоў ад хаты, насвістваючы.

— Добры дзень,— парушыў тады маўчанне Рагвалод.

Яна ўстала, нялоўка адкінуўшы ўбок ласіныя рогі, нізка паклапілася яму.

— Тут кланяешся, а ў лесе не захацела? — ціха сказаў ён.

— Ты тут госць. Сядай,— кіўнула яна на стол, над якім на бажніцы стаяў вялікі стары Сварожыч.

— Няма калі. А прыехаў я за табой,— змрочна адказаў княжыч.

— За мной? — яна адступіла, зноў прысела на кругляк. Сінія вочы яе бліснулі, губы сцяліся.

— Узяць хачу ў княжы двор цябе... не пашкадуеш... апрану ў заморскія тканіны...— і ўжо смялей закончыў: — Кахаць буду, і пакрыўдзіць цябе ніхто не пасмее...

Яна маўчала, глядзела яму ў вочы, як быццам шукала нешта. Нарэшце адказала ціха, як бы раздумваючы:

— Як жонку — не возьмеш, не пасмееш. Як рабыню — не жадаю!

Не помнячы сябе, схапіўся быў княжыч за меч, але апамятаўся, крутануўся на месцы — і кінуўся да дзвярэй.

...Наступнай раніцай, ледзь сышла з неба зара-зараніца і крануў вогненны Ярыла вяршаліны магутных соснаў, у бор, дзе стаяла хацінка, наляцелі коннікі.

Цяжкія ўдары сарвалі дзверы з вяртлугаў. Мядзведзь першым кінуўся ў хату. Стары Няжыла, выставіўшы наперад рукі, хрыпла пытаўся:

— А што вам тут трэба, добрыя людзі?

Але магутны штуршок дружынніка адкінуў яго да печы. Падаючы, стары ўдарыўся сівой галавой аб вугал печы. Пасыпаліся з бажніцы драўляныя і касцяныя фігуры паганскіх багоў. Некалькі дружыннікаў рынуліся да кругляка, на якім нерухома сядзела Святаслава, якая звязала ў вузел усё самае каштоўнае, што было ў яе, каб ісці разам з дзедам яшчэ далей у гушчар — ратавацца. Не паспела: перад світаннем хадзіла ў месца запаветнае, заклінанні чытала Зары-зараніцы: «Закрый ты мяне, дзявіца, Зара-зараніца, ад сілы варожай, ад стралы паганай, ад косці, ад жалеза, ад сталі і медзі». А пасля ў ранішняй расе купалася, каб зняла раса ранішняя, некранутая, чары, што прываражылі на бяду княжыча... Не, не дапамагло, як не дапамог вялікі Сварожыч, што валяецца ў куце, расшчэплены мячом булатным...

вернуться

1

Ендава — ёмкасць.